«Марафон» здароўя

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

НЕ БОЙЦЕСЯ ГРЫПУ

Захваральнасць на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ) сярод жыхароў раёна не дае падстаў для хвалявання – узровень яе на 13 працэнтаў ніжэйшы за той парог, калі варта біць трывогу. Выпадкаў грыпу сярод хворых не зарэгістравана. На кантролі знаходзіцца сітуацыя з захваральнасцю на рэспіраторныя інфекцыі ў дзіцячых садах, школах і інш. Сады і школы па прычыне ВРВІ не наведваюць не больш за 10-12 працэнтаў дзяцей.

У мэтах прафілактыкі рэкамендуем абмежаваць наведванне месцаў з вялікай колькасцю людзей, а таксама паездкі ў грамадскім транспарце. Трэба часцей мыць рукі з мылам і праціраць іх спіртаўтрымліваючымі сурвэткамі, антысептычнымі сродкамі. Важна не церці рукамі вочы і нос, а пры кашлі або чханні прыкрываць рот і нос хусцінкай. Калі хусцінкі пад рукою няма, лепш чхаць ці кашляць у локаць (а не ў далонь). Рэгулярна і часцей праветрывайце памяшканне, праводзьце яго вільготную ўборку. Заставайцеся дома, калі адчулі недамаганне. Не займайцеся самалячэннем – выклікайце ўрача і строга выконвайце яго прызначэнні. Будзьце здаровы!

Ігар КУНЦЭВІЧ, галоўны санітарны ўрач раёна   

 

ПЕРАМОЖАМ ГРЫП

Па ініцыятыве цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, раённым камітэтам БРСМ і цэнтральнай раённай бальніцай з 16 па 21 студзеня на Стаўбцоўшчыне ладзілася міжведамасная акцыя «Пераможам грып», прымеркаваная да дня прафілактыкі грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый.

У рамках акцыі загадчыца аддзела эпідэміялогіі Ірына Пятровіч адказала на пытанні жыхароў раёна, якія паступілі на прамую лінію, а валеолаг выступіла перад ідэалагічным актывам, работнікамі культуры. Ва ўстановах адукацыі былі арганізаваны розныя тэматычна-прафілактычныя мерапрыемствы, у тым ліку з удзелам медыцынскіх работнікаў, аформлены выстаўкі, стэнды і куткі здароўя, цікаўных запрашалі конкурсы і віктарыны. Да прыкладу, у Коласаўскай школе перад вучнямі і выхаванцамі дзіцячага садка, іх бацькамі, выступлі валанцёры БРСМ, якія працуюць па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Удзельнікам сустрэчы і жыхарам пасёлка яны раздалі буклеты. Валанцёры дзяліліся з прахожымі інфармацыйным матэрыялам і сваімі ведамі на вуліцах горада. Пытанне прафілактыкі грыпу таксама знайшло асвятленне падчас спаборніцтваў па міні-футболе на кубак Мінскай вобласці, што праходзілі на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Прафілактычная акцыя з яе «марафонам» сустрэч і гутарак паслужыла павышэнню інфармаванасці насельніцтва ў пытаннях прафілактыкі грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый, а гэта здольна знізіць рызыку заражэння імі і іх  распаўсюджання.

Падводзячы вынікі акцыі, хочацца сказаць, што работа па прафілактыцы грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый працягваецца. Фактычна яна доўжыцца круглы год, проста ў сезон магчымага эпідпад’ёму гэтых захворванняў набывае асаблівую інтэнсіўнасць, да яе падключаюцца медыкі. Прыемна тое, што большую частку прафілактычнай нагрузкі ўзялі на сябе менавіта школьнікі – валанцёры. Мы, дарослыя, выступілі ў якасці каардынатараў. Раней валанцёры праводзілі навучанне па прынцыпе «Роўны навучае роўнага» ў плане папярэджвання СНІД/ВІЧ, наркатычнай залежнасці, а сёлета ўпершыню –  грыпу.        

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі   



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *