За здаровы лад жыцця

Нумары Спорт

ЗДАРОВЫ ДУХ ФІЗІЧНАЙ КУЛЬТУРЫ

“Фізкульт-ура», «фізра», «фізуха» – як толькі ні называлі гэты прадмет, што адметна вылучаўся з усіх фізік ды гаматык школьнай праграмы. Арганізм не церпіць аднастайнасці, таму пераключэнне з «сядзячай» працы да актыўнай, рухомай проста неабходна, тым больш у дзіцячым, юнацкім узросце. Сіла ёсць – розуму не трэба? Гэта не так, бо і ў футболе, і ў валейболе, і ў іншых спартыўных гульнях не адключыш галаву: неабходна, каб уся каманда дзейнічала зладжана, з пераможным настроем.

Думаю, што многія сярод сваіх школьных настаўнікаў цёпла ўспамінаюць выкладчыкаў фізічнай культуры. У маёй першай гарадской школе, якая цяпер мае статус гімназіі, гэтую навуку здароўя і калектывізму дапамагалі асвойваць Ю. П. Антонаў, В. М. Шкляр, Л. Р. Булаш. Школьных заняткаў было мала, і я з задавальненнем займаўся ў секцыі баскетбола, якую вёў Юрый Паўлавіч. А з Леанідам Рыгоравічам праводзілі трэніроўкі-маршруты на веласіпедах, якія таксама былі спартыўнай візітнай карткай школы.

Разам з узнагародамі, граматамі за плённую працу шаноўна захоўваем і спартыўныя прызы. І самі разумеем радасць рабят, якія дабіваюцца поспехаў у спаборніцтвах. А магчымасці для гэтага сёння шырокія. Прыемна рыхтаваць публікацыі ў «Прамені» аб поспехах юных спартыўных зорачак. Асабліва вызначаюцца лёгкаатлеты, сярод якіх ёсць чэмпіёны рэспублікі, вобласці. З якім захапленнем расказвае трэнер ДЮСШ, выкладчык СШ № 3 г. Стоўбцы А. М. Турчановіч аб чарговым медальным ураджаі сваіх выхаванцаў. Відавочны і плён працы В. В. Ярашэвіч, В. А. Арлоўскай, Ю. А. Кручка, Я. Ю. Рымашэўскага. Знакамітай стала Коласаўская школа падрыхтоўкі лыжнікаў, дзе шчыруюць Э. І. Варывоцкі, В. В. Кузняцоў. З іменем І. І. Корсака звязаны традыцыі развіцця шахматнай гульні, а з іменем П. І. Цімкова – настольнага тэніса. Можна яшчэ называць прозвішчы трэнераў, выкладчыкаў фізічнай культуры, якія з энтузіязмам дапамагаюць юным спартсменам загартоўваць цела і дух, фарміраваць волю і настойлівасць характараў.

У формуле спартыўных перамог абавязковая і наступная ўводная: наяўнасць належнай трэніровачнай базы. Сапраўды, пры вялікім жаданні можна і дома на турніку «накачваць» мышцы, і на школьным пляцы (называць ці не яго гучна стадыёнам?) асвойваць нешта з тэхнікі і тактыкі футбола, баскетбола, некаторых відаў лёгкай атлетыкі. Але ж зусім іншая справа, калі школа мае прасторную, з усім неабходным рыштункам спартыўную залу. А яшчэ лепш – цэлы спартыўны комплекс. Вядома, да ідэала яшчэ далёка, але і наш раён, у параўнанні з іншымі, не з горшых. Даўно на слыху дзераўнянскі «Меліяратар», гарадскі стадыён «Юнацтва» з зялёным футбольным полем – штучным пакрыццём.

Адметнай падзеяй для жыхароў не толькі райцэнтра, а і ўсёй Стаўбцоўшчыны стаў увод у эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Намаганнямі і раённага, і абласнога кіраўніцтваў даўгабуд за некалькі гадоў пераўтварыўся ў выдатны раённы Палац спорту. Акурат па традыцыі на кастрычніцкія святы адкрываліся ў рэспубліцы і іншыя аб’екты, сярод якіх сталічны комплекс фізкультурна-аздараўленчых паслуг «Мандарын». Падчас наведвання шматфункцыянальнага комплексу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка выказаў патрабаванне, каб спартыўныя аб’екты былі цалкам загружаны з раніцы да позняга вечара, каб людзі маглі займацца спортам у зручны для іх час. Кіраўнік дзяржавы лічыць недапушчальным, што спартыўныя збудаванні, у якія ўкладзены немалыя сродкі, выкарыстоўваюцца не поўнасцю, што там няма дастатковай колькасці наведвальнікаў. Вялікую ролю, падкрэсліў ён, адыгрывае і пастаянная папулярызацыя здаровага ладу жыцця і спорту.

Такім чынам, задача акрэслена дакладна. І наш ФАК, які фактычна падарылі стаўбчанам, аздобіўшы ўсё за дзяржаўныя грошы, павінен прыносіць аддачу. Найперш, вядома, у плане галоўнага свайго прызначэння – аздараўлення насельніцтва. Але ж важным з’яўляецца і акупнасць функцыянавання аб’екта, які аказвае паслугі.

Відавочна, што найбольш папулярны, запатрабаваны плавальны басейн. Нямала, асабліва маладых людзей, наведвае трэнажорныя залы. Аднак звычайна плаваюць, займаюцца сілавой падрыхтоўкай гараджане. Прыемна, што ёсць добрыя прыклады набыцця білетаў, абанементаў прафсаюзнымі камітэтамі для сваіх калектываў. І сельскія працаўнікі ў выхадны дзень, загадзя закупіўшы білеты, могуць прыехаць, каб палюбавацца цудоўным аб’ектам, прайсці курс аздараўлення.

А ў ФАКу ж ёсць яшчэ і залы, дзе можна згуляць партыю ў більярд, правесці спаборніцтвы па настольным тэнісе. Шыкоўная, сучасная і зала для правядзення спартыўных гульняў. Яна ж таксама не можа пуставаць, а павінна прыцягваць на трыбуны балельшчыкаў. Апошнім часам праведзены тут цікавыя турніры па міні-футболе. Магчымасці такой спартыўнай залы выдатна было б скарыстоўваць для маштабных спаборніцтваў і для іншых спартыўных гульняў — валейбола, баскетбола, гандбола. Праводзіць не толькі хуткацечныя турніры, а і чэмпіянаты раёна сярод камандаў працоўных калектываў.

Вядома, уклініцца ў звярстаны на год рэспубліканскі спартыўны каляндар цяпер не проста. Тым больш, што не адным стаўбцоўскім ФАКам багата спартыўная Беларусь. Аднак жа «варушыцца», як гаворым, трэба, каб пераканаць, запрасіць. Уявім запоўненыя трыбуны ФАКа падчас правядзення спаборніцтваў і абласнога, і рэспубліканскага, і, можа, нават міжнароднага ўзроўню. Глядзець па тэлевізары адно, а як у нашым горадзе!.. Ды і зорак эстрады не сорамна сюды запрасіць. А рэкорды, устаноўленыя ў стаўбцоўскім плавальным басейне! Гэта ўсё і папулярызацыя спорту, і пэўнае запаўненне мясцовага «кашалька» за кошт продажу білетаў, запаўняльнасці нумароў гасцініцы, якая займае цэлы паверх.

На адкрыццё ФАКа запрасілі славутых спартсменаў, нашых землякоў – удзельніка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Гоцкага, чэмпіёнку Паралімпіяды Вольгу Зінкевіч. Мы патрыёты раёна і жадаем, каб імёны стаўбчан – пераможцаў і прызёраў буйных спаборніцтваў – гучалі на стадыёнах свету. А першая сцяжынка да спартыўнага Алімпа вядзе ад школьнай спартзалы, стадыёна, секцый дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Таленты набудуць моц, раскрыюцца, калі на тое ёсць спрыяльная глеба. А ўвогуле фізкультура – культура фізічная – неабходна кожнаму. «У здаровым целе – здаровы дух» – шырокавядомая прымаўка. Скажам і так: «Фізічная актыўнасць – для здароўя лекі, каб не патрэбна было ніякае аптэкі».

І яшчэ. Належныя ўмовы для развіцця фізкультуры і спорту, багаты і разнастайны каляндар спартыўных спаборніцтваў – гэта ж яшчэ і важная ўмова замацавання кадраў. З імі ж усе задачы вырашальныя.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

ДАРЭЧЫ. СВОЙ БАСЕЙН – ЛЮБАТА!

З якім нецярпеннем чакалі жыхары Стаўбцоўшчыны адкрыцця басейна, засведчыць і статыстыка яго наведванняў. З дня адкрыцця фізкультурна-спартыўнага комплексу (7 лістапада 2015 года) зарэгістравана каля 10 тысяч наведванняў басейна. З вялікім задавальненнем плаваюць у басейне мінчане, хто прыязджае да бацькоў у выхадныя дні. Іх задавальняюць тарыфы, стан басейна, душавыя. Многія пакідаюць басейн з удзячнасцю і прыходзяць сюды зноў.

У залежнасці ад часу сутак цэны на адно наведванне басейна вагаюцца ў межах ад 25 да 35 тысяч рублёў. Па льготных цэнах (ад 10 да 15 тысяч рублёў) прадастаўляецца магчымасць наведваць басейн шматдзетным сем’ям, дзецям-сіротам, інвалідам, пенсіянерам.

Запатрабаваны і трэнажорныя залы. У сярэднім у месяц іх наведваюць да 500 чалавек.

 

БРЭЙН-РЫНГ З «АРЭОЛАМ»

На базе сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы прайшла VI раённая гульня «Брэйн-рынг «Знатакі асноў бяспекі жыццядзейнасці».

Брэйн-рынг традыцыйна збі-рае вучняў з усіх устаноў адукацыі раёна і кожнай камандзе дае надзею на перамогу. На гэты раз фартуна адназначна ўсміхнулася камандзе «Арэол» з гімназіі № 1. За другое месца разгарнулася ўпартая барацьба і, у выніку, «серабро» дасталося камандзе «112» Горкаўскай школы, якая ўсяго на 0,1 бала апярэдзіла каманду «СТОП» Старасвержанскай школы (між іншым, пераможцы мінулагодняй гульні).

Удзельнікі брэйн-рынга атрымалі кнігі «Што рабіць, калі…», пераможцы і прызёры – дыпломы і падарункі.

– Усе каманды дастойна вытрымалі выпрабаванні, – зазначыла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей. – Адна з першаступенных задач, якія стаяць перад работнікамі райаддзела, – папярэджанне пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, прафілактыка дзіцячай гібелі і траўматызму. З дапамогай  гульні мы чарговы раз нагадалі школьнікам пра неабходнасць захавання правіл бяспечных паводзін.

Пр

 

ПАКУЛЬ ДОЎЖАЦЦА КАНІКУЛЫ

Зімовыя месяцы ў нашых шыротах – канікулы для футбола. І штучны дыван стадыёна «Юнацтва» пад глыбокім белым покрывам. Значыць, чакаць да вясны. Пакуль невядома, у якіх спаборніцтвах будзе выступаць стаўбцоўская каманда «Нёман-Агра». Магчыма, нарэшце знойдуцца рэсурсы і гарантыі спартыўнай моцы, каб удзельнічаць у рэспубліканскіх спаборніцтвах. А калі зноў абласное першынство, то прыхільнікі каманды не зразумеюць пасіўнага таптання ў сярэдзіне турнірнай табліцы. Футбалісты Чэрвеня сталі чэмпіёнамі Міншчыны-2015. А мы што, цяпер ужо слабакі? Зразумела, уменне і фізічную вынослівасць не цяжка і страціць, калі пусціць усё на самацёк. Ёсць спадзяванне, што спартыўнае кіраўніцтва раёна і трэнерскі штаб вядуць мэтанакіраваную падрыхтоўку да новага сезона.

Пакуль жа заўзятарам, якім цяпер няшмат інфармацыі дае і міжнародны футбол, даводзіцца больш уважліва сачыць за зменамі падчас футбольнага міжсезоння ў рэспубліцы. І рабіць прагнозы. Як правядзе адборачныя гульні чэмпіянату свету зборная Беларусі? Каб трапіць у фінальны турнір, які адбудзецца ў Расіі ў 2018 годзе, нашым трэба паспяхова згуляць са зборнымі Францыі, Галандыі, Швецыі, Балгарыі, Люксембурга. Па сіле такая задача? А можа, стане паўнапраўным членам нацыянальнай каманды рэспублікі і наш Аляксандр Карніцкі? Яму з таварышамі па камандзе зноў давядзецца пацвярджаць міжнародную рэпутацыю чэмпіёна Беларусі барысаўскага БАТЭ.

Не трэба быць асаблівым прадказальнікам, каб сцвярджаць, што барысаўчане – галоўны прэтэндэнт на чарговы тытул мацнейшай каманды рэспублікі, што канкурэнцыю ім складуць мінскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр». А як праявяць сябе ў першай лізе першынства Беларусі футбалісты ФК «Гарадзея»? Гарадскі пасёлак за два дзясяткі кіламетраў ад Стоўбцаў, а глядзі ты – сярод самых знака-мітых у Беларусі. Можна «хварэць» і за гэты футбольны клуб, як і за любы іншы. Але ж будзем верыць у нашу каманду «Нёман-Агра».

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *