Сельскія клопаты

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У ПЕРАТОКАХ ПРАЦУЮЦЬ З ПРЫБАЎКАЙ

Падчас аднаго з аб’ездаў фермаў, якія праводзяцца з удзелам кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна, старшыня райвыканкама Юрый Горлаў звярнуў ўвагу на парадак, які падтрымліваецца ў вытворчых падраздзяленнях ААТ «Агранёманскі». А таксама на рэканструкцыі, якія праводзяцца тут па ініцыятыве дырэктара Уладзіміра Жукава і дазваляюць укараняць новыя тэхналогіі. У прыватнасці, прыведзена ў прыклад МТФ «Ператокі», дзе сканцэнтраваны адкорм буйной рагатай жывёлы. У жывёлагадоўчых памяшканнях плануецца размясціць да паўтары тысячы галоў (па колькасці гэта амаль палова пагалоўя комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ «Вялікі Двор»). Сёння тут стаіць тысяча бычкоў на глыбокай падсцілцы. Па такім жа прынцыпе вядзецца далейшая рэканструкцыя на ўтрыманне 300 галоў з будаўніцтвам кармавых сталоў і выгуламі пад павецямі.

– Жывёла корміцца на свежым паветры, водапаенне з падагрэвам, таму зімою вада не замярзае, – расказвае брыгадзір фермы Людміла Жарко. – Бычкі нават у халоднае надвор’е застаюцца ў выгулах, дзе падаслана салома. Яны адаптаваліся да мінусавых тэмператур. Памяшканне былога сенасховішча, дзе зараз утрымліваюцца сухастойныя каровы, таксама будзе рэканструявана для бычкоў дарошчвання. Зробім жывёле і летні лагер.

Пры такім утрыманні і належным кармленні, зразумела, на ферме павялічыліся сярэднясутачныя прывагі. У параўнанні з мінулагоднімі прыбаўка склала 187 грамаў пры агульным выніку 664 грамы. Ферма мае самы высокі плюс сярод іншых вытворчых падраздзяленняў.  

– Дабіцца павелічэння прываг дазволіла не толькі рэканструкцыя, а і прыгатаванне кармасумесяў, – дадае намеснік дырэктара  па жывёлагадоўлі Людміла Качановіч. – Такое кармленне – гэта вялікі плюс. Збалансаваныя па пажыўных рэчывах кармы, якія складаюцца з сенажу, сіласу, саломы і канцэнтратаў, раздаюцца кормараздатчыкам «Хозяин». Дарэчы, пераабсталяванне памяшканняў якраз і прадугледжана для мабільнай раздачы. 

Людміла Іванаўна падкрэслівае, што з прыходам новага брыгадзіра на ферме значна палепшылася дысцыпліна. Ферма ні на хвіліну не застаецца без нагляду. Людміла Жарко кантралюе работу сваіх падначаленых на працягу дня, а раніцаю і ўвечары за парадкам сочыць яе памочнік Галіна Шчэцька.

Кожны дзень брыгадзір на ўласнай аўтамашыне наведваецца і на ферму ў Цвіркі, дзе стаяць на адкорме 128 бычкоў. Летам на адгоннай пашы жывёлаводы даглядалі  245 цялушак. Паказчыкі там таксама неблагія.

Павялічыліся прывагі, большай стала заработная плата. Людзі гэта зразумелі і працуюць сумленна. Стараюцца аператары Юрый Гарадко, Сяргей Скорбеж, Тадэвуш Цвірка, Іван Чытра, Юрый Сачук і Андрэй Лейчык.

На ферме, акрамя бычкоў, сканцэнтраваны і дойны статак на 200 галоў. У студзені сярэдні надой на карову за суткі складае 15,6 кілаграма.

– Адносна паказчыка адпаведнага леташняга перыяду плюсуем 1,7 кілаграма. За мінулы год надаілі ў сярэднім на кожную карову 5298 кілаграмаў, прыбавілі больш за паўтоны, – падкрэслівае брыгадзір. – Працуюць дзве даяркі – Валянціна Нарановіч і Ганна Качановіч, якія дояць па 100 кароў кожная. Самі раздойваць пяршачак, якія затым уводзяцца ў статак. Паказчыкі ў абедзвюх практычна аднолькавыя. Жанчыны стараюцца, можна сказаць, спаборнічаюць адна з адной. Сочаць за тым, каб каровы былі здаровымі. Своечасова выяўляем мастыты, кароў затым пралечваем. У выніку колькасць саматычных клетак у малацэ зменшылася, а значыць, палепшылася якасць прадукцыі. За гэта даяркі атрымліваюць неблагую даплату. 

НА здымках: брыгадзір фермы «Ператокі» Людміла Жарко; намеснік дырэктара Людміла Качановіч гутарыць з механізатарам Аляксандрам Маліноўскім;  перадавыя аператары Юрый Гарадко і Тадэвуш Цвірка.

 

НАКРЫЛІ САЛОМУ

Характэрнай асаблівасцю хімічнага саставу саломы з’яўляецца высокае ўтрыманне ў ёй клятчаткі, таму салому ўключаюць у рацыён жывёлы. Для таго каб корм быў ідэальным (салома не зацвіла падчас захоўвання), цюкі неабходна накрываць. Справа ў тым, што плесня – спрыяльнае асяроддзе для развіцця шкодных рэчываў мікатаксінаў – мікраскапічных плесневых грыбоў, якія адмоўна ўплываюць на якасць малака. Летась па-гаспадарску падышлі да гэтага пытання і накрылі салому поліэтыленавай плёнкай у ААТ «Агранёманскі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

 

ПРАВЕРЫЦЬ – ПАПЯРЭДЗІЦЬ

За мінулы год у гаспадарках раёна адбыліся два выпадкі траўматызму, у т. л. адзін з цяжкім зыходам у ААТ «Агранёманскі». Здарыліся два пажары: у ААТ «Дзераўное» загарэлася сена, у ТАА «СЖК «Налібакі» – трактар. Мабільнай групай па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні прытрымлівання заканадаўства па ахове працы ў сельскай гаспадарцы летась праведзена абследаванне 96 арганізацый. Па выніках праверак выяўлена 681 парушэнне патрабаванняў бяспекі працы. Здзейснена сумесна з супрацоўнікамі  дзяржаўтаінспекцыі 40 рэйдаў.

 

З ВЫСОКІМ РЭЙТЫНГАМ

З прыбаўкай  спрацавалі летась работнікі мяснога цэха ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Вырашчана 555,9 тоны мяса ялавічыны – гэта 112,2 працэнта да папярэдняга года. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы склалі 655 грамаў, плюс 34 грамы. Згодна з вышэйназванымі паказчыкамі таварыства паднялося на прыступку вышэй у рэйтынгавай табліцы, і па выніках мінулага года займае другое месца сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. У асабістым спаборніцтве вылучыліся перадавыя аператары па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Таццяна Калоша і Галіна Кажамяка. Гадаванцы ў групе, якую даглядаюць жывёлаводы, прыбывалі штодзень у сярэднім на 782 грамы пры стапрацэнтнай іх захаванасці. Валавыя прывагі склалі 38,6 тоны.

МАНІТОРЫНГ  МЕТАДАМ МАНАЛІТАЎ

На сельгаспрадпрыемствах раёна праводзіцца маніторынг стану азімых культур метадам маналітаў. Такая праверка ў зімовыя перыяды робіцца штогод. Яна самая надзейная і дае магчымасць выявіць жыццядзейнасць азімых. І адначасова, каб атрымаць высокі ўраджай, спланаваць мерапрыемствы па вясеннім доглядзе раслін. Высечаныя ў пасевах маналіты глебы з усходамі змешчаны ў спрыяльныя для іх росту ўмовы, дзе падтрымліваецца аптымальная тэмпература. Спецыялісты раслінаводчай галіны сельгаспрадпрыемстваў канстатуюць, што збожжавыя і рапс знаходзяцца ў добрым стане і нармальна развіваюцца.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *