Прэзідэнт адобрыў новую ваенную дактрыну Беларусі

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў новую Ваенную дактрыну Беларусі па выніках праведзенага 22 студзеня пасяджэння Савета бяспекі.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што новая Ваенная дактрына вызначае погляды беларускай дзяржавы на забеспячэнне ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны.

«Мы небеспадстаўна можам публічна пацвердзіць нашу міралюбівую палітыку і адсутнасць варожасці да іншых дзяржаў. Разам з тым заявіць аб рашучасці ў адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. У тым ліку, калі спатрэбіцца, з прымяненнем усёй ваеннай арганізацыі дзяржавы, – сказаў беларускі лідар. – Гэта значыць нам нічога чужога не трэба, але метра свайго не аддадзім. Гэта не намі прыдумана».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што прамая ваенная пагроза Беларусі адсутнічае. «На першы план выйшлі выклікі іншага характару. Аднак, як сведчыць народная мудрасць, «порах трэба трымаць сухім». І гэта мудрасць захоўвае сваю актуальнасць», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што з моманту зацвярджэння дзеючай дактрыны прайшло паўтара дзясятка гадоў, і за гэты перыяд абстаноўка ў свеце і вакол Беларусі кардынальна змянілася. У прыватнасці, абвастрыліся супярэчнасці сусветных і рэгіянальных цэнтраў сілы ў барацьбе за перадзел сфер уплыву і імкненне адстойваць свае геапалітычныя інтарэсы рознымі спосабамі.

«Актыўнае выкарыстанне механізмаў «каляровых рэвалюцый» для звяржэння законнай улады прывяло да павелічэння колькасці ўзброеных канфліктаў. Пры гэтым усё часцей дасягненне палітычных мэт адбываецца шляхам падрыву дзяржавы знутры», – падкрэсліў беларускі лідар.

«У стан хаосу ўведзены Ірак, Лівія, Емен, працягваецца кровапраліцце ў Сірыі. Да гэтага часу не ўдалося нармалізаваць абстаноўку ва Украіне. Шэраг «гарачых кропак» знаходзіцца ў «замарожаным» стане і можа ўспыхнуць у любы момант», – канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што тэрарызм захліснуў увесь свет, ад еўрапейскага кантынента да Злучаных Штатаў Амерыкі. Паток бежанцаў, якія ўцякаюць ад вайны, актыўна накіроўваецца ў Еўропу.

«Узмацніліся супярэчнасці паміж Расійскай Федэрацыяй і дзяржавамі – членамі НАТА, калі не сказаць больш. І паміж імі апынуліся мы, як паміж молатам і кавадлам», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Забеспячэнне стабільнасці і бяспекі – гэта галоўная ўмова ўстойлівага развіцця дзяржавы і наша важнейшая задача», – упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускі народ не даруе ўладзе, калі не будзе забяспечана бяспечнае жыццё ў краіне і суверэнітэт.

«У любога народа, тым больш нашага, беларускага, да ўлады заўсёды былі і ёсць прэтэнзіі: і цэны высокія, і мяса, малака мала або шмат, і шмоткі не такія, як імпартныя, і зарплаты, і пенсіі невысокія, агароджы зламаліся, дахі прадзіравіліся, снег не прыбрала ўлада з вуліц, машыны не ачысціла своечасова і г. д. І з цягам часу гэтыя прэтэнзіі адыдуць, яны проста забудуцца, або народ, як гэта заўсёды бывае, уладзе даруе. Але не даруе аднаго – калі мы яму не забяспечым бяспеку і абарону суверэнітэту і незалежнасці краіны. Вось тады ні шмоткі, ні мяса, ні малако – нічога не трэба будзе, калі не будзе кавалка зямлі, на якім будуць жыць нашы дзеці і ўнукі, – сказаў Прэзідэнт. – Таму, калі застанецца апошні рубель у бюджэце або кішэні дзяржаўнай, то патраціць яго трэба на бяспеку нашага народа, на бяспечнае жыццё народа. Гэта галоўнае».

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *