Паклапоцімся аб сабе

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

БЕРАЖЫЦЕСЯ АД ГРЫПУ

У зімовы перыяд актуальна гаварыць аб прафілактыцы вострых рэспіраторных інфекцый і грыпу. Менавіта ў гэты час рэгіструецца пад’ём захваральнасці. У сучасны момант на тэрыторыі Мінскай вобласці і Стаўбцоўскага раёна рэгіструецца захваральнасць ВРВІ нізкай інтэнсіўнасці, перавышэння эпідэмічных парогаў няма.

Паводле прагнозу, пачатак пад’ёму захваральнасці на ВРВІ ў гэтым эпідсезоне чакаецца ў звычайныя тэрміны – з другой паловы студзеня, змешанай этыялогіі, звязанай з цыркуляцыяй негрыпозных вірусаў, прыкладна да 80 працэнтаў, і вірусаў грыпу не больш за 20 працэнтаў: падтыпаў А (H3N2), А (H1N1) 2009 і В, умеранай інтэнсіўнасці.

Лепшай абаронай ад грыпу і яго ўскладненняў з’яўляецца імунізацыя. У перадэпідэмічны перыяд у нашым раёне супраць грыпу прышчэплены 16134 чалавекі (12692 – дарослыя і  3442 – дзяці). Гэта складае 40,4 працэнта ад усяго насельніцтва.

Узбуджальнікі грыпу і ВРВІ перадаюцца ад чалавека да чалавека пераважна паветрана-кропельным шляхам. Пры вострых рэспіраторных вірусных інфекцыях негрыпознай этыялогіі захворванне развіваецца паступова, часцей пачынаецца са стамляльнасці і насмарку, сухога кашлю.

Пры грыпе адзначаецца рэзкае пагаршэнне стану – павышэнне тэмпературы цела (у асобных выпадках да 40,5 градуса), галаўны боль, «ламата» ў мышцах і суставах, павышаная адчувальнасць да святла. Пры грыпе паражаюцца сасуды, таму магчыма краватачывасць дзёснаў і слізістай абалонкі носа. Пасля перанесенага грыпу арганізм становіцца надзвычай успрымальным да інфекцый, што прыводзіць да інфекцыйных ускладненняў. Асабліва цяжка гэтыя інфекцыі працякаюць у маленькіх дзяцей, пажылых людзей, асоб з хранічнай паталогіяй і захворваннямі імуннай сістэмы.

Для таго каб папярэдзіць захворванне, патрэбна ўмацоўваць і загартоўваць свой арганізм. Высыпайцеся, захоўвайце рэжым працы і адпачынку, старайцеся больш знаходзіцца на свежым паветры. Апранайцеся згодна з надвор’ем, старайцеся не пераахалоджвацца. Умацаванню здароўя садзейнічае правільнае харчаванне. Уключыце ў рацыён прадукты, якія ўтрымліваюць вітаміны А, С, цынк і кальцый: цытрусавыя, ківі, салодкі перац, малочныя і кісламалочныя прадукты, цвёрдыя сыры, адварную рыбу, ялавічыну, моркву са смятанай, разынкамі ці курагой і інш.

Пры планаванні наведвання грамадскіх месцаў вазьміце з сабою медыцынскую маску, гэта дапаможа папярэдзіць інфіцыраванне. Любое віруснае захворванне, перанесенае «на нагах», можа прывесці да далейшых непажаданых вынікаў. Да таго ж, хворы чалавек заражае іншых. Таму пры першых прызнаках інфекцыйнага захворвання неабходна тэрмінова звярнуцца да ўрача для ўстанаўлення дыягназу і назначэння адэкватнага лячэння, так як запозненае лячэнне непазбежна прыводзіць да развіцця ўскладненняў.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

АСЦЯРОЖНА: ЛЁД!

З-за невыканання элементарных мер бяспекі штогод пры знаходжанні на лядовым пакрыцці водных аб’ектаў гінуць дзясяткі чалавек. Са студзеня 2015 года ў рэспубліцы пры лоўлі рыбы праваліліся пад лёд і загінулі 13 рыбакоў. Апошні выпадак адбыўся на рацэ Сож у Гомелі. Пры пераходах, пераправах і гульнях загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку два непаўналетнія.

У АСВОД папярэдзілі, што нельга выходзіць на лёд, пакуль яго таўшчыня не дасягне 7 см. Правяраць трываласць трэба пешняй або калом, а не ўдарамі нагі. Пры руху трэба быць асцярожным, уважліва сачыць за лядовай паверхняй, абыходзіць небяспечныя і падазроныя месцы (упадзенне ручая, выхад грунтавых вод і крыніц, умерзлыя кусты асакі, травы).

У час рыбалоўства забараняецца прабіваць лункі на адлегласці менш як метр адна ад другой. Кожны рыбалоў павінен быць апрануты ў выратавальную камізэльку, падабраную па памеры. Трэба мець з сабой выратавальны лінь (вяроўку даўжынёй 15-20 м з пятлёй на адным канцы і грузам 400-500 г – на другім) і лядовыя штыры.

АСВОД звяртаецца да ўсіх бацькоў, педагогаў і выхавацеляў: не дапускайце на лёд дзяцей без суправаджэння дарослых.

 

ЭЛЕКТРААБАГРАВАЛЬНІКІ – ТОЛЬКІ ЗАВОДСКАГА ВЫРАБУ

Персаналам энерганагляду праводяцца абследаванні жылога фонду грамадзян.

Найбольш характэрныя парушэнні, выяўленыя інспектарамі, – пракладка электраправодкі скруткамі, без разгалінаваных каробак, нярэдка – провадам сувязі, а таксама афарбоўванне электраправодкі і абклейванне яе шпалерамі, шо рабіць забаронена.

Адносна электрычнасці хачу нагадаць, што парою мы забываем аб той небяспецы, якую яна можа несці здароўю і жыццю чалавека. У першую чаргу неабходна памятаць, што бытавыя электрапрыборы і пераносныя свяцільнікі з напружаннем 220 В прызначаны толькі для карыстання ў памяшканнях з неправодзячай падлогай (сухой, драўлянай) і далей ад металічных труб і канструкцый, якія маюць сувязь з зямлёю.

Зіма ў гэтым годзе не з мяккіх, і некаторыя, каб павысіць тэмпературу ў памяшканні, прыбягаюць да электраабагравальнікаў. Яны павінны быць толькі заводскага вырабу  і ўстаноўлены ў аддаленні ад фіранак і лёгказагаральных прадметаў.

Небяспечна карыстацца электрабытавымі прыборамі (электрапліткай, электракамінам, прасам, электрачайнікам, таршэрам, настольнай лямпай і т. п.) у ванных пакоях і туалетах, на балконах, у памяшканнях з заземленай і бетоннай падлогай, падвалах. Нельга дакранацца адначасова да электрапрыбораў і якіх-небудзь трубаправодаў, батарэй ацяплення, металічных канструкцый, злучаных з зямлёю, таму што ў выпадку пашкоджання ізаляцыі электрапрыбора праз цела чалавека пройдзе ток, небяспечны для жыцця. Нельга карыстацца штэпсельнымі разеткамі, вілкамі, кнопкамі званкоў з пашкоджанымі карпусамі. Уключаць электрапрыборы можна пасля таго, як яны ўстаноўлены на незгаральную цеплаізаляваную падстаўку. Не рэкамендуецца ўключаць у сетку адразу некалькі электрапрыбораў вялікай магутнасці. Забаронена прымяняць самаробныя засцерагальнікі – «жучкі».

Выкананне гэтых і іншых правіл зробіць ваша жыццё камфортным і бяспечным.

Анатоль РАДЗІВАНОВІЧ, дзяржінспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»

 

ПЯЦЬ ЗІМОВЫХ ПРАВІЛАЎ

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае, што па-сапраўднаму зімовае надвор’е патрабуе ад нас і па-сапраўднаму адказных адносін да ўласнай бяспекі.

  1. Пазбегнуць пераахаладжэння і абмаражэння

Каб пазбегнуць пераахаладжэння і абмаражэння на моцным марозе, нельга ўжываць спіртное, курыць на вуліцы. Адзенне павінна быць прасторным, абавязкова – з рукавіцамі, шапкай і шалікам. Нельга насіць на марозе металічныя (у тым ліку залатыя, сярэбраныя) упрыгажэнні. Як толькі з’явілася адчуванне пераахаладжэння або замярзання канечнасцяў, трэба імкнуцца як мага хутчэй зайсці ў любое цёплае памяшканне.

  1. Не стаць ахвярай зімовай рыбалкі і лядовых гульняў

На лёд можна выходзіць, калі ён мае сіняватае адценне. Жоўты або матавы лёд – ненадзейны. Калі на вадаёме пракладзена сцежка, лепш ісці па ёй. Асцярожнасць неабходна на крутым і слізкім беразе, з якога ёсць магчымасць скаціцца туды, дзе лёд тонкі і можа праламацца. Як правіла, тонкі лёд знаходзіцца ля берагоў, на перакатах і быстрыні. Не рызыкуйце пераходзіць вадаём у адзіночку.   

  1. Мець на ўвазе слізкую дарогу

У галалёд лепш падыдзе зручны, няслізкі абутак. Забудзьце пра шпількі і ўвогуле высокія абцасы! Выходзьце загадзя, каб была магчымасць не спяшацца. Пажылым людзям у галалёд варта браць з сабою палку з гумавым наканечнікам. Будзьце асабліва ўважлівымі пры пераходзе дарогі. Падчас галалёду небяспека крыецца ў тым, што аўтамабіль можа занесці і вадзіцель своечасова не паспее затармазіць, ды і тармазны шлях машыны на абледзянелай дарозе нашмат даўжэйшы, чым на сухім ці проста мокрым асфальце.

  1. Сагрэцца і не згарэць

У халоднае надвор’е, калі хочацца цяпла і ўтульнасці, асаблівай асцярожнасці патрабуе эксплуатацыя пячнога ацяплення.

Забаронена паліць няспраўныя печы, прымяняць для распальвання лёгказагаральныя і гаручыя вадкасці, класці ў топку дровы, даўжэйшыя за яе памеры. Нельга паліць печ з адкрытымі дзверцамі. Небяспечна перакальваць печ, пакідаць яе ў распаленым выглядзе без нагляду або даручаць нагляд дзецям. Нельга выкарыстоўваць вугаль, кокс, газ і іншыя віды паліва, не прызначаныя для печы. Перад печчу павінен быць прыбіты негаручы перадтопкавы ліст памерам не менш за 0,7х0,5 м (даўжэйшым бокам уздоўж печы).

  1. Асцярожна, ледзяшы!

На жаль, у нашай рэспубліцы ўжо ёсць першыя ахвяры падзення наледзі і снегу. Каб пазбегнуць няшчаснага выпадку, лепш не хадзіць у непасрэднай блізкасці ад карнізаў і балконаў пабудоў. Пад імі небяспечна пакідаць і свой транспарт, дзіцячую каляску і т. п. Калі, ідучы па тратуары, вы пачулі зверху падазроны шум, ні ў якім выпадку не спыняйцеся, а пастарайцеся хутчэй пакінуць небяспечнае месца ці прыціснуцца – як мага бліжэй – да сцяны. Пры выяўленні абарванага снегам электрапровада, да яго не дакранайцеся. Неадкладна паведаміце аб абрыве ў раённыя электрасеткі і да прыбыцця аварыйнай брыгады нікога не падпускайце да гэтага месца.

У выпадку розных надзвычайных сітуацый дапамогу можна атрымаць па тэлефонах – 101, 5-92-98 (цэнтр аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях).       

 

І ХАРЧАВАННЕ, І ЛАД ЖЫЦЦЯ

Рак страўніка можа ўзнікнуць у любы перыяд жыцця. Паказчыкі захваральнасці пачынаюць дасягаць вышынь ва ўзросце 50-59 гадоў. Маюць значэнне характар ежы, спосаб яе прыгатавання, тэмпература, рэжым харчавання. Нерэгулярнае харчаванне, перавага ў ежы жывёльных тлушчаў, солі, вялікай колькасці прыпраў, перасмажаных прадуктаў, ужыванне вельмі гарачай стравы прыводзіць да раздражнення слізістай абалонкі страўніка, развіцця хранічных запаленчых працэсаў, на фоне якіх можа ўзнікнуць рак. Негатыўны ўплыў аказвае пераяданне.

Павышаная рызыка разві-цця раку страўніка адзначаецца ў асоб, якія кантактуюць з азбестам, нікелем, у рабочых на вытворчасці гумы, мінеральных маслаў.

Нельга выключыць таксама ролю генетычных фактараў ва ўзнікненні раку страўніка, хоць гэты працэс яшчэ дастаткова не вывучаны.

Многія пацыенты лічаць, што толькі моцныя болі з’яўляюцца прызнакам злаякасных пухлін, аднак гэта не так. Сімптомамі раку страўніка ў большасці выпадкаў бываюць агульныя растройствы функцыянальнага характару: беспрычынная агульная слабасць, зніжэнне працаздольнасці, стойкае зніжэнне апетыту нават да адварочвання ад некаторых відаў страў (мяса, рыбы і т. п.); страта пачуцця задавальнення ад яды, адчуванне перапаўнення страўніка, пачуццё яго расшырэння, цяжасць ці хваравітасць у паддыхавічнай вобласці, ірвота; беспрычыннае прагрэсіруючае пахудзенне; стойкая анемія; апатыя.

Праведзеныя ў свеце навуковыя даследаванні дазволілі сфармуляваць рэкамендацыі, выкананне якіх зніжае верагоднасць захаваральнасці на рак: правільнае харчаванне; рэгулярнасць харчавання, непераяданне; перавага малочна-агароднінных страў, пазбяганне вострых прыпраў, высокай канцэнтрацыі солі, абмежаванне вэнджанняў, перасмажанай і перагрэтай ежы. Замарожаныя прадукты больш карысныя, чым кансерваваныя з-за адсутнасці кансервантаў. Неабходна рэгулярная санацыя рота.

У сучасны момант даказана, што ў здаровай слізістай абалонцы страўніка рак не ўзнікае. Паколькі сярод перадракавых пухлін асноўнае месца займае хранічны гастрыт, прафілактыка раку ўключае лячэнне гастрыту з прымяненнем схем антыбактэрыяльнай тэрапіі для ліквідацыі гэтага мікраарганізма. Для пацыентаў з перадпухліннымі захворваннямі неабходны сістэматычны ўрачэбны кантроль з рэгулярным эндаскапічным, рэнтгеналагічным і марфалагічным даследаваннем. Любыя сумненні ў самаадчуванні павінны прыводзіць пацыента да ўрача, які вызначыць план далейшага абследавання.

Рэкамендуюцца дастатковая фізічная актыўнасць, правядзенне часу на свежым паветры, нельга дапускаць як паніжэння, так і павышэння масы цела. У сярэднім узросце маса цела не павінна перавышаць больш чым на 5-6 кілаграмаў тую, што была ў маладыя гады. Неабходна ўмець стварыць правільны рэжым дня, выключаць дзейнасць, звязаную з перанапружаннем арганізма, пазбягаць розных нервовых і псіхічных траўмаў. Нельга дапускаць доўгага ўплыву на арганізм любых шкодных уздзеянняў. У сувязі з гэтым неабходна праводзіць строгі кантроль прафесійных шкодных фактараў і абмежавання кантакту з імі. Абавязковай з’яўляецца адмова ад курэння і злоўжывання алкаголем.

Паважаныя жыхары раёна! Абавязкова праходзьце прафілактычныя агляды, своечасова звяртайцеся да ўрача па прычыне любых парушэнняў здароўя. Жывіце здаровым і паўнацэнным жыццём.

Ірына ПЯРХАЛЬСКАЯ, урач-валеолаг цэнтральнай раённай бальніцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *