Брава, Сабрына!

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

 

Воклічам «Брава!» ацаніла выступленне стаўбцоўскай скрыпачкі Сабрыны Пракаповіч аўдыторыя конкурсу юных выканаўцаў на струнных і смычковых інструментах, які адбыўся ў Заслаўі. Конкурс адметны тым, што праходзіў пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга ў рамках XVI Фестывалю музыкі.
Сабрына Пракаповіч сыграла беларускі твор, уключаны ў вучэбную праграму музычных каледжаў для чацвёртага курса. Дзяўчынка выканала гэты складаны для яе ўзросту канцэртны нумар настолькі граматна, віртуозна, бліскуча, што сур’ёзнае журы, у якое ўваходзілі аўтарытэты ў свеце музыкі, прысудзіла юнай скрыпачцы са Стоўбцаў лаўрэацкі дыплом І ступені. Дапамагла Сабрыне сваім талентам сабрацца, натхніла яе на выдатнае выступленне прафесіянал у сваёй справе канцэртмайстар Людміла Новікава.
З Сабрынай Пракаповіч, вучаніцай сёмага класа Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, усе гэтыя гады працуе выкладчык Ала Імамутдзінава. Гэта адзін з самых вопытных настаўнікаў музыкі, і ў поспехах Сабрыны, як і іншых юных скрыпачоў школы мастацтваў, ёсць і часцінка яе таленту, яе старанняў і сіл. На цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў Сабрына атрымала дыплом і каштоўны падарунак, які ўручыў ёй Міхаіл Фінберг, – каніфоль для смыка і сурдзіну для скрыпкі.
Што ж датычыць Сабрыны Пракаповіч, то гэтая ўзнагарода для яе – чарговая. За гады вучобы ў школе мастацтваў яна неаднаразова вярталася з конкурсаў юных выканаўцаў з дыпломамі. Дзяўчына паспяхова займаецца і ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *