З юбілеем, Міхаіл Канстанцінавіч!

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

31 студзеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча.

«Беларускі вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў. Доктар тэхнічных навук. Майстар спорту па стэндавай стральбе. Сын Якуба Коласа». Так пазначана ў кнізе «Памяць. Стаўбцоўскі раён». Праўда, пракралася ў тэкст і памылка. Указаны год нараджэння М. К. Міцкевіча – 1936-ты. Падмаладзілі… Прыкра, вядома, але ж, прыгадваючы гэтага чалавека, ніяк не скажаш, што яму ўжо дзявяты дзясятак.

Такі ж маладжавы, з лёгкай хадой, аб’ёмнай памяццю і на значнае, і на больш дробныя дэталі, вельмі цікавы суразмоўца. І просты, шчыры чалавек.

Пацвердзяць гэта і стаўбчане, хто сустракаў яго ў Мінску, у раёне Акадэміі навук, дзе ён жыве. Заўсёды пацікавіцца, што новага ў Стоўбцах, у раёне. Ды і сам пры магчымасці імкнецца прыехаць на радзіму бацькі, якая ў сэрцы стала і яго другой радзімай. З вялікай ахвотай прыязджае на Каласавіны, іншыя раённыя мерапрыемствы, на якія яго запрашаюць.

А пра сустрэчы з ім шмат можна прыгадаць. Як тры гады назад, на юбілейныя 130-я ўгодкі Якуба Коласа запрасіў усіх паглядзець на магутны дуб, што высіцца ў Альбуці. «Тут, ля Нёмана, расказваў бацька, пасвіў у дзяцінстве каровы. І, пэўна, гэтыя ўражанні леглі ў аснову апавядання «У старых дубах». Згадаў і пра лясы, дзе збіраў грыбы, аб чым так хораша распавёў Колас у паэме «Міхасёвы прыгоды». А як артыстычна, з мяккім гумарам, чытае Міхаіл Канстанцінавіч вершы і Якуба Коласа, і свае. Так, ён і сам таленавіты літаратар.

І навуковец. Бацька прапанаваў сынам асвоіць адукацыю, якую яны пажадаюць. Даніла Канстанцінавіч – вучоны-хімік. Юрый Канстанцінавіч, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, таксама асвойваў тэхнічныя навукі. І лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за навуковыя працы па электрафізічных метадах апрацоўкі матэрыялаў Міхаіл Канстанцінавіч.

А паэзія, літаратура – у іх душы. Даніла Міцкевіч быў арганізатарам літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, першым яго дырэктарам. Міхась Міцкевіч – таксама нястомны захавальнік спадчыны народнага песняра, нацыянальнага скарбу.

Як стала вядома, гэтымі юбілейнымі днямі намечана прэзентацыя кнігі ўспамінаў, уражанняў Міхася Міцкевіча, якая стане важным здабыткам у коласазнаўстве. І яшчэ больш адкрые духоўны свет гэтага вялікага чалавека. Моцнага здароўя Вам, Міхаіл Канстанцінавіч!

З юбілеем!

Калектыў рэдакцыі газеты «Прамень»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *