На Стаўбцоўшчыне прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам – «Помнім, ведаем, выконваем!». Інспектары аддзела ДАІ рйаддзела міліцыі пабывалі ў працоўных калектывах, каб на канкрэтных прыкладах расказаць, што выкананне правіл дарожнага руху – гэта неабходнасць жыццёвай важнасці.
Мінулы год характарызуецца ростам аварыйнасці. Вырасла колькасць дарожна-транспартных здарэнняў – «падрасла» і статыстыка загінуўшых. Яшчэ адна негатыўная тэндэнцыя – не змяншаецца колькасць аварый, учыненых нецвярозымі вадзіцелямі. Усяго ў раёне ў 2015 годзе зафіксавана 31 дарожна-транспартнае здарэнне, у іх 9 чалавек загінулі, 29 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У структуры ДТЗ праследжваецца відавочная перавага такога віду, як наезды на пешаходаў і веласіпедыстаў.
Найбольш частая прычына ДТЗ – няправільны выбар хуткаснага рэжыму, а таксама парушэнне правіл дарожнага руху пешаходамі, правіл праезду пешаходных пераходаў і скрыжаванняў, манеўрыравання. Да прыкладу, у адной з аварый загінуў веласіпедыст, які падчас руху быў у навушніках і не пачуў набліжэння велікагрузнага аўтамабіля. У выніку – трапіў пад кола паўпрычэпа… Аналіз паказвае, што найбольш аварыйным днём тыдня з’яўляецца пятніца, следам за ёю ідуць субота і чацвер. Усе ДТЗ здарыліся ў розных кропках раёна і ў розны час, на значным аддаленні адно ад аднаго, пры гэтым кожнае пятае ДТЗ мела месца пры добрых пагодных умовах, у ранішні або дзённы час.
Асобна хочацца спыніцца на вадзіцелях мотатранспарту. З іх узелам у мінулым годзе здарылася тры ДТЗ – ёсць загінуўшы, чацвёра параненых. З данай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху праводзіцца мэтанакіраваная прафілактычная работа. Тых вадзіцеляў матацыклаў і скутараў, якія ігнаруюць правілы дарожнага руху, прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці (такіх 179 чалавек).
Акрамя таго, зарэгістраваны чатыры ДТЗ з удзелам дзяцей-пасажыраў – у іх чацвёра дзяцей атрымалі траўмы. Вінаваты ў гэтым дарослыя. У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў прыцягнуты да адказнасці 188 вадзіцеляў, якія ажыццяўлялі перавозку непаўналетніх з парушэннямі правіл дарожнага руху.
Усяго па лініі ДАІ выяўлена летась 11 200 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 202 вадзіцелі, якія кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, 1040 так званых «ліхачоў». Прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 1 799 недысцыплінаваных пешаходаў.
Штомесяц ажыццяўляецца падрабязны аналіз аварыйнасці на дарогах раёна, з улікам чаго праводяцца адпрацоўкі найбольш аварыйных аўтадарог і населеных пунктаў. У 2015 годзе ладзіліся прафілактычныя акцыі: «Пешаход», «Цвярозы вадзіцель», «Хуткасць», «Колаў менш – небяспекі больш!», «Увага – дзеці!», «Бяспечныя канікулы», «Дзіця – галоўны пасажыр», «Час стаць прыкметным», «Пешаходны пераход для пешаходаў» і т. п., накіраваныя на ўхіленне прычын і ўмоў, што прыводзяць да дарожных аварый.
Іван НЯКРАСАЎ, дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі