Клопаты хлебаробаў

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

ПЕРАМОЖЦА – «ВЯЛІКІ ДВОР»

Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельгаспрадпрыемстваў да работы ў зімовых умовах і падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да веснавых палявых работ. Пераможцам заслужана прызнаны калектыў машыннага двара ААТ «Вялікі Двор». (Другое месца прысуджана ААТ «Жацерава», трэцяе – ААТ «Каганец»).

На машынным двары сельгаставарыства, дзе ажыццяўляе кіраўніцтва галоўны інжынер Віктар Казук, заўсёды падтрымліваецца парадак. Сельгастэхніка акуратна расстаўлена: на асобных пляцоўках глебаапрацоўчыя і пасяўныя камбінаваныя агрэгаты, машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў. У памяшканні для захоўвання тэхнікі выстраіліся камбайны і іншыя машыны, незапатрабаваныя ў зімовы сезон.

Гэтымі днямі ў мехмайстэрні гаспадаркі ў прамым сэнсе кіпіць работа. У памяшканні няма свабоднага месца. Поўным ходам вядзецца рамонт глебаапрацоўчай тэхнікі. А іменна, шыроказахопных культыватараў і чызеляў.

– Рамонт вядзём стабільна па графіку. Адзін культыватар давялі да ладу, прыступілі рамантаваць другі, – расказвае загадчык механічных майстэрань Аляксей  Садоменка. – Завяршаем работу над чызельным культыватарам. Яшчэ з восені падрыхтавалі два абаротныя плугі, а таксама раскідвальнікі арганічных угнаенняў. На вясенняй пасяўной будуць задзейнічаны два камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. Рамонт нескладаны, зоймемся імі ў самы бліжэйшы час. На чарзе раскідвальнікі мінеральных угнаенняў. Галоўнае, што выдзелены на гэта грошы. Паступова ставім тэхніку, якая будзе прымаць удзел у веснавой пасяўной, на лінейку гатоўнасці.

Рамантуюць у таварыстве і трактары. За тры дні замянілі рухавік на пагрузчыку. Восенню прыязджалі спецыялісты з ІП «Штотц Агра-Сэрвіс» і  давялі да ладу энерганасычаны «Атлес». Аднаўляюцца і старыя трактары.  Уладкаваўся на працу механізатарам Максім Гушчэня, які рамантуе сабе «Беларус-82».

 Аляксей Садоменка працуе ў таварыстве паўтара года, зарэкамендаваў сябе граматным спецыялістам. Ён мае вышэйшую адукацыю і вопыт работы, скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.

Нямала работы ў слесара Генадзя Коржыка. Генадзь Ільіч на пенсіі, а раней працаваў тут галоўным інжынерам. Ён пастаянна ўносіць рацыяналізатарскія прапановы, якія дапамагаюць ажыццяўляць зваршчыкі Алег Дубаў, Лёва Акапян і Ігар Дрык. Слесар Валерый Кароль выдатны спецыяліст па вулканізацыі колаў. 

Для работы рамонтнікам створаны ўсе ўмовы. У майстэрні падтрымліваецца пастаянная тэмпература. Памяшканне ацяпляе печ, адначасова награваецца і вада. Для працаўнікоў абсталяваны пакой для прыёму ежы, бытоўка, працуе душ. Мінулай восенню замянілі асвятленне. Устанавілі энергазберагальныя лямпы.

На здымках: загадчык механічных майстэрань Аляксей Садоменка і слесар Генадзь Коржык; механізатар Максім Гушчэня; за работай Сяргей Сенька і слесар Валерый Кароль; рамантуе тэхніку механізатар Анатоль Стэфаноўскі.

 

ЗА МЕТАЛАЛОМ РАЗЛІЧЫЛІСЯ ПРАДУКЦЫЯЙ

Сельскагаспадарчымі вытворчымі таварыствамі летась перавыканана заданне па здачы лому чорных металаў. У Стаўбцоўскі цэх ААТ «Белвторчермет» дастаўлена 645 тон другаснай сыравіны – гэта 120 працэнтаў ад плана. У два разы больш запланаванага паступіла лому з ААТ «Шашкі» – 110 тон. Вызначыліся ААТ «Рочавічы», «Налібакі Агра» і «Вялікі Двор». Ва ўмовах недахопу абаротных сродкаў і крэдытных рэсурсаў, з мэтай зніжэння дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасцяў, філіял аптовы цэнтр «Гомельшына» гатовы забяспечыць усе гаспадаркі, якія здалі металалом, неабходнай прадукцыяй паводле дагавораў з прадпрыемствам ДА «Белвтормет». У іх ёсць магчымасць атрымаць патрэбныя тавары ў абмен на грашовыя сродкі, выручаныя за металалом. А іменна, лакафарбавую прадукцыю, акумулятары, аўтамабільную гуму вытворчасці ААТ «Белшына», запчасткі да аўтамашын і трактароў, тасол, тармазную вадкасць, электроды, фільтры, помпы, трубаправодную арматуру і іншыя матэрыялы. Сельгаставарыствы нашага раёна такую магчымасць ужо скарысталі, наладзілі  з філіялам узаемавыгаднае супрацоўніцтва і набылі патрэбную ім прадукцыю.

 

ВЫЗНАЧЫЎСЯ РЫГОР ШУНЬКО

За апошняе пяцігоддзе колькасць пчальнікоў на сельгаспрадпрыемствах нашага раёна скарацілася ў пяць разоў. Калі ў нядаўнім мінулым пчол трымала практычна кожная гаспадарка, то цяпер пчальнікі маюць толькі пяць таварыстваў – «Агранёманскі», «Вішнявецкі-агра», «Вялікі Двор», «Дзераўное» і «Радзіма Якуба Коласа». Летась сабрана ў сярэднім на адну пчоласям’ю па 8 кілаграмаў мёду. Лепшы паказчык на пчальніку ААТ «Агранёманскі», дзе атрымана 6,5 цэнтнера салодкай прадукцыі – на адну пчоласям’ю прыпадае па 18,6 кілаграма. У гэтай гаспадарцы пчалярству ўдзяляецца належная ўвага, пастаянна высяваецца дастатковая колькасць меданосаў. Дарэчы, у ВГКУП «Белпчалярства» падведзены вынікі работы пчаляроў вобласці за мінулы год і адзначана, што Рыгор Шунько выканаў заданне па атрыманні таварнай прадукцыі пры стапрацэнтнай перазімоўцы пчол.

 

ПРЫЯРЫТЭТ – БАБОВЫМ

У структуры пасяўных плошчаў кожнага сельгаспрадпрыемства раёна зернебабовыя культуры павінны займаць не менш за сем працэнтаў. Аднак на палях гаспадарак іх вырошчваецца недастаткова. Прыклад у гэтай справе – ААТ «Вялікі Двор», дзе высяваецца штогод 100 гектараў гароху, намалот складае звыш 300 тон. Бялок, які ўтрымліваецца ў бабовых і з’яўляецца неабходным кампанентам для прыгатавання канцэнтратаў, садзейнічае павелічэнню прадукцыі жывёлагадоўлі. Не трэба закупляць шрот, які каштуе нятанна. Пад ураджай бягучага года ў дзевяці гаспадарках засыпана 555 тон насення бабовых культур, што на 77 тон больш задання. У прыватнасці, у ААТ «Вялікі Двор» – 90 тон, у ААТ «Агранёманскі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – па 80 тон у кожным. Перасягнулі планы засыпкі ААТ «Дзераўное», «Рубяжэвічы» і «Радзіма Дзяржынскага».

 

ПА ВЫНІКАХ ТЭНДАРА

Вырасціць высокі ўраджай немагчыма без прымянення сродкаў аховы раслін. Сёлета запланавана набыць 100 тон пестыцыдаў: пратручвальнікаў, гербіцыдаў, інсектыцыдаў, фунгіцыдаў і таксама рэгулятараў росту для збожжавых культур. Як і ў мінулыя гады, ААТ «Мінскаблаграсэрвіс» праводзіць тэндар, па выніках якога і будзе праведзена закупка. Фірмы рэалізоўваюць хімічныя прэпараты па сістэме «грошы – тавар». Сёння перад кіраўнікамі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў стаіць першачарговая задача разлічыцца з даўгамі, якія назбіраліся на працягу трох гадоў і складаюць мільярды рублёў. Пестыцыды плануецца закупіць у поўным аб’ёме. Дарэчы, летась іх было набыта 106 тон. 

 

ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ТУКАЎ

Аснова будучага ўраджаю закладваецца ўжо ў гэтыя дні. У гаспадарках рыхтуюцца насенны матэрыял, сельскагаспадарчая тэхніка, вывозіцца на палеткі арганіка, назапашваюцца мінеральныя ўгнаенні. Павышаюць свае веды на курсах кіраўнікі і спецыялісты. Усё скіравана на тое, каб выканаць запланаваныя паказчыкі: намалаціць 105 тысяч тон збожжа і 8200 тон масланасення рапсу, накапаць каля 25 тысяч тон бульбы і 146 тысяч – цукровых буракоў, сабраць 1900 тон ільнотрасты. Выкананне гэтых задач у многім будзе залежаць ад наяўнасці мінеральных угнаенняў. Пакуль што ў гаспадарках назапашана тукаў менш, чым на адпаведную дату летась – прыкладна чвэрць да патрэбнасці, і тое ў асноўным за кошт калійных угнаенняў. Улічваючы гэта, нашым сельгаспрадпрыемствам на мінулым тыдні выдзелена на набыццё азотных угнаенняў дадатковая колькасць грошай. Такім чынам, раёну аказана дапамога ў памеры 7 мільярдаў 900 мільёнаў рублёў.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *