Змагацца са злачыннасцю і карупцыяй

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Пракуратурай раёна праведзена каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Разгледжаны пытанні аб прычынах і ўмовах, што выклікаюць гібель людзей, у тым ліку ад замахаў на жыццё і здароўе, а таксама аб стане адпаведнай прафілактычнай работы.

Было канстатавана, што за 11 месяцаў 2015 года ў Стаўбцоўскім раёне адбылося зніжэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў супраць жыцця і здароўя людзей з трох да двух, у тым ліку прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія выклікалі па неасцярожнасці смерць пацярпелага, – з двух да аднаго, колькасць забойстваў з замахамі на данае злачынства засталася на ўзроўні папярэдняга года – два.

Разам з тым застаецца праблема папярэджання крымінальных спраў аб злачынствах супраць жыцця і здароўя грамадзян. Па-ранейшаму большасць злачынстваў данай катэгорыі ўчыняецца на бытавой глебе і асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Меры прафілактычнага характару, што прымаюцца, недастаткова эфектыўныя.

Ва ўсіх адзначаных выпадках учынення забойстваў і наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што выклікаюць смерць пацярпелага, мела месца сумеснае ўжыванне спіртных напіткаў пацярпелымі і злачынцамі. Матывамі забойстваў і наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што выклікалі па неасцярожнасці смерць пацярпелага, з’явіліся працяглыя ці раптоўна ўзнікшыя асабістыя непрыязныя адносіны паміж людзьмі.

Адсутнічае належная прафілактычная работа як з боку органаў унутраных спраў, так і з боку іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Да прафілактыкі злачынстваў недастаткова прыцягваюцца мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, установы аховы здароўя, адукацыі, органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, апякунства, юстыцыі, працоўныя калектывы, грамадскія фарміраванні.

Аб недахопах і ўпушчэннях у правядзенні работы па папярэджанні і прафілактыцы злачынстваў сведчыць тое, што 100 працэнтаў фактаў забойстваў і наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія выклікалі па неасцярожнасці смерць пацярпелага, учынены на сямейна-бытавой глебе, асобамі ў стане алкагольнага ап’янення.

Так, Л. І. Анашкіна, 05.09.1969 г. н., 17.01.2015 у перыяд з 13.00 да 15.00, у стане алкагольнага ап’янення, у сваёй кватэры (д. № 11 па зав. 17 Верасня ў г. Стоўбцы), падчас сваркі з мужам А. М. Анашкіным, наўмысна нанесла яму ўдар нажом у вобласць грудной клеткі і  прычыніла цялеснае пашкоджанне ў выглядзе колата-рэзанага ранення з пашкоджаннем агульнай соннай артэрыі, ад якога пацярпелы памёр на месцы здарэння.

Па гэтым факце Стаўбцоўскім РАСК у адносінах да Л. І. Анашкінай узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Устаноўлена, што да ўчынення Л. І. Анашкінай указанага злачынства ў гэтай сям’і мелі месца канфлікты, у тым ліку з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, небяспечных для жыцця. У сувязі са злоўжываннем спіртных напіткаў Л. І. Анашкіна на працягу некалькіх гадоў стаяла на ўліку ў наркалагічным кабінеце УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ». Аднак дзейсныя меры для яе вылячэння ад алкагольнай залежнасці збоку спецыялістаў установы аховы здароўя не былі прыняты, аб чым сведчыць тое, што жанчыну ў 2012 годзе двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення, у 2013 і 2014 гадах – па разу. Акрамя таго, у 2013 годзе Л. І. Анашкінай дапушчана незаконнае захоўванне па месцы жыхарства самагоннага апарата і брагі. Стаўбцоўскім РАУС не ініцыіравалася пастаноўка гэтай грамадзянкі на прафілактычны ўлік і накіраванне ў ЛПП. Дзейсныя і своечасовыя меры па ўхіленні прычын насілля ў гэтай сям’і і прычын, што ім садзейнічалі, не былі прыняты.

27.06.2015 у перыяд з 17.00 да 19.00 Г. Л. Бець каля будынка малочнатаварнай фермы в. Жыгалкі ў стане алкагольнага ап’янення падчас сваркі з Н. В. Масюк наўмысна пабіў яе, прычыніў небяспечныя для жыцця цялесныя пашкоджанні ў выглядзе закрытай чэрапна-мазгавой траўмы. У сувязі са смерцю пацярпелай, якая паступіла ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» у выніку нанесеных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, Г. Л. Бецю прад’яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 147 КК.

Устаноўлена, што канфлікт узнік паміж жывёлаводамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення на рабочым месцы. Праверку іх фізічнага стану ў час  прыбыцця на работу адказныя асобы ААТ «Радзіма Якуба Коласа» не правялі. Нічога не было зроблена для адхілення Г. Л. Беця і Н. В. Масюк ад выканання рабочых абавязкаў.

Аб неналежным ажыццяўленні прафілактычнай работы па пытаннях барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Стаўбцоўскім раёне таксама сведчыць рост фактаў гібелі грамадзян у выніку алкагольнага атручэння. Так, па выніках 11 месяцаў 2015 года колькасць загінуўшых людзей  у раёне склала 47 (у аналагічным перыядзе 2014 года – 42), з іх у выніку атручэння алкаголем загінула 10 (у папярэднім годзе – 8).

Парушаюцца асноўныя прынцыпы, замацаваныя ў арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», у работнікаў дзяржаўных органаў і арганізацый, якія ажыццяўляюць прафілактычную работу, ствараецца стэрэатып асабістай непрычыннасці да лёсаў канкрэтных людзей і крымінагеннай абстаноўкі ў цэлым. Тым самым ствараюцца ўмовы, што спрыяюць учыненню злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, і, як вынік, выпадкаў гібелі ад знешніх прычын.

Выклікае трывогу колькасць зарэгістраваных за 11 месяцаў 2015 года на тэрыторыі раёна фактаў гібелі людзей у выніку суіцыдаў, іх было 12 (у аналагічным перыядзе 2014 года – 5), а таксама ад дарожна-транспартных здарэнняў – 8 (2).

Указаныя абставіны сведчаць аб неналежнай рабоце суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, у тым ліку раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдыдаў, УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ГУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» адносна ўстанаўлення прычын і ўмоў, што спрыяюць учыненню самазабойстваў, аказання псіхалагічнай дапамогі грамадзянам, якія ўваходзяць у групу рызыкі.

Гібелі грамадзян у выніку ДТЗ садзейнічае  малаэфектыўнае ажыццяўленне кампетэнтнымі органамі, а менавіта АДАІ РАУС і райвыканкамам, паўнамоцтваў, прадугледжаных арт. 11 і 16 «Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху».

Па выніках каардынацыйнай нарады прыняты дадатковыя арганізацыйныя і практычныя меры, накіраваныя на прафілактыку злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, а таксама папярэджанне іх гібелі ад знешніх прычын, унесена прадстаўленне старшыні райвыканкама аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб прафілактыцы забойстваў і наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, гібелі грамадзян ад знешніх фактараў, прычын і ўмоў, што ім садзенічаюць.

На каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй разгледжана пытанне аб выкананні асобных мерапрыемстваў Комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў у Стаўбцоўскім раёне на 2015 год. Праграма прынята рашэннем райвыканкама і ўключае ў сябе 145 мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў, зніжэнне гібелі грамадзян і паляпшэнне крымінагеннай сітуацыі ў раёне. Аднак некаторыя запланавыя мерапрыемствы дубліруюць задачы і абавязкі, ускладзеныя на дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Не знайшлі свайго практычнага ўвасаблення ў Праграме палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» у частцы правядзення мерапрыемстваў па папярэджанні правапарушэнняў супраць грамадскага парадку і грамадскай маралі, што знаходзіць выражэнне ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару. Між тым, за 11 месяцаў мінулага года на тэрыторыі раёна выяўлены чатыры факты ўчынення злачынстваў, два з якіх учынены асобамі, якія не дасягнулі васямнаццацігадовага ўзросту.

Кантроль выканання асобных практычных мерапрыемстваў Праграмы не ажыццяўляецца. Так, згодна з п. 6.17 Праграмы Стаўбцоўскаму РАНС і сельвыканкамам на пастаяннай аснове неабходна размяшчаць на інфармацыйных стэндах, устаноўленых у месцах масавага знаходжання грамадзян, інфармацыю аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы, у тым ліку выпальванне сухой расліннасці, развядзенне кастроў у неўстаноўленых месцах. Аднак на інфармацыйных стэндах, размешчаных у аддзяленні пошты і сувязі г. Стоўбцы, на аўтобусным і чыгуначным вакзалах такая інфармацыя адсутнічае.

У адпаведнасці  з п. 7.5 Праграмы райвыканкаму, кіраўнікам адміністрацый рынкаў і гандлёвых цэнтраў даручана арганізаваць давядзенне да наведвальнікаў  інфармацыі, накіраванай на папярэджанне крадзяжоў уласнай маёмасці, супрацьпраўных замахаў на іх жыццё і здароўе, шляхам радыёзваротаў і бягучага радка. Аднак на гандлёвых аб’ектах такая інфармацыя адсутнічае. У большасці сваёй інфармацыя, якая трансліруецца на бягучым радку, носіць рэкламны характар.

Згодна з п. 9.23 Праграмы аддзелу адукацыі, спорту і турызму, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Стаўбцоўскаму РАУС, РК ГА «БРСМ», арганізацыям раёна на працягу года неабходна арганізаваць выраб друкаванай прадукцыі (памяткі, літоўкі) аб шкодзе наркотыкаў і распаўсюджванне сярод жыхароў раёна такіх звестак, размешчаных на рахунках за камунальныя паслугі. Разам з тым, рахункі за камунальныя паслугі такой інфармацыі не ўтрымліваюць, на адваротным баку гэтых рахункаў размешчана інфармацыя выключна рэкламанага характару. Пры гэтым колькасць зарэгістраваных на тэрыторыі раёна злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, працягвае заставацца адносна высокай. У прыватнасці, за 11 месяцаў 2015 года зарэгістравана 28 злачынстваў указанай катэгорыі, у тым ліку 13 злачынстваў, звязаных са збытам наркатычных сродкаў.

Па выніках каардынацыйнай нарады Стаўбцоўскаму райвыканкама даручана арганізаваць у лютым – сакавіку 2016 года правядзенне пасяджэння райвыканкама з разглядам пытання аб эфектыўнасці выканання мерапрыемстваў Комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў у Стаўбцоўскім раёне на 2015 год.

На каардынацыйнай нарадзе ад 29.12.2015 узгоднена Комплексная праграма па прафілактыцы правапарушэнняў у Стаўбцоўскім раёне на 2016 год.

Сяргей ГРЫЦУК, пракурор Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *