Жывёлагадоўля

З НАРАДЫ. ЯКАСЦЬ МАЛАКА ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ЧЫСЦІНІ НА ФЕРМАХ

Навядзенне парадку на фермах на сучасны момант актуальнае, бо сёлетні год аб’яўлены годам культуры ў шырокім сэнсе гэтага слова. Падтрымліваць чысціню менавіта ў жывёлагадоўчых памяшканнях – абавязак кожнага работніка фермы, бо ад гэтага напрамую залежыць якасць малака. Немагчыма атрымаць якасную прадукцыю там,  дзе няма элементарнага парадку. На гэтым пастаянна завастрае ўвагу старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. І робіць выснову, што гаспадаркі недаатрымліваюць грошы менавіта па прычыне невысокай гатунковасці малака. А магчымасць прадаваць яго гатункам «экстра» ёсць у кожным калектыве. Неабходна толькі як след арганізаваць работу.

На мінулым тыдні, такая склалася практыка, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна на чале са старшынёй райвыканкама наведалі МТФ «Ячонка» ААТ «Каганец». Таварыства адно ў раёне, каму перапрацоўшчыкі залічваюць пастаўленую прадукцыю найвышэйшым гатункам. Заатэхнічнай службе ўдалося дабіцца стапрацэнтнага паказчыка. Пры гэтым людзі зразумелі сваю выгаду і выконваюць усе неабходныя аперацыі. Вопытам, вартым пераймання, дзяліліся з калегамі намеснік дырэктара Сяргей Машлякевіч і брыгадзір фермы Таццяна Клімовіч. У прыватнасці, на пастаянным кантролі наяўнасць у малацэ саматычных клетак. Лабарант робіць аналізы кожны дзень, вызначаючы адначасова тлустасць і шчыльнасць малака. Па графіку праводзяцца кантрольныя дойкі. Даяркі перад даеннем абавязкова падмываюць вымя каровы і здойваюць першыя струмяні малака. А па заканчэнні даення пламбіруюць саскі спецыяльным растворам. Хворых на мастыт кароў, якія памечаны спецыяльнай фарбай (іх, дарэчы, нямнога – васямнаццаць на 440 галоў), дояць асобна ў бачкі. Калі карова паправілася, яе правяраюць, робяць усе аналізы. Кожны чацвер на фермах праводзяцца санітарныя дні. Кармоў дастаткова, робяцца кормасумесі. Узнаўленчая работа на вышыні – на 100 кароў ад кароў летась атрымана 109 цялят. Тэхнікам-асемянатарам тут працуе лепшы спецыяліст не толькі ў раёне, а і ў рэспубліцы – Галіна Канатка.

Здавалася б, проста, але за ўсім патрэбен пастаянны і неаслабны кантроль. У гэтым упэўніліся падчас наведвання фермы. Пры ўсім станоўчым, на жаль, у гэты дзень убачылі і адмоўнае. З-за адсутнасці на працягу некалькіх дзён апілак у памяшканні было брудна, каровы стаялі не пачышчаныя. Адладжаная сістэма кантролю раптам дала збой і ў выніку – адразу амаль на 20 працэнтаў знізілася якасць рэалізаванага з фермы малака. Кіраўнік раёна звярнуў на гэта ўвагу. І падкрэсліў, што ад навядзення чысціні і парадку многае залежыць. Апошняе слова тут не толькі за даяркамі, а і за  спецыялістамі. Згадаў, што па якасці малака наш раён саступае па паказчыках іншым раёнам вобласці. Толькі 18 працэнтаў ад агульнай колькасці рэалізаванага малака залічваецца гатункам «экстра». А калі б гэта была палова, то дадаткова «знайшлося б» штодзень 50 мільёнаў рублёў. Дырэктары сельгаспрадпрыемстваў павінны аб гэтым задумацца.

Пабывалі кіраўнікі гаспадарак у цялятніку. У памяшканні чыста і цёпла. Жывёла ўкормленая. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бычкоў складаюць больш за кілаграм, а цялушак дасягаюць 850 грамаў. Уся жывёла камолая. Прычым абязрожванне вядзецца ў гаспадарцы на працягу пяці гадоў. І гэта дае плён. Даказана на практыцы, што бязрогія каровы больш спакойныя і даюць за год на 10 працэнтаў малака больш за рагатых.

Юрый Мікалаевіч зазначыў, што, патрабуючы ад людзей належнай работы, неабходна ствараць ім і бытавыя ўмовы. Варта дадаць, што ў таварыстве аб жывёлаводах праяўляецца клопат. І на гэтай ферме летась адрамантаваны  кабінет брыгадзіра, бытоўка і душавая, побач з якой зроблены туалет. А ўвогуле, як падкрэсліў кіраўнік раёна, зімова-стойлавы перыяд – час для рамонту фермаў. Тым больш, што цяпер ёсць магчымасць рабіць яго намнога танней. Сельгасарганізацыям (ёсць адпаведны дакумент) дазволена нарыхтоўваць драўніну самастойна. І гэта трэба актыўна скарыстоўваць, бо ў большасці гаспадарак ёсць свае піларамы.

У рабоце нарады прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка, які адказаў на некалькі пытанняў, што турбуюць кіраўнікоў. У прыватнасці, дыскусія вялася аб закупачнай цане на рэалізаванае малако. На розных заводах рэспублікі кошт аднаго літра неаднолькавы. Мікалай Міхайлавіч узяў пытанне на заметку. І згадаў, што да мая ў Нясвіжы мяркуецца ўвесці ў строй завод па вытворчасці дзіцячага харчавання, з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій вырабу прадукцыі. Спатрэбіцца сыравіна, цана на якую мае быць высокай. У кожнай гаспадаркі раёна ёсць магчымасць, і не трэба яе ўпускаць, заключыць з заводам дагавор і ўвайсці ў сыравінную зону, але пастаўленае малако абавязкова павінна быць высакаякасным.

У сувязі са складанымі пагоднымі ўмовамі і неабходнасцю ачысткі дахаў жывёлагадоўчых памяшканняў ад снегу супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прадэманстравалі прысутным работу спецыяльна зробленага дзеля гэтых мэт прыстасавання.

Напрыканцы нарады ў Засульскім сельскім Доме культуры былі падведзены яе вынікі.

 

ВЫНІКІ ГОДА. ПЕРАСЯГНУЛІ ПЯЦІТЫСЯЧНЫ РУБЕЖ

На малочнатаварных фермах раёна летась надоена 8367,2 тысячы тон малака. Прыбаўка неблагая – 490,1 тысячы тон. Найбольшая валавая прыбаўка ў ААТ «Вішнявецкі-агра», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ААТ «Каганец». У гэтых сельгаставарыствах высокі і плюс па надоях малака ад каровы. Зніжэнне валавога надою дапусцілі толькі дзве гаспадаркі – ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і «Шашкі». Па ўсіх каналах збыту рэалізавана 75,9 тысячы тон прадукцыі, што склала 110,3 працэнта да мінулагодняга паказчыка. Па вытворчасці малака і мяса паступова падымаюцца на вышэйшыя прыступкі жывёлаводы ААТ «Каганец», якія трывала замацаваліся на трэціх пазіцыях. Утрымліваюць чацвёртыя месцы работнікі ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». З апошняга на 11-ты радок у рэйтынгавай табліцы перамясціліся па выніках работы мінулага года працаўнікі малочнага цэха СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Нарошчваюць вытворчасць малака жывёлаводы ААТ «Вішнявецкі-агра», якія ўшчыльную наблізіліся да пяцітысячнага рубяжу.

Таварнасць малака па раёне склала 89,8 працэнта, а самая высокая у ТАА «СЖК «Налібакі» – 92,2 працэнта.

Летась вырашчана 6691,9 тоны мяса ялавічыны ў жывой вазе, што на 656,1 тоны больш, чым за папярэдні год. Па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе бычкоў спрацавалі з мінусам толькі два сельгаставарыствы, а ў пазамінулым годзе – сем. На свінатаварным комплексе ААТ «Вішнявецкі-агра» вырашчана 696,6 тоны мяса свініны, у 3,2 раза больш папярэдняга года. На вытворчых плошчах СЗАТ «Агракамбінат «Колас»  – 7063,8 тоны мяса птушкі, плюс – 2721 тона.

 

Лідзіруе Лідзія Рымашэўская

Па выніках работы за мінулы год пераможцам у індывідуальным спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення стала Лідзія Рымашэўская з МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», якая надаіла ад кожнай каровы сваёй групы  9034 кілаграма малака, што на 247 кілаграмаў больш, чым пазалетась. Другі вынік у яе калегі  Ніны Зяньковіч – 8868 кілаграмаў, прыбаўка склала 256 кілаграмаў. Трэці паказчык мае Алена Вялічка з МТФ «Цэнтр» ТАА «СЖК «Налібакі» – 8776 кілаграмаў, плюс 48 кілаграмаў. Перасягнулі рубеж 8,5 тысячы кілаграмаў Святлана Рынкевіч (ТАА «СЖК «Налібакі»), звяно даярак з ААТ «Вялікі Двор» у складзе Наталлі Хмель, Таццяны Ціменка, Наталлі Мяшок, Алены Швагерус і Людмілы Марзалюк, васьмітысячны – Іна Дзядовіч (ААТ «Агранёманскі»), Алена Гаптар (ТАА «СЖК «Налібакі»), Святлана Нагорная (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»).

 

П’едэстал занялі налібаччане

Выдатна спрацавалі за мінулы год тэхнікі-асемянатары ТАА «СЖК  «Налібакі». Выхад цялят на 100 кароў ад кароў увогуле па таварыстве склаў 111 галоў, што на 19 больш за паказчык папярэдняга года. Здатныя і ўмелыя спецыялісты занялі ўвесь п’едэстал. Лепшы паказчык ў Святланы Даргевіч, якая працуе на МТФ «Целяхі» – 118 цялят, плюс 24. Другое месца у Алены Шапялевіч з МТФ «Церабейнае» і трэцяе – у Валянціны Мусік з МТФ «Цэнтр». Іх вынікі адпаведна 112 і 111 цялят. Варта дадаць, што ўсе жанчыны не так даўно ў гэтай прафесіі, у нядаўнім мінулым усе яны працавалі аператарамі машыннага даення. У Таццяны Міхно з МТФ «Пруды» паказчык 102 цяляці. Галіна Канатка атрымала летась 109 цялят, а Аксана Галавач – 101 цялё,  абедзве працуюць у ААТ «Каганец». Аляксандр Пазняк з ААТ «Шашкі» мае вынік 107 цялят.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара