Надзённыя клопаты раёна

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

ПАКАШТАВАЦЬ «БЕРЛІНКІ»

Прайшла першая ў 2016 годзе дэгустацыя новых відаў прадукцыі, арганізаваная  ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат».

На гэты раз ладзілася дэгустацыя ў фірменным магазіне камбіната «Кумпячок» па вуліцы Міру, у новым шматпавярховым мікрараёне Стоўбцаў. Невыпадкова, што сярод яго пакупнікоў пераважаюць маладыя сем’і, у тым ліку з дзецьмі. Дзеці, як і дарослыя, з ахвотай смакавалі мясныя далікатэсы. На мой погляд, асабліва прыйшліся ім даспадобы сасіскі «Берлінкі» і каўбаскі «Кабаносы», таму што пасля дэгустацыі многія бацькі вярталіся ў гандлёвую залу, каб набыць гэтую прадукцыю ва ўпакоўцы.

Перапрацоўшчыкі прадставілі на смак наведвальнікаў «Кумпячка» чатыры новыя віды прадукцыі. Адносна кожнага з іх вычарпальныя каментарыі давалі галоўны тэхнолаг Людміла Бойка, таваравед аддзела збыту і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Галіна Тарарай і спецыяліст па фірменным гандлі Марына Крупец. Пакупнікоў цікавілі не толькі адметнасці рэцэптуры, а і розныя тэхналагічныя падрабязнасці выпуску гэтай і іншай прадукцыі.

Да прыкладу, тыя ж ацэненыя дзецьмі сасіскі «Берлінкі» – без штучных дабавак і араматызатараў, у так званай дымапранікальнай абалонцы, што дазваляе праводзіць іх вэнджанне натуральным спосабам, з дапамогай букавай драніцы. Паўвэнджаныя каўбаскі «Кабаносы» – выключна свіныя, без дабаўлення мукі, соі або крухмалу, і, цікава, што для атрымання 60 грамаў «кабаносаў» трэба ўзяць 100 грамаў мяса. Упакоўваюцца яны на камбінаце па новай тэхналогіі – у мадыфікаваным газавым асяроддзі, чым забяспечваецца дадатковая антыбактэрыяльная апрацоўка і гарантуецца свежасць прадукцыі на ўвесь тэрмін яе захоўвання. Дарэчы, у мадыфікаваным газавым асяроддзі ўпакоўваецца і яшчэ адзін новы від прадукцыі, прадстаўлены на дэгустацыі, – прадукт са свініны сечаны «Кундзюк стаўбцоўскі». Ацанілі пакупнікі і вартасці «кундзюка», і сыравяленай каўбасы «Рускай», аздобленай спецыфічнымі прыправамі. Варта сказаць, што на падыходзе ў перапрацоўшчыкаў яшчэ два новыя віды сыравяленых каўбас – «Пармская», са свініны і ялавічыны, з асобым букетам спецый, і «Рыжская», з нятлустай свініны і шпіку.          

На дэгустацыі разам з мясной прадукцыяй была прадстаўлена і кандытарская – пячэнне, пірожныя, крэкеры і т. п. ад ТАА «Вітрум» і ТАА «Сладавіта». Абедзве фірмы цесна супрацоўнічаюць з фірменным гандлем Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота  аўтара

 

ПА СТАРАДАЎНІМ ТРАКЦЕ

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька прыняла ўдзел у першай прафсаюзнай экскурсійна-турыстычнай выставе «Прафтур-2016».

На выставу былі прадстаўлены інавацыйныя праекты турыстычных маршрутаў усіх абласцей Беларусі.

– У фінал выйшлі 16 турыстычных маршрутаў, – расказвае Галіна Аляксандраўна. – Прыемна, што з трох прызавых месцаў на лепшы маршрут два занялі раённыя аб’яднанні прафсаюзаў Міншчыны. Турыстычнаму маршруту «Лагойшчына літаратурная» журы аддало другое месца. Трэцяе прысуджана турпраекту «Падарожжа па Ігуменскім тракце», які абараніла старшыня Чэрвеньскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна. Заахвочвальны прыз атрымаў праект «Старынкі-Сцешыцы» з Вілейшчыны.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

І МАРАЛЬНЫЯ АРЫЕНЦІРЫ

Кожны апошні аўторак месяца, калі прызначана сустрэча ў клубе «Жывое слова», – падзея.

Аб гэтым гавораць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра. Клуб «Жывое слова» дзейнічае пры аддзяленні другі год, і нязменна вядзе заняткі ў ім настаяцель кафедральнага сабора святой праведнай Ганны протаіерэй Аляксандр Марцінчык. Дзякуючы яго намаганням з першага дня і да сёння колькасць членаў клуба вырасла ў тры разы.

– Для людзей «Жывое слова» – нібыта крыніца, якая жывіць духоўнай сілай і дае маральныя арыенціры, умацоўвае падчас жыццёвых выпрабаванняў, – лічыць загадчык аддзялення Сяргей Есіс.

Заняткі са святаром праходзяць у тэрытарыяльным цэнтры, а таксама ў кафедральным саборы і за яго сценамі. Айцец Аляксандр бласлаўляе членаў клуба і, нярэдка, суправаджае іх у паездках па святых мясцінах.

 

БІЛЕТ ДА РАЁЎШЧЫНЫ

Найбольш акупныя маршруты грамадскага транспарту раёна пралягаюць праз Ахрэмавічы (кампенсацыя выдаткаў на ўзроўні 68 працэнтаў), Куль (67 працэнтаў), Раёўшчына (63 працэнты).

Сярод маршрутаў з самай нізкай акупнасцю значацца Сверынава (16 працэнтаў), Віскачы (каля 19 працэнтаў), Трылес (28 працэнтаў). Акупнасць руху гарадскіх аўтобусаў складае каля 30 працэнтаў. Калі параўноўваць сёлетнія даныя з леташнімі, то ў цэлым назіраецца невялікі, на некалькі працэнтаў, прырост. Зразумела, што размова ідзе не проста аб пасажырапатоку, а аб узроўні страт, атрыманых аўтапаркам № 17 ад рэгулярных пасажырскіх перавозак, і, як вынік, аб эканамічным стане прадпрыемства.

«Эканоміка» аўтапарка вымагае жадаць лепшага. Для частковага пагашэння страт ад руху грамадскага транспарту дзяржава выдзяляе датацыю (у 2015 годзе яна складала 2,853 мільярда рублёў, у 2014 – 4,048 мільярда, у 2013 – 3,673 мільярда). Тарыфы на праезд і кошт білета не залежаць ад транспартнікаў – іх устанаўліваюць органы ўлады. Зарабляць даходы і развівацца прадпрыемства імкнецца іншым шляхам – праз аказанне паслуг грузавым транспартам, турысцкія і іншыя перавозкі, станцыю дыягностыкі. 

Для абслугоўвання маршрутнай сеткі раёна штодзённа выязджаюць на лінію 11-12 аўтобусаў, ёсць рэзервовыя. 

 

ЯКАЯ ЗАРПЛАТА

Згодна з данымі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў у Стаўбцоўскім раёне ў 2015 годзе склала 5818,4 тысячы рублёў, у тым ліку ў снежні – 6177,9 тысячы рублёў.

Вышэй сярэднераённага ўзроўню склалася заработная плата работнікаў фінансавай дзейнасці – 9239,9 тысячы рублёў, занятых вытворчасцю і размеркаваннем электраэнергіі, газу і вады – 7458,4 тысячы рублёў.

 

У МІЖСЕЗОННЕ НА ТУРБАЗЕ

Турысцка-аздараўленчы комплекс «Высокі бераг» запрашае працоўныя калектывы бліжэй да прыроднага ўлоння, каб неўзабаве адсвяткаваць Масленіцу.

Да провадаў зімы на «Высокім беразе»  ў пачатку сакавіка рыхтуюць адмысловую святочную праграму, якая ўключае ў сябе карнавальнае шэсце, тэатралізаванае прадстаўленне, народныя песні і забавы. Да прыкладу, можна будзе пракаціцца з ветрыкам у санях, адчуць цяпло карагода вакол вогнішча, развітацца з зімой і пагукаць вясну… Гульні, спартыўныя конкурсы, пачастункі з прыемнымі сюрпрызамі і прызамі – усё гэта знойдуць для сябе ўдзельнікі.

На турбазе, асабліва ў міжсезонне, становіцца добрай традыцыяй  запрашаць моладзь, сем’і, працоўныя калектывы на святочныя дзействы, напоўненыя святлом гісторыі і культуры нашага народа, якія становяцца святам душы, незабыўным адпачынкам.    

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *