Старонкі памяці

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары

НАШЧАДКІ БАЯВОЙ СЛАВЫ

«Афганцы»… Воіны-інтэрнацыяналісты Стаўбцоўшчыны – гэта баявое брацтва, сіла духу, мужчынскі характар, асобыя аўтарытэт і ўзаемавыручка… Калі яны крочаць па вуліцах нашага горада ў Дзень Перамогі або ў Дзень Рэспублікі сваёй калонай, адзіным салдацкім строем, пазвоньваючы баявымі ўзнагародамі, то абсалютна няма сумнення: яны – пераемнікі ветэранаў Вялікай Айчыннай, яны – нашчадкі баявой славы і яе сучасныя носьбіты. Таму на іх плячах, яшчэ адносна маладых людзей і, разам з тым, умудроных жыццёвым вопытам, ляжыць адказнасць за будучае – за тое, якім вырасце падрастаючае пакаленне, што панясе яно ў дзень заўтрашні. Па вялікаму рахунку – «пукаўкі-стралялкі» з камп’ютара  або замілаванне родным краем?..

Воіны-інтэрнацыяналісты, верныя сыны Стаўбцоўшчыны, наведваюцца ў школы і ўпрыгожваюць сваім брацтвам раённыя і абласныя святы, фестывалі, марафоны… Падчас правядзення раённага дня прызыўніка яны дзеляцца перажытым армейскім вопытам з сённяшнімі прызыўнікамі. Гэта стала добрай традыцыяй. І моладзь, трэба сказаць, пацягнулася да воінаў-інтэрнацыяналістаў, кожны з якіх па-свойму імкнецца быць прыкладам для яе.             

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЗВАРОТ ДА ЖЫХАРОЎ ГОРАДА І РАЁНА

У 2015 годзе мы святкавалі 70-годдзе Вялікай Перамогі. Яе лёсавызначальнасць для краіны будзе вечнай. І колькі б гадоў ні прайшло, мы заўсёды будзем шанаваць подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія вызвалілі родную зямлю і заваявалі незалежнасць. У нашым раёне налічваецца 75 помнікаў воінскай славы, мемарыялаў, адзінокіх і брацкіх магіл. Усе помнікі і памятныя знакі замацаваны за суб’ектамі гаспадарання раёна.

У 2015 годзе ў раёне праведзены работы па добраўпарадкаванні мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызанаў Вялікай Айчыннай вайны, пахаванняў у месцах масавай гібелі грамадзянскага насельніцтва (абноўлены надпісы, прыбрана прылеглая тэрыторыя, адрамантаваны і пабелены дрэвы і пастаменты абеліскаў, пафарбаваны агароджы і надмагіллі, пасаджаны кветкі). Былі ўсталяваны новыя помнікі на пяці воінскіх пахаваннях. Абнаўленне помнікаў будзе працягнута і ў гэтым годзе.

Жыхары пасёлка Наваколасава звярнуліся з ініцыятывай добраўпарадкаваць тэрыторыю брацкай магілы савецкіх воінаў і партызанаў у пасёлку Наваколасава з частковым бягучым рамонтам помніка. Гэтую ініцыятыву падтрымлівае і раённы выканаўчы камітэт.

Паважаныя жыхары горада і раёна, заклікаем вас прыняць пасільны ўдзел у акцыі па зборы сродкаў на капітальны рамонт воінскага пахавання. Юрыдычныя і фізічныя асобы могуць пералічыць сродкі на разліковы рахунак Наваколасаўскага сельскага выканаўчага камітэта 3641062400559, УНП 601061348, АКПА (ОКПО) 293445656, код банка 153001601, ф-л № 624 ААТ «ААБ Беларусбанк».

 

ДАКРАНУЦЦА ДА ГІСТОРЫІ

Вайна адгрымела даўно, і мы, сённяшняе пакаленне, ведаем пра яе толькі з кніг ды фільмаў.

Старшакласнікі Шашкоўскай сярэдняй школы трымаюць шэфства над помнікам-абеліскам загінуўшым у час вайны падпольшчыкам і партызанам Стаўбцоўшчыны каля вёскі Зуберава. У іх абавязкі ўваходзіць падтрымліваць тут чысціню і парадак. Да знакавых датаў, як 9 Мая, дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вучні заўсёды наведваюць гэтае памятнае месца.

 Мяне вельмі ўсхвалявала велічнасць і маўклівая суровасць абеліска.  Сярод векавых дрэў ён цягнецца ў неба, нібы абпаленая вайной і горам душа, што высока ўздымаецца над вершалінамі соснаў. Тут адразу задумваешся аб здзейсненым нашымі воінамі  подзвігу, аб іх магутнай сіле духу, аб вялікай любові да сваёй зямлі, якую яны баранілі ад фашысцкіх захопнікаў.

Навёўшы парадак ля абеліска, вучні рушылі да партызанскай зямлянкі, якая знаходзіцца тут жа, побач. Мы бачылі зямлянкі ў кіно, на фотаздымках, але толькі тут па-сапраўднаму адчуеш подых вайны. Старыя спарахнелыя круглякі дрэў, якімі абкладзены сцены зямлянкі, быццам давілі  цяжарам перанесеных людзьмі пакут. Хацелася ўвесь час дакрануцца да прадметаў, якія тут знаходзіліся.

Вучні хутка і з задавальненнем прыбралі мемарыяльны комплекс, але ад’язджаць дамоў зусім не хацелася. Думкі нашы былі ў далёкім мінулым, а сэрцамі мы дакрануліся да сапраўднай гісторыі.

Антон МАЗУРКЕВІЧ

 

ПЕСНІ – АД ПАЧУЦЦЯЎ ДУШЫ

Напрыканцы мінулага года давялося прысутнічаць на ўрачыстасці, прысвечанай паўвекавому юбілею торфабрыкетнага завода. На сцэну Шашкоўскага Дома культуры выйшаў артыст і заспяваў сваім моцным раскацістым голасам, у нечым падобным на голас Стаса Міхайлава. Адна песня, другая, трэцяя… Зала прымала яго на «ўра», не шкадавала воплескаў. Вядучая прадставіла, што самадзейны артыст Мікалай Канапацкі – работнік завода. Пасля канцэрта на сцэну ўзняўся дырэктар ААТ «ТБЗ Нёман» Міхаіл Камейша. Паміж словамі ўдзячнасці ў адрас Мікалая Канапацкага прамільгнула: «Не перажывайце, не пакінем вас у бядзе…»      

Калі да свядомасці дайшло – «бяда», не паверылася. Няўжо ў чалавека, з душы якога льецца песня і які так упэўнена трымаецца на сцэне, можа быць нешта кепскае?.. Але ўражанне можа быць падманлівым.

Мікалай Канапацкі – чалавек ужо немалады, і яго душэўная стойкасць сапраўды выклікае захапленне. Яго выхад на сцэну і, больш таго, шырокая ўсмешка на вуснах – гэта яшчэ адзін доказ, што ў жыцці не бывае без дабрыні і добрых людзей, што яно, жыццё, працягваецца, нягледзячы ні на якія абставіны.

– Вясной мінулага года мы прыехалі з Магілёўшчыны, – тлумачыць Мікалай Мікалаевіч. – Вырашылі з жонкай перасяліцца бліжэй да дачкі і ўнукаў. Яна ў нас адна, у Дзяржынскім раёне пражывае. Набылі на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Дружная, хату. Раней жыла ў гэтай хаце адзінокая бабуля, было такое запусценне,  занядбанасць… Наводзілі парадак. Агарод упарадкавалі. Абгарадзілі. Вяскоўцы добра да нас паставіліся. Мая жонка, настаўніца, ужо  на заслужаным адпачынку, а я пайшоў на торфабрыкетны завод вартаўніком. У кастрычніку мінулага года ў нас здарыўся пажар. Засталіся без усяго нажытага, без дакументаў…

Мужчыны, кажуць, не плачуць, але хваляванне ў голасе Мікалая Мікалаевіча адчуваецца такое, што, здаецца, вось-вось вырвецца знутры крык болю. Душэўны боль не праходзіць, хаця і іншага болю, фізічнага, яму давялося перанесці нямала. Ратуючы блізкіх і нажытае (пажар здарыўся сярод ночы), ён атрымаў апёкі і трапіў у рэанімацыю. Амаль месяц ішла барацьба медыкаў і блізкіх за яго жыццё…

І вось пасля ўсяго перажытага гэты чалавек вярнуўся ў працоўны калектыў торфабрыкетчыкаў, а таксама – на сцэну, каб дарыць свой талент людзям. Многія знаёмыя і малазнаёмыя людзі падтрымалі яго сям’ю ў бязвыхадным становішчы, не пакінулі без хлеба і вопраткі, таму Мікалаю Мікалаевічу спяваць для іх – усё роўна як маліцца за іх здароўе, за іх даўгалецце і дабрабыт. У такім творчым падарунку ёсць душэўная ўзаемнасць і асаблівая асалода, тым больш, паверце, што з мікрафонам гэты артыст-самародак становіцца сапраўдным чараўніком.

Асобная тэма для размовы – як падтрымаў свайго работніка торфабрыкетны завод. Дапамога матэрыяльная самых розных відаў ад дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта (у тым ліку было накіравана хадайніцтва на адрас галіновага прафсаюза, дапамога прыйшла і адтуль), а таксама тая, што была сабрана па ініцыятыве завадчан (хто колькі можа), – гэта адно. Пры бліжэйшым знаёмстве нельга не звярнуць увагу на такую нестандартную акалічнасць – удзел калектыву, і асабіста яго дырэктара Міхаіла Камейшы, у жыцці сям’і пагарэльцаў. Паколькі Мікалай Мікалаевіч жыве пакуль у дачкі ў Дзяржынскім раёне, а адлегласць да завода складае каля 70 км, прыстасавалі пад яго графік дзяжурстваў. Атрымалася нешта накшталт вахтавага метаду. Акрамя таго,  заводскім транспартам падвозяць на ўчастак здабычы торфу, дзе ён нясе варту,  брыкет, каб было чым ацяпляцца, пітную ваду, каб мог прыгатаваць сабе гарачую ежу. Запасам прадуктаў забяспечвае дачка Настасся, якая на ўласным аўтамабілі дастаўляе бацьку на працу. Нярэдка звоніць яму на рабочае месца дырэктар, турбуецца: «Што трэба падвезці?»

– Я рады магчымасці працаваць, – Мікалай Канапацкі спяшаецца перадаць праз газету нізкі паклон дырэктару завода Міхаілу Францавічу Камейшу: – Такіх добразычлівых людзей нямнога сустрэнеш. Я перад ім у даўгу, – і, каб пазбегнуць залішняй напышлівасці, лічыць патрэбным дадаць: – Паверце, гэта не высокія словы, так ёсць насамрэч.

Сапраўды, побач са спагадлівымі людзьмі душа адаграваецца і не адольваюць маркотныя думкі. Канапацкія, атрымаўшы страхавыя выплаты за згарэлы дом, і ад завода –  беспрацэнтную пазыку, ужо набылі сабе дом. Праўда, у суседнім, Валожынскім, раёне, таму што не знайшлі ў нашым варыянта, які б падышоў па сродках. «Ужо лягчэй, – цяплее голас Мікалая Мікалаевіча, – а бліжэй да вясны пачнём абжывацца. Матацыкл у мяне ёсць, каб дабірацца на работу. Пашпарт аднавіў, буду аднаўляць і вадзіцельскае пасведчанне».

Што і казаць, няхай дабро заўсёды вяртаецца дабром, шчасцем, людской павагай.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *