Вялікую ласку маю

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

Родная вёска Старына – дарагі сэрцу куток. Кожны раз знаходжу ў ёй нешта новае, адметнае, здаецца, такое, што не траплялася воку раней.  У такія моманты мне часта ўспамінаюцца словы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа: «Малюнкі родныя і з’явы! // Як вы мне любы, як цікавы».

Вёсачка  мая, з кім параўнаць цябе? Мне здаецца, ты падобная на прывабную паненку з тонкім станам, з бяздоннымі вачамі-азёрамі, з лентамі дарог, увітымі ў твае валасы. Я ўяўляю цябе маладзіцай у неверагодным убранні, якое саткана з безлічы крышталікаў лёду і алмазаў інею. Ты любуешся сабой, гледзячы ў люстэрка азёр і рэк, скаваных холадам. Грымне  дзядзька-мароз у свой бубен – і панясуцца, завіруюць сняжынкі- дружкі. Аж дух захопіць! І выйдзеш ты, танцам сваім навекі палоніш сэрца маё, прыкуеш думкамі да цябе адной, непаўторнай, велічнай, недасягальнай. Ты – руплівая ахоўніца: саграваеш, бароніш, зберагаеш.

 Мінуць дні, і ты, прыгажуня-вёска, зменіш убранне сваё. Зазвіняць пералівамі ручаі серабрыстыя. Вясновае сонца абудзіць наваколле, і першыя птушкі, якія вернуцца з адлёту, будуць вітаць цябе.

А затым надзенеш сукенку, сатканую з квеценні садоў, маладой зялёнай лістоты, упляцеш у валасы ленты завораных палёў. Вёска мая, галаву тваю ўпрыгожыць незвычайны вянок з пралесак і сон-травы. Ты патоліш смагу свежым бярозавым сокам, адурманіш галаву водарамі мурагоў і красак. Зменіш ты музыкаў сваіх. Зайграе табе першы майскі гром, залівіста заспяваюць знакамітыя майстры спеваў – жаўрукі і салаўі. Пацешышся пчолкамі і конікамі.

Як увішная і ўдалая гаспадыня паспееш усё: пасееш, пасадзіш, прыбярэш.

Які дызайнер прыкладваў руку да твайго ўбрання?  Улетку на табе будзе стракаты сарафан з рамонкаў і валошак. У руках тваіх тонкіх – чароўная папараць-кветка. Вусны твае будуць мець водар суніц. Неасцярожны рух – і згубіш ты пацеркі свае, і яны разляцяцца безліччу ягад: суніцамі, чарніцамі, малінай, буякамі, ажынамі. Ты зборлівая маладзіца: рыхтуеш, папаўняеш, даглядаеш.

Надыходзіць восень – мяняешся і ты, любая мая вёсачка. Выходзіш мне насустрач з распушчанымі валасамі колеру спелай пшаніцы, стан твой упрыгожваюць ільняныя паясы, на галаве – вянец з кляновай лістоты і гронак рабіны. Песціш мяне, нібы маці дзіця, частуеш, адорваеш  безліччу падарункаў: мноствам ягад і грыбоў, сакавітымі яблыкамі і грушамі.

Табе па сіле ўсё: малаціць, жаць, папаўняць засекі.

 Няма роўных табе, колькі ні шукай! Я часта пытаюся: «Чаму ты, мая вёсачка, такая мілая майму сэрцу?» Мабыць, мілыя сэрцу мясціны непарыўна звязаны з роднымі людзьмі. Усім хачу сказаць радкамі Рыгора Барадуліна:  «Трэба дома бываць часцей, // Трэба дома бываць не госцем». Гэтай простай ісцінай павінен кіравацца кожны, каб быць сапраўдным сынам сваёй Бацькаўшчыны.

Надзея БІЗГЕНЬ, вучаніца Шашкоўскай СШ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

1 комментарий по теме “Вялікую ласку маю

  1. Я тоже выпускница Шашковской СШ. Молодец.Твое повествование о родной деревне -вызвало шквал эмоций.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *