Мастацкія вырабы – з сонечнай аздобай

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Традыцыйна, нязменна ў адзін і той жа час – на стары Новы год, народны клуб майстроў народнай творчасці раённага Цэнтра культуры «Пралеска» ладзіць выдатную мастацкую выставу «Сонцаварот». Яна праходзіць у святыя дні Святак пасля Ражджаства Хрыстовага, і гэта надае ёй асаблівую прыцягальнасць, святло, чароўнасць і асаблівы настрой.

На выставу збіраюцца цікавыя людзі, жыццё якіх звязана з мастацтвам, хто ўмее цаніць прыгожае і сілкуецца сузіраннем гэтай чароўнасці.

Народны клуб «Пралеска» жыве, развіваецца дзякуючы нераўнадушнай пазіцыі яго кіраўніка, выдатнага майстра ў тэхніцы саломапляцення і іншых відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці Аліне Халявінскай. Пра кожнага з майстроў народнай творчасці нашага раёна Аліна Антонаўна гаворыць з вялікай любоўю, умее заўважыць адметнае, падтрымаць, даць новы імпульс да творчасці. Удзячным словам адзначыла яна ўдзельнікаў клуба «Пралеска» і  падчас урачыстага адкрыцця выставы «Сонцаварот». Аліна Халявінская выказала прызнанне творцам за тое, што яны з гатоўнасцю даюць згоду паўдзельнічаць у конкурсах, фестывалях, святах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабу, атрымліваючы дыпломы і ўзнагароды за дэманстрацыю сваіх талентаў і тым самым славячы родную Стаўбцоўшчыну. У мінулым годзе майстры прынялі ўдзел у многіх конкурсах, у тым ліку і такіх прэстыжных, як «Александрыя збірае сяброў» і Міжнародны фестываль мастацтваў  «Славянскі базар» у Віцебску. Летась упершыню быў атрыманы дыплом на «Славянскім базары». Аліна Антонаўна выказала надзею і спадзяванне, што і новы год, які аб’яўлены Годам культуры, таксама стане вельмі плённым і творчым для майстроў.

Не адвесці вачэй ад чароўнасці мастацкіх вырабаў у рознай тэхніцы і шматлікіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Каля 30 майстроў прадставілі свае мастацкія работы на выставу «Сонцаварот». Сярод іх тыя, хто ўжо не адно дзесяцігоддзе займаецца мастацкай творчасцю і мае імя, прызнаны майстар. У ліку іх сама Аліна Халявінская (саломапляценне), яе муж Часлаў Халявінскі – карзіны з лучынкі хвоі, і самы маленькі ўдзельнік выставы, іх унук Мацвей Ганчаронак, які прадставіў гліняныя вырабы. Старэйшым членам народнага клуба «Пралеска» з’яўляецца жывапісец Алег Новікаў, пейзажы якога ўпрыгожылі выставу і на гэты раз. Хто сочыць за творчасцю рэзчыка па дрэве Валерыя Чараднічэнкі, парадаваўся, што майстар мае выдатны творчы настрой, які выліўся ў новыя работы – гумарыстычныя сюжэты, драўляныя пано для лазні. Работы надзвычайнай прыгажосці. Вялікі стаж рэзчыка мае і Леанід Сенька з Дзераўной. У яго таксама свой адметны творчы почырк. Што датычыць работы з дрэвам, то ў гэтым радзе творцаў можна паставіць і майстра караняпластыкі, ці інакш лясной скульптуры, Міхаіла Бычко, творчы стаж якога ў мастацкай дзейнасці таксама падбіраецца пад 30 гадоў.

Святлана Калкоўская прадставіла на выставу новы праект у жывапісе – серыю ангелаў. Гледачы маглі палюбавацца і яе беларускімі лялькамі. Святлана Канстанцінаўна падзялілася планамі, што яна распачынае новы праект – выраб лялек з дапамогай ліцця ў гістарычных касцюмах. Сям’я Андрэя і Ірэны Зянько – пастаянныя ўдзельнікі выставы «Сонцаварот». Традыйна Андрэй Васільевіч прадставіў сваю светлую прыгожую акварэль, а Ірэна Міхайлаўна – батык, жывапіс на шоўку. Яшчэ адна выдатная сямейная дынастыя – каларытная таленавітая вышывальшчыца Галіна Дошчачка і яе дачка, таксама вышывальшчыца, Іна Дрозд. Іна Іванаўна прадставіла на выставу і вырабы з саломкі. Арыгінальныя і вельмі прыгожыя работы ў маці і дачкі Ганны і Хрысціны Мартыненка з Шашкоў – вышыўка ніткамі і стужкамі. Сямейная справа і пекарская скульптура, якую прадставіла Наталля Таболіч. Жывапіс на шоўку выдатна выконвае і мастачка Алена Кубрына. Святлана Карніцкая з Налібак спецыялізуецца на бісерапляценні. Раіса Лявончык, Алена Маргаўнічая і Надзея Булаш – выдатныя майстрыхі-вышывальшчыцы. Вельмі адметны майстар Сяргей Безэ – ён займаецца кавальскай справай. Нельга не заўважыць і графіку стаўбчанкі Наталлі Шуцілавай.

Разам з традыцыйнымі відамі творчасці былі прадстаўлены і новыя. Алена Зуб асвоіла канзашы – мастацкія работы з атласных стужак, а таксама тапіярнае мастацтва. Любоў Літвінчык з Засулля адметна выконвае работы ў тэхніцы арыгамі. Наталля Плотнікава з Задвор’я прадэманстравала, якія стыльныя і прыгожыя вырабы ручной работы атрымліваюцца ў тэхніцы дэкупажу – дэкарыравання розных прадметаў.

Шмат новага ў дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ўнесла Святлана Шайнова. Мы не раз ужо пісалі аб яе арыгінальных сувенірных работах. На выставе «Сонцаварот» Святлана Уладзіміраўна прадставіла  на суд гледача новыя работы – сувенірныя лялькі і творы з палімернай гліны. Яна вылепіла біблейскі сюжэт – святую Дзеву Марыю, абручніка Іосіфа і Дзіця – Іісуса Хрыста ў ясельках. Гэтыя святыя вобразы атрымаліся настолькі жывымі, што здзіўляешся, як гэта можна было выканаць рукамі. Той выпадак, калі патрэбна папрацаваць і сэрцам. Хвала таленту майстрыхі.

Выстава «Сонцаварот» у фае раённага Цэнтра культуры будзе працаваць некалькі тыдняў. На працягу дня можна зайсці і падзівіцца на гэтую прыгажосць, работы, якія спадабаліся, можна набыць у майстроў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *