Руплівасць. Садружнасць

Нумары Соцыум

Рабочыя глядзяць на майстра

Галіна Скварцова працуе ў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» амаль дзесяць гадоў. Прыйшла сюды маладым спецыялістам пасля вучылішча. Пачынала прадаўцом фірменнага магазіна, а апошнія тры гады шчыруе на ўчастку па вытворчасці каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў, дзе яе прызначылі старшым майстрам. Пра адказнасць, якая ўскладзена на майстра, красамоўней за ўсё скажуць аб’ёмы работ – за змену на ўчастку абвальваецца 10 тон мяса, гэтай сыравінай забяспечваецца бесперабойная работа адразу трох вытворчых цэхаў. Варта сказаць пра новую паточную лінію, якая была ўстаноўлена на ўчастку, пра значнае паляпшэнне ўмоў працы абвальшчыкаў і жылоўшчыкаў мяса. Калектыў працуе стабільна, з аптымізмам і надзеяй глядзіць у дзень заўтрашні і… на свайго майстра, які з такой цёплай усмешкай, жывым запалам бярэцца за вырашэнне ўсіх рабочых пытанняў.   

Менавіта майстру, кіраўніку першага звяна, які бліжэй чым хто знаходзіцца да людзей і ў курсе ўсіх спраў, трэба даходліва данесці  да кожнага работніка тое, чым жыве камбінат і якія ў яго надзённыя задачы, што патрабуецца ў сувязі з гэтым менавіта ад яго, працаўніка, і, безумоўна, як яго праца будзе аплачана. Напрамую ад майстра залежыць здаровы мікраклімат, зладжаны рабочы рытм калектыву. Здаецца, гэта нямнога і, адначасова, вельмі многа, таму што трэба знайсці падыход да кожнага, улічыць просьбы і пажаданні ўсіх, не пакрыўдзіць і падтрымаць.

Калектыў участка складаецца як з мужчын, так і з жанчын, таму абмяркоўваюцца тут самыя розныя тэмы, ідзе выказванне самых розных думак і поглядаў, гучыць па-жаночаму пяшчотны смех і зычнае мужчынскае слова. Усім добра ад таго, што ёсць узаемаразуменне. Ад гэтага не знікае і жаданне працаваць.    

Галіна Скварцова дэманструе сваім калегам прыклад грамадскай актыўнасці – у ліку першых бярэ ўдзел ва ўсіх  мерапрыемствах, якія арганізуюцца на мясакансервавым камбінаце. А нядаўна калектыў перапрацоўшчыкаў вылучыў яе кандыдатуру на раённы злёт перадавікоў вытворчасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО  

 

БАНКІНГ УЗРОСТУ НЕ ПЫТАЕ

Цеснае супрацоўніцтва звязвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра  і цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк».

У гэтага супрацоўніцтва своеасаблівы юбілей – пяць гадоў, і менавіта пяты яго год, калі ў тэрытарыяльным цэнтры афіцыйна было адкрыта аддзяленне для работы з людзьмі пажылога ўзросту, можна назваць асабліва плённым і… граматным. Рэч у тым, што спецыялісты банка рэгулярна выступаюць ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту і – у даходлівай форме, праз дыялог, абмен думкамі, – знаёмяць слухачоў з сучаснымі банкаўскімі прадуктамі і паслугамі, чым, безумоўна, павышаюць іх фінансавую граматнасць. Калі ўлічыць, што ў гэтым крыюцца адказы на многія жыццёва важныя пытанні, звязаныя з захаваннем і прымнажэннем грашовых зберажэнняў, атрыманнем пенсій і т. п., то такія веды маюць вялікае практычнае прымяненне і нават здольны змяніць жыццё людзей, не зважаючы на іх узрост.  

– Слоган Беларусбанка – «Заўсёды побач», і ён супадае з дэвізам тэрытарыяльнага цэнтра, – заўважае загадчык аддзялення Сяргей Есіс, які, дарэчы, не так даўно быў адзначаны падзячным пісьмом кіраўніка цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Людмілы Стралкоўскай. Уручэнне яго адбылося акурат падчас работы ўніверсітэта трэцяга ўзросту. 

Летась сярод наведвальнікаў універсітэта праводзілася анкетаванне аб эфектыўнасці работы банка з кліентамі. Актыўнасць у апытанні праявілі ўсе, таму што, як высветлілася, ніхто не хоча адставаць ад сваіх унукаў. Дзякуючы ўрокам па фінансавай граматнасці, якія праводзяць у тэрытарыяльным цэнтры загадчык сектара продажаў рознічных банкаўскіх прадуктаў і паслуг аддзела рознічнага бізнесу Аксана Цярэшка і галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Гардзіевіч, сярод людзей пажылога ўзросту ўсё больш з’яўляецца трымальнікаў банкаўскіх пластыкавых картак, з дапамогай якіх яны разлічваюцца ў магазінах, ажыццяўляюць камунальныя і іншыя плацяжы. Цікавасць іх ужо пайшла далей – да інтэрнэт-банкінгу, сістэмы адзіных разлікова-інфармацыйных пунктаў. Балазе, пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту працуюць камп’ютарныя курсы, і ў жадаючых ёсць магчымасць няспешна, у прыемным акружэнні і пры падтрымцы аднадумцаў, асвоіць навуку электронных плацяжоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

У ПАДАРУНАК – АБАНЕМЕНТ

Больш за 10  прафсаюзных арганізацый раёна заключылі дагавор з фізкультурна-аздараўленчым комплексам і аплачваюць сваім працаўнікам наведванне басейна.

Больш за ўсіх паклапацілася пра сваіх працаўнікоў ДЭУ-62 – акрамя басейна, работнікі гэтай арганізацыі за кошт свайго прафсаюза могуць наведваць трэнажорную залу, гуляць у більярд і настольны тэніс. Цэнтральная раённая бальніца дала медыкам магчымасць акрамя басейна карыстацца паслугамі трэнажорнай і спартыўнай залаў, Стаўбцоўскі мясакамбінат – басейна, гульнявой і трэнажорнай залы, аб’яднанне камунальных службаў і энергазбыт – басейна і трэнажорнай залы. Басейнам за кошт прафсаюзных сродкаў карыстаюцца таксама працаўнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка, райспажыўтаварыства, Стаўбцоўскай ПМК, ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі, Баранавіцкай дыстанцыі сігналізацыі сувязі Беларускай чыгункі, Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, раённага вузла паштовай сувязі, стаўбцоўскіх электрычных сетак.

Гэта можа паслужыць добрым прыкладам для пераймання і для прафсаюзных арганізацый іншых сфер дзейнасці ў арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы. Захаванне здароўя працаўнікоў галіны і прапаганда здаровага ладу жыцця – важны накірунак дзейнасці прафсаюзаў. Наведванне плавальнага басейна, трэнажорнай і спартыўнай залаў умацуюць і загартуюць працаўнікоў арганізацый для іх удзелу ў галіновых спартакіядах.

Пр

 

ГАРАНТУЕ ДЗЯРЖАВА

Асноўным дакументам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні ўсіх катэгорый грамадзян і дзяцей з’яўляецца Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 542 ад 28 жіўня 2006 года «Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва».

Забяспячэнне грамадзян пуцёўкамі на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ажыццяўляецца ў межах сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту, выдзеленых на гэтыя мэты ў адпаведнасці з законам аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год.

Права на атрыманне пуцёвак у санаторыі за сродкі сацыяльнага страхавання маюць асобы, за якіх ва ўстаноўленым парадку наймальнікамі выплачваюцца страхавыя ўзносы ў фонд, г. зн. усе працаўнікі і іх дзеці. На кожным прадпрыемстве, у арганізацыі павінна быць створана камісія па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, якая прымае заявы і даведкі аб стане здароўя для пастаноўкі на ўлік і выдзялення пуцёўкі работнікам і іх дзецям.

За 2015 год санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ў нашым раёне атрымалі 3203 чалавекі, з іх – 3055 дзяцей. За сродкі сацыяльнага страхавання ў санаторыях аздароўлены 251 чалавек, з іх працаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацыяй – 70, у санаторыях дарослага і дзіцяці – 38, у дзіцячых санаторыях – 143.

У аздараўленчых лагерах усіх тыпаў на працягу 2015 года аздароўлены  2798 дзяцей. У час летняй аздараўленчай кампаніі атрымалі аздараўленне 1843 школьнікі. Даведзеныя планы выкананы і перавыкананы, выдзяленне сродкаў дзяржаўнай датацыі выкарыстана своечасова і па назначэнні. Асаблівая ўвага ў летніх лагерах была нададзена аздараўленню дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных сем’яў і якія стаяць на розных формах уліку. З фінансавых сродкаў раённага выканаўчага камітэта на аздараўленне вышэйназванай катэгорыі дзяцей выдзелена 75 мільёнаў рублёў. Усяго ў летні перыяд аздароўлены 49 дзяцей-сірот, 22 дзіцяці-інваліды, 380 дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

 За кошт рэспубліканскага бюджэту пуцёўкі ў санаторыі выдзелены дарослым і дзецям, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, дзецям-інвалідам, інвалідам, удзельнікам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам І і ІІ груп, а таксама Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ветэранам працы сілавых структур.

Важкі ўклад ў вырашэнне многіх вострых пытанняў праблем дзяцінства ўносіць прэзідэнцкая праграма «Дзецям Беларусі». З году ў год асаблівая ўвага надаецца ўмацаванню здароўя дзяцей, якія пражываюць і навучаюцца на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях. У першым паўгоддзі 2015 года ў дзіцячым рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры «Ждановічы» атрымалі санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне 84 вучні Цясноўскага вучэбна-педадагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага, якія пражываюць і навучаюцца ў забруджанай зоне з радыеактыўнасцю ад аднаго да пяці кюры. Таксама санаторнае лячэнне ў санаторыі «Солнышко» атрымалла дзіця па арт 18 у суправаджэнні маці, а ў санаторыі «Сасновы бор» – удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Для 10 дзяцей-інвалідаў ў суправаджэнні аднаго з бацькоў былі выдадзены пуцёўкі ў санаторыі «Пралеска», «Чабарок», «Солнышко»,»Ченки», «Сосны», «Алеся», «Беларусь» г. Друскінінкай. Пуцёўкі для дзяцей-інвалідаў заказваюцца штоквартальна, згодна з профілем захворвання.

Непрацуючых грамадзян – ветэранаў працы, інвалідаў І і ІІ груп, якім дазволена санаторна-куротнае лячэнне, згодна з чарговасцю ў нас на ўліку больш за 300 чалавек. Гэтай катэгорыі грамадзян за сродкі рэспубліканскага бюджэту ў мінулым годзе выдадзена 36 пуцёвак. На працягу года пастаянна вядзецца прыём пенсіянераў, інвалідаў, праводзіцца тлумачальная работа аб чарговасці, колькасці пуцёвак, якія паступаюць, парадку выдачы іх, як вызначаецца заканадаўчымі дакументамі. У сучасны момант выдзяляюцца пуцёўкі ветэранам працы, якія сталі на чаргу ў пачатку 2010 года.

Па сілавых структурах за кошт рэспубліканскага бюджэту атрыманы і выдадзены чатыры пуцёўкі, з іх адна – інваліду Вялікай Айчыннай вайны.

Апошнім часам адбыліся вялікія змяненні, якія датычаць пытанняў абароны правоў, інтарэсаў дзяцей. Усе непаўналетнія, якія маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні па медыцынскіх паказаннях незалежна ад сацыяльнага статусу, маюць права на такое бясплатнае лячэнне адзін раз у год за сродкі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ці сродкі рэспубліканскага бюджэту. Праблемы з атрыманнем пуцёвак у дзіцячыя здраўніцы няма. Дзяржава надае асаблівую ўвагу аздараўленню дзяцей, таму што гэта наша будучае. Камісіям прадпрыемстваў, арганізацый патрэбна правесці пэўную работу па накіраванні дзяцей працаўнікоў у санаторыі, пастаянна даводзіць інфармацыю аб наяўных пуцёўках, своечасова падаваць заяўкі на іх выдзяленне. Толькі ў пешым квартале 2016 года больш за 40 дзяцей арымаюць санаторна-курортнае лячэнне ў такіх здраўніцах, як «Багатыр», «Баравічок», «Налібацкая пушча», «Радуга», «Свіслач», «Случ», «Чайка», «Беларусь» у г. Друскінінкай, дзе на належным узроўні  для дзяцей створаны ўсе неабходныя ўмовы вучэбна-выхаваўчага працэсу, санаторна-курортнага лячэння і адпачынку.

Атрымаць неабходную інфармацыю па цэнах на пуцёўкі, па іх аплаце, а таксама інфармацыю аб здраўніцах можна па тэлефоне 7-75-03.

Раіса ЛАЗАР, галоўны спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Стаўбцоўскім раёне



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *