Будзем людзьмі!

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

СЯРОД ЛЮДЗЕЙ

Галіну Дземідовіч у пасёлку Наваколасава добра ведаюць усе жыхары. Галіна Аляксееўна з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета і старастам пасёлка. А яшчэ яна працуе сацыяльным работнікам, таму ў пажылых людзей  да яе асабліва цёплыя адносіны.

– Мая асноўная і грамадская работа як бы пераплятаюцца, – гаворыць Галіна Аляксееўна. –  Я пастаянна сярод людзей. Са сваімі пытаннямі многія заходзяць да мяне дадому. Таму ведаю ўсе праблемы і па меры магчымасці стараюся іх вырашаць.

Як дэпутат Галіна Дземідовіч дабілася таго, каб аб’яднанне камунальных службаў зрабіла капітальны рамонт 32-кватэрнага шматпавярховага дома, дзе былі падтоплены падвалы і падлога першых паверхаў. Па яе прапанове вынесена з двароў за дарогу стаянка прыватных аўтамашын. Цяпер выхлапныя газы не трапляюць у вокны, а любая спецмашына, у тым ліку і «хуткая», без праблем пад’язджае да пад’ездаў. Яна дамаўляецца з медыкамі, каб змясціць хворых людзей у стацыянар.

– Урач з райбальніцы прыязджае да нас два разы на тыдзень, а некаторым патрэбна тэрміновае лячэнне і догляд медыцынскага персаналу, – гаворыць жанчына. – Вяду растлумачальную работу з нядобранадзейнымі сем’ямі. І ў гэтым плане ёсць станоўчыя прыклады. Людзі бяруцца за розум.

Грамадскую работу Галіна Аляксееўна не падзяляе. І ў дэпутата, і ў старасты адзін клопат. Трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю ў вясенне-летне-асенні перыяд – арганізоўвае суботнікі. І зазначае, маўляў, не ва ўсіх ёсць жаданне ўзяць у рукі мятлу або корпацца ў зямлі, але, калі кожны зробіць ля свайго дома маленькую клумбачку, то пасёлак будзе патанаць у квецені. Прыемна прайсціся і паглядзець з акна на рознакаляровыя кветкі. Прыгажосць узнімае настрой і робіць людзей дабрэйшымі. А ўвогуле, лічыць, жанчына, няма дрэнных людзей, проста да кожнага патрэбны падыход.

– Вельмі хочацца акультурыць дзіцячую пляцоўку, зрабіць арэлі і дадаткова – спартыўныя прыстасаванні, каб дзеці маглі займацца фізкультурай, а не сядзелі ўвесь час за камп’ютарам, – дадае Галіна Аляксееўна. – Здароўе дзяцей павінна быць на першым плане. Толькі на гэта патрэбны грашовыя сродкі. Буду старацца знайсці спонсараў.

Галіну Дземідовіч нездарама аднадушна выбралі дэпутатам на другі тэрмін, а старастам жанчына рупіцца ўжо дзевяць гадоў. Чалавек яна неабыякавы да чужой бяды. Энергічная, гаваркая. Любая справа ладзіцца ў яе руках. Як сацыяльны работнік даглядае трынаццаць чалавек пажылога ўзросту. Усе яны ўдзячны сваёй Галечцы за дабрыню і чуласць. Надвор’е гэтымі днямі складанае, замяло дарогі, таму Галіна Аляксееўна разам з мужам на ўласнай аўтамашыне аб’ехала падапечных у свой свабодны ад работы дзень. Трэба ж пацікавіцца, як яны сябе пачуваюць, ці патрэбна якая дапамога. Камусьці расчысцілі двары, іншым прывезлі неабходныя прадукты і лекі.

Галіна Дземідовіч і сярод старастаў раёна вылучаецца. За актыўную грамадскую дзейнасць і праведзеную работу па добраўпарадкаванні населенага пункта яе ўзнагародзілі дыпломам з уручэннем  грашовай прэміі.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: дыплом Галіне Дземідовіч уручае старшыня райсавета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЧАЛАВЕК У ЧОРНЫХ АКУЛЯРАХ

…Ішоў чалавек у чорных акулярах. Рухаўся павольна, пастукваючы перад сабою кіёчкам. Так здарылася – жонка памерла, дзеці далёка, а тут скончыліся лекі. Прайшоў гэты чалавек цяжкае жыццё. Былі ў ім сталінскія рэпрэсіі, вайна, разруха, галоднае існаванне. А пад канец зусім аслеп… Вось і сцяжына да аптэкі. Пазнаў яе чалавек. Калі яшчэ вочы бачылі, колькі разоў ішоў па ёй на стаўбцоўскі кірмаш, у аптэку. Насустрач яму ішлі з кірмашу людзі, яны сыходзілі ў бок, паважаючы сівога сляпога чалавека.

Але вось на вузкай сцяжынцы, хістаючыся, з’явіўся малады дзяцюк. П’яны. Штурхануў сляпога. Пакаціўся кіёчак, упаў на зямлю сівы чалавек, зляцелі з яго вачэй чорныя акуляры… Губы прашапталі: «За што? Што я вам зрабіў? І куды мне цяпер ісці?..» «Могілкі праз дарогу», – зарагатаў дзяцюк, задаволены сваім красамоўствам.

З невідушчых вачэй чалавека пацяклі слёзы роспачы і крыўды. «Бог і цябе можа пакараць…» –толькі прамовіў ён. Да старога кінуліся прахожыя і дапамаглі падняцца. Завялі ў аптэку. Падвялі да дома. Усё ж добрых людзей у Стоўбцах шмат…

Але гэты дзікунскі выпадак урэзаўся ў памяць. Мінула шмат гадоў. Няма ўжо ў жывых таго чалавека ў чорных акулярах. Безумоўна, прыкры выпадак не дабавіў яму здароўя. Збыліся і словы чалавека. У хуткім часе памёр і той дзяцюк. Ці то ад гарэлкі, ці ад нечага іншага.        

Успомніўся мне гэты выпадак, калі аднойчы самому прыйшлося весці невідушчага чалавека пад руку. Насустрач ішлі дзве кабеты. Прыгожа апранутыя, размаўлялі аб нечым. І раптам у спіну пачуў ад адной: «Во, бачыш, ужо напіліся, чапляюцца адзін за аднаго, алкашы!» Так хацелася адказаць на абразу, але мой спадарожнік сціснуў маю руку, ціха папрасіў: «Не звяртай увагі, я ўжо прывык». І стала сорамна за нас…

Чаму некаторыя зачарсцвелі душой?.. У вайну, пасля вайны жыць было нашмат цяжэй, чым цяпер, і інвалідаў на вуліцы было больш, але ніхто не адмаўляў ім у добрым слове ці дапамозе. Было такое, што дзяліліся апошнім кавалкам хлеба. Так, дзяржава турбуецца пра інвалідаў, але і кожны з нас мусіць зазірнуць у сябе  і знайсці ў душы зерне цеплыні, спагады і міласэрнасці. Яно закладзена там Богам, нашымі продкамі, якія заўсёды ахвяравалі тым, хто пакутуе. Спакон веку дабрачыннасць уласціва беларусам. Яна ў нас у крыві. Таму, напэўна, нашы продкі глядзяць на нас з нябёсаў і здзіўляюцца: «Што з вамі, нашчадкі?..»

Не па-чалавечы прайсці міма сляпога і не запытацца: «Вам дапамагчы перайсці дарогу?» Яму ад гэтага будзе прыемна, а ваша дапамога абавязкова вернецца да вас ці вашых дзяцей, нават калі вы гэта і не будзеце ўсведамляць. Так уладкавана жыццё, так хоча Бог. І, калі ў чые-небудзь дзверы раптам стукае бяда, то адразу прыходзяць думкі пра тое, што гэта, магчыма, Боскае пакаранне за тое, што некаму не дапамог, хаця мог гэта зрабіць, што адштурхнуў нечыю руку, працягнутую па міласціну.

Для таго каб не пакінуць сляпых і слабавідушчых людзей адзін на адзін з цемрай, дзейнічае і наша грамадская арганізацыя, у склад якой уваходзіць каля 100 чалавек. Таварыства інвалідаў па зроку мае 140-гадовую гісторыю і лічыцца адным са старэйшых. На жаль, да гэтай пары ў нас няма свайго памяшання з тэлефонам. Ёсць патрэба ў фінансавай і іншых відах дапамогі. Заклікаю ўсіх неабыякавых да чужога гора людзей, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў спрычыніцца да ахвяраванняў на наш рахунак (Мінская абласная арганізацыя ГА «БелТІЗ» № 3015006523714 у аддзяленні № 537 г. Мінск ААТ «Белінвестбанк» ЦБП, код банка 739, з абавязковай пазнакай – для Стаўбцоўскай арганізацыі БелТІЗ; згодна з Указам № 300 ад 01.07.2005, тыя, хто аказвае спонсарскую дапамогу інвалідам па зроку, вызваляюцца ад выплаты падатку на прыбытак у памеры да 10 працэнтаў).

Ведаю, што асабліва цяжкае становішча ў інвалідаў па зроку, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. У большасці гэта людзі сталага ўзросту, якія з-за аддаленасці ад райцэнтра фактычна не могуць браць удзел у жыцці арганізацыі. Акрамя таго, цяпер вядзецца замена тэлефонных нумароў, таму не ўсім і не з усімі можна звязацца. Просім членаў арганізацыі паведамляць аб змене нумара свайго дамашняга тэлефона. Хочацца звярнуцца і да старшыняў сельвыканкамаў: наведайце гэтых людзей (не да ўсіх прыязджаюць дзеці, некаторыя жывуць адны) і акажыце ім пасільную дапамогу.

У новым годзе будзем верыць у дабрыню, дабрачыннасць, адкрытасць сэрцаў стаўбчан да чужога болю. І няхай дабрыня ад сэрца таго, хто першым зробіць крок насустрач невідушчаму чалавеку, звяжа ланцужком любові сэрцы ўсіх жыхароў Горада Міру!

Аляксандр КЛІМАШ, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў па зроку

 

Справіцца з праблемамі

У жыцці кожнага з нас бываюць сітуацыі, калі трэба параіцца, падзяліцца радасцю ці смуткам. Добра, калі ёсць надзейныя, верныя сябры, якім можна давяраць у любой сітуацыі. Але не заўсёды так бывае. Хутчэй за ўсё, словы падтрымкі, разумення мы можам чакаць толькі ад сваіх родных людзей, ад сям’і, бацькоў.

Асабліва востра мы адчуваем гэтую падтрымку, калі пазбаўляемся яе па той ці іншай прычыне. Самая вялікая мара кожнага дзіцяці, каб яго бацькі жылі як мага даўжэй. Любячая маці ніколі не забудзе першы крык, першы плач, усмешку свайго дзіцяці. Гэтыя кадры застануцца ў яе памяці на ўсё жыццё.

Стварэнне сям’і – рашучы крок, поўная ломка псіхалогіі чалавека. Тут трэба ўмець пачуць свае сэрца, яно падкажа, як быць. Ва ўсім свеце прынята лічыць, што сям’я з’яўляецца нейкім аазісам, дзе, перажыўшы ўвесь націск сучасных узрушэнняў, можна адляжацца, залізаць раны, аднавіць душэўную раўнавагу. У нармальнай сям’і ўсім хочацца быць побач. Калі цяжка, лепш жыць сваёй сям’ёй.

Будучым бацькам трэба ведаць, што перыяд ужывання алкаголю (да прыкладу, маці падчас цяжарнасці) можа адыграць фатальную ролю ў развіцці дзіцяці. Гэты выпадак можа апынуцца той адзінай кропляй, якая перапаўняе посуд і дае магчымасць раскрыцца нядобранадзейнаму грузу спадчыннасці або выявіцца іншымі неспрыяльнымі перадумовамі развіцця.

40-60 працэнтаў дзяцей алкаголікаў пакутуюць ад разумовай адсталасці. Прыкметы гэтага дэфекту праяўляюцца ва ўсіх сферах псіхічнай дзейнасці дзіцяці, у тым ліку ў эмацыйна-валявой. Дзеці дрэнна ацэньваюць сітуацыю і не ў стане змяніць свае паводзіны зыходзячы з яе асаблівасцяў.

Калі дзеці пастаянна чуюць у сям’і, што бацька павінен зарабляць грошы, а не прапіваць, яны могуць пачаць блытаць грошы з любоўю і ўвагай. І тады ад сяброў, якія маюць патрэбу ва ўвазе, такія дзеці могуць адкупіцца падарункамі.

У Стаўбцоўскім раёне па стане на 01.01.2016 у сацыяльна небяспечным становішчы прызнаны 92 дзіцяці з 52 сем’яў. Дзякуючы рабоце ўсіх зацікаўленых службаў многія з гэтых дзяцей застаюцца пражываць са сваімі бацькамі, якія кідаюць піць і пачынаюць клапаціцца аб іх.

У кожнай сям’і свая гісторыя, і ў кожнага яна розная.

Адны сем’і ўсведамляюць свае праблемы і, знаходзячы канструктыўныя рашэнні, спраўляюцца з імі самастойна. Іншыя ж, маючы негатыўны вопыт вырашэння праблем, да таго ж валодаючы нізкім узроўнем культуры і сацыяльнай кампетэнтнасці, сыходзяць ад праблем. Часта гэта прыводзіць да тупіковай сітуацыі, і сям’я атрымлівае статус нядобранадзейнай. У такіх выпадках для рэабілітацыі становішча ў сям’і трэба звяртацца па дапамогу. На абарону правоў непаўналетніх у нядобранадзейных сем’ях накіраваны Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 24 лістапада 2006 года.

Кацярына МІСЬНІКЕВІЧ, педагог сацыяльны сацыяльна-педагагічнага цэнтра



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *