Навошта нам ветлівасць?

Калонка Рэдактара Нумары

image_pdfimage_print

Добры дзень, паважаныя нашы чытачы! Вось, здаецца, маразы і мяцеліцы адышлі на другі план. На вуліцы пацяплела. Не за гарамі і вясна. А вясна – гэта і каханне, і мары, і добры настрой… Адным словам – абнаўленне.

2016 год аб’яўлены Годам культуры: культуры адносін паміж людзьмі, культуры думак, адзення, культуры правіл добрага тону і г. д.

Правілы паводзін у грамадстве дзейнічаюць з даўніны. Мы мала выкарыстоўваем магчымасці этыкету. Па вашых просьбах наша выданне адкрывае новую рубрыку «Урокі этыкету».

Што такое этыкет? Паняцце «этыкет» з’явілася ў Францыі пры двары караля Людовіка XIV. Правілы этыкету склалі не манархі ці іх прыдворныя. Самі людзі прыйшлі да таго, што павінны існаваць правілы паводзін у грамадстве. Амерыканскі пісьменнік Г. Тора пісаў: «Этыкет не дае нам уступаць у бой». Іншымі словамі – робіць нас ветлівымі, мяккімі, добрымі. Этыкет дапамагае «размаўляць» людзям розных народаў і дзяржаў, збліжае нацыі.

Этыкет, умоўна кажучы, мае тры слаі. Першы – маральны. Гэта – павага, давер да людзей, дабрыня, спагадлівасць. Уступім мы месца камусьці з цяжкай сумкай у транспарце – праявім дабрыню. Рассадзім па правілах этыкету гасцей за сталом – выкажам павагу да старэйшых і пажылых людзей. Другі слой – эстэтычны. Пачуццё меры і прыгажосці ў манерах паводзін, у адзенні, у размове, у прыёме гасцей – словам, ва ўсім, з чым мы «выходзім» у грамадства. Трэці слой – гістарычны. А. С. Пушкін пісаў: «Уважение к минувшему – вот черта, отличающая образованность от дикости».

Дзвесце гадоў назад нормы паводзін прыраўноўваліся да законаў. Грамадзян, якія іх не выконвалі, каралі. У Расіі Пётр І указваў: «Никто не имеет права повеся голову и потупя глаз вниз по улице ходить или на людей косо взглядывать». З раніцы спяшаемся дзіця адвесці ў сад ці школу, затым – на работу. Па дарозе хтосьці штурхнуў. Пасля работы – у магазіне чарга з перапалкамі. Настрой, зразумела, сапсаваўся. А дома ўвесь негатыў, што сабраўся за дзень, выліваем на сваіх блізкіх. Усяго гэтага можна пазбегнуць, калі будзем дабрэйшымі, больш цярплівымі.

Калі вы ветлівыя, то і справы ладзяцца, і дома наладжваецца жыццё, і бытавыя праблемы вырашаюцца лягчэй.

У наступных матэрыялах мы пазнаёмім вас з канкрэтнымі правіламі этыкету. Раскажам, як праводзіць дзелавыя сустрэчы, размаўляць па тэлефоне, як апрануцца на працу і да прыходу гасцей, правільна выбраць падарунак і г. д. Спадзяёмся, што ўсе гэтыя рэкамендацыі будуць вам карысныя.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *