Традыцыі

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

ІАРДАНЬ У НОВЫМ СВЕРЖАНІ

Спрадвеку ў хрысціян існуе традыцыя хадзіць на Іардань на свята Хрышчэння Гасподняга. У гэтым годзе муж і жонка Леанiд i Ала Гальперыны (на здымку) вырашылі абсталяваць святую купель. На сядзібе «Млын», якая размяшчаецца ў вёсцы Новы Свержань, дзякуючы доўгай і карпатлівай працы сям’і была ачышчана рака, што працякае недалёка ад гасцініцы. Хочацца правесці аналаг:  у 1428 князь Вітаўт падараваў мястэчка Новы Свержань сваёй жонцы Ульяне. І Леанід Iгбрагiмавiч, натхнёны гэтым прыкладам, адрэстаўрыраваў і падарыў сядзібу «Млын» сваёй  жонцы.

– Я, вядома, не Вітаўт, – прызнаецца Леанід, – але дзеля сваёй каханай гатовы на ўсё.

 Сядзіба ўвесь час удасканальваецца: па выніках 2015 года сядзіба «Млын» узнагароджана прэміяй Guest Review Award на сайце Booking.com за высокі рэйтынг і станоўчыя водгукі.

У гэтым годзе дзверы сядзібы былі адкрыты для ўсіх жадаючых акунуцца ў купель. Ала прызнаецца:

– Акультурванне рэчкі і абсталяванне купелі – ідэя майго мужа.

– Было дзве прычыны, па якіх мы стварылі купель, – усмiхаецца Леанiд. – Па-першае, у нас руская лазня, і мы хацелі пасля лазні акунацца ў купель, бо побач рэчка. Па-другое, людзі пастаянна акунаюцца ў палонку на Хрышчэнне. Мы хацелі, каб была купель, куды яны маглі б прыехаць і здзейсніць абрад. Першапачаткова рэчка была малая, па калена. Спачатку мы прыгналі балотаход, пачысцілі рэчку, але яна па-ранейшаму была неглыбокая. Потым мы зварылі каркас, залілі бетонам купель. Пазней купель звязалі з бетоннай сценкай ля берага. Купель зроблена з жалезабетону, абшыта дошкай. У тэхнічным плане гэта была не простая задача, аднак мы справіліся з ёй.

 Сям’я сутыкнулася з мноствам праблем падчас пабудовы купелі, акультурвання рэчкі. Аднак самая вострая – людское стаўленне да прыроды. Не ўсе людзі цэняць чужую працу, забруджваюць раку, на ачышчэнне якой выдаткавана столькі часу і сіл. Таму муж і жонка настойліва просяць: шануйце прыроду, стаўцеся да яе з павагай і любоўю! Не забруджвайце раку, якая можа прынесці карысць усім жыхарам нашага раёна.

Ала распавяла дзіўную гісторыю, якая даказвае, што падчас Хрышчэння могуць адбывацца цуды:

– 18 студзеня ўся рака была пакрыта кавалкамі лёду. Аднак пасля благаславення святара і асвячэння купелі, за адну ноч увесь лёд знік, вада стала ідэальна чыстай. Гэта цуд!

У гэтым годзе я вырашыла акунуцца ў купелі, прытрымліваючыся прыкладу свайго бацькі, Івана Уладзіміравіча Ігнатовіча. Ён з ранніх гадоў загартоўваецца, я не памятаю зімы, падчас якой мой тата не купаўся б у ледзяной вадзе Нёмана. Ён амаль не хварэе. Мы з сястрой бачылі гэта з чатырох гадоў,  таму без страху ўваходзім у ваду. Купанне восенню звыклае для нас, але я вырашыла паўтарыць вопыт 2013 года і зноў акунуцца ў палонку. Вада была ледзяная. Аднак чысціня зімовай вады, сіла, якая зыходзіць ад яе, надалі мне моцы.

Хочацца яшчэ раз выказаць удзячнасць Леанiду i Але Гальперыным за тое, што дзякуючы іх працы ў гэтым годзе ўсе жадаючыя мелі магчымасць акунуцца ў Хрышчэнскую ваду, якая здольна падарыць чалавеку здароўе і сілу на цэлы год.

 Кацярына ІГНАТОВІЧ

 

КАЛЯДНЫ ВЕЧАР

Нездарма ў народзе кажуць: «За гульнямі зіма не грозная».  Жыхары вёскі Шашкі нядаўна мелі выдатную магчымасць пераканацца ў гэтым. Сумеснымі намаганнямі супрацоўнікоў мясцовага Дома культуры і ААТ «Шашкі» было арганізавана і праведзена выдатнае свята «Святы вечар, калядны вечар». Перад гледачамі на свежым паветры разгарнулася самабытнае дзейства, падрыхтаванае народным ансамблем «Гарэзы». Гучалі народныя песні, цешыла дзятву Каза. Усе жадаючыя мелі магчымасць паспрабаваць прысмакі: прапаноўвалі духмяныя шашлыкі, юшку, цукеркі і гарбату. Было дзе разгуляцца! Сваю выдатную спартыўную падрыхтоўку прадэманстравалі сапраўдныя асілкі Дзмітрый Рагоза і Алег Сабалеўскі, апошні здолеў падняць трыццацікілаграмовую гіру ажно 65 разоў! Святочнае дзейства прадоўжылася перацягваннем каната, арыгінальнымі конкурсамі для дарослых і дзяцей. Ногі самі ішлі ў скокі, калі разгарнулі мяхі гармонікаў старшыня мясцовай гаспадаркі ААТ «Шашкі» Валерый Ільюшэнка і акампаніятар Дома культуры Віктар Рагоза, сапраўдныя майстры-віртуозы. Напрыканцы свята неба асвяціў святочны салют ажно з 49 залпаў. Свята завяршылася святочнай дыскатэкай.

Усе падзякавалі арганізатарам урачыстасці за добры настрой і выдатную традыцыю сустракаць свята ўсёй грамадой.

Надзея БІЗГЕНЬ, вучаніца Шашкоўскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *