Сустрэчы, алімпіяды, турніры

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

З ПАКЛОНАМ – ДА ПЕРШАЙ НАСТАЎНІЦЫ

Самая вялікая агульнаадукацыйная школа нашага раёна – СШ № 3 г . Стоўбцы заўсёды збірае шмат выпускнікоў на традыцыйны вечар сустрэчы школьных сяброў у лютым. Сцэнарый праграмы дае магчымасць выйсці на сцэну юбілейным выпускам. У ліку іх – шмат вучняў Галіны Мікалаеўны Латушка. Настаўнік вышэйшай катэгорыі з 40-гадовым стажам работы абдымкамі сустракае выпускнікоў. Усіх іх яна памятае маленькімі першакласнікамі, якія стваралі шмат гумарыстычных і непрадбачаных сітуацый. А сёння яны – важныя асобы пры пасадах. Галіна Мікалаеўна вось такой жа абаяльнай усмешкай сагрэе іх усіх і прыме ў свой адрас словы вялікай удзячнасці, прызнання, паклон за яе подзвіг служэння дзецям.

У ліку выпускнікоў сярэдняй школы № 3 і яе дачка Наталля Сінянкова, якая выкладае ў роднай школе англійскую мову і дэманструе інавацыйныя падыходы да справы, новыя формы работы з вучнямі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НА ЎРОК УСПАМІНАЎ

Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы ўмее ладзіць арыгінальныя, вельмі кранальныя вечары сустрэчы з выпускнікамі. І ў гэтым годзе на сайце школы выпускнікі розных гадоў знайшлі запрашэнне прыехаць у родную школу – іх клічуць на ўрок успамінаў.

Святочная праграма, якая рыхтавалася загадзя, уключае шмат нечаканых момантаў, якія аб’яднаюць усіх, сагрэюць, дадуць магчымасць адчуць сябе зноў вучнямі школы. У гэты святочны вечар сустрэчы са школьнымі сябрамі навучальная ўстанова чакае 10 юбілейных выпускаў. Святочная праграма дасць магчымасць усім ім выйсці на сцэну з паклонам настаўнікам і роднай школе.

А ўсяго з 1962 года гэтая школа адправіла ў самастойнае жыццё 54 выпускі. Адметна, што ў ліку цяперашніх педагогаў школы 10 настаўнікаў – выпускнікі гэтай навучальнай установы.

Пр

 

ПРАВІЛЫ ПАТРАБУЮЦЬ ВЕДАЎ

Напрыканцы студзеня прайшла ХІ раённая алімпіяда па Правілах дарожнага руху сярод вучняў. У ёй прыняла ўдзел 21 навучальная ўстанова.

Прывітаць удзельнікаў спаборніцтва ў СШ № 3 г. Стоўбцы прыйшлі начальнік АДАІ РАУС Дзмітрый Воранаў і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Язвінская.

Алімпіяда складалася з некалькіх этапаў: індывідуальнае і каманднае рашэнне заданняў па Правілах дарожнага руху, а таксама творчы конкурс, які праходзіў асобнай намінацыяй.

Веды вучняў ацэньвала журы, у складзе якога былі прадстаўнікі АДАІ, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У індывідуальным рашэнні заданняў пераможцамі сталі: сярод пяцікласнікаў – Ангеліна Прычынец з Рубяжэвіцкай СШ, сярод шасцікласнікаў – Мікіта Мулёў з Рубяжэвіцкай СШ, сярод сямікласнікаў – Канстанцін Чэрнік з Рубяжэвіцкай СШ.

Па выніках ХІ раённай Алімпіяды па Правілах дарожнага руху аб’яўлены школы-пераможцы: першае месца – у Рубяжэвіцкай СШ, другое – у СШ № 3 г. Стоўбцы, трэцяе – у Заямнаўскай СШ.

У творчым конкурсе «Буклет- зварот да бацькоў» каманды прадставілі журы ўласныя распрацоўкі, якія ўтрымлівалі інфармацыю для бацькоў па папярэджанні дзіцячага траўматызму. Найбольш арыгінальнымі і змястоўнымі прызнаны работы СШ № 3 г. Стоўбцы, гімназіі № 1 г. Стоўбцы, Налібацкай, Горкаўскай сярэдніх школ.

Пераможцы алімпіяды ўзнагароджаны граматамі і прызамі.

Таццяна ГРАМЫКА, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

І ГЭТЫ ВАЛЬС ЗНОЎ ГУЧЫЦЬ ДЛЯ ВАС

Мая вандроўка пачынаецца ў незвычайную і дзівосную краіну, створаную людзьмі – настаўнікамі. Падарожжа па ёй пачынаецца з 1913 года, гэта пацвярджае спіс царкоўна-прыхадскіх школ Мінскай епархіі 1915 года.

Першая школа размяшчалася ў вёсцы Дзенісы, у хаце Казіміра Мігуры. У памяці жыхароў жывуць імёны Яна і Ганны Ліс, вясковых настаўнікаў, да якіх беднякі прыводзілі на вучобу сваіх дзяцей. Урок у школе пачынаўся з малітвы Божай, дзяўчынак вучылі спяваць у царкоўным хоры.

У 1945 годзе адкрываецца пачатковая школа ў Цеснавой. Яе дырэктарам прызначаецца Станіслаў Марцінавіч Пятруцкі. У свой час школу ўзначальвалі Антон Антонавіч Хімарода, Іван Фёдаравіч Жарыкаў, Міхаіл Пятровіч Юхневіч, Анатоль Іванавіч Бабіновіч, Віталь Аляксеевіч Чыкін.

У 1962 годзе школа ў вёсцы Цеснавая становіцца васьмігадовай. Памятнай з’явай тых гадоў быў прыход Зіновія Ільіча Кантаровіча – своеасаблівага, энергічнага, цікавага кіраўніка. З маладым запалам ён пачынае вывучаць жыццёвы шлях Ф. Э. Дзяржынскага і яго сям’і, весці перапіску, узначальвае групу «Пошук» па зборы матэрыялаў пра падпольную партызанскую дзейнасць Люцыі і Казіміра Дзяржынскіх у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.

З Зіновіем Ільічом пачыналі сваю працоўную дзейнасць, унеслі сваю важную лепту ў жыццё школы Кацярына Іосіфаўна і Казімір Іванавіч Вялічкі, Пётр Захаравіч і Галіна Сафронаўна Леванчукі, Віктар Іосіфавіч і Лідзія Андрэеўна Рудзько, Ірына Іванаўна Ананьева, Ядвіга Іванаўна Сенакосава, Альберта Антонаўна Княжэвіч.

У 1972 годзе пачалося будаўніцтва сярэдняй школы, першага цаглянага будынка. Праз год намаганнямі З. І. Кантаровіча 1 верасня 1973 года была адкрыта новая школа.

70-80 гады адметныя тым, што школа прымала маладых настаўнікаў. Тут пачыналі сваю працоўную дзейнасць і далі старт новым традыцыям Анатоль Васільевіч і Галіна Іосіфаўна Грэкавы. З маладым запалам пачыналі сваю працоўную дзейнасць Раман Станіслававіч і  і Святлана Іванаўна Сабалеўскія, Алена Феліксаўна Загуста, Надзея Барысаўна Вялічка, Ганна Аляксандраўна Гівойна, Ядвіга Іванаўна Мазуркевіч, Галіна Фёдараўна і Мікалай Міхайлавіч Семянякі, Людміла Георгіеўна Ліпніцкая, Аляксей Паўлавіч Гесь, Мікалай Лукіч Борыс, Антон Іосіфавіч Мішук і іншыя. Школа была «чэмпіёнам» па колькасці маладых настаўнікаў і маладых сем’яў. Помніць школа і рамантычныя гісторыі, дзе сустракаліся Ён і Яна, і іх дзеці закончылі гэтую школу.

1986 год змяніў статус нашай школы. Гэты далёкі ад райцэнтра куточак стаў заложнікам Чарнобыльскай аварыі. Дзякуючы Зіновію Кантаровічу дзейнічае праграма «Аздараўленне». Дзеці выязджаюць на аздараўленне ў Італію, Карэю, Англію, санаторыі сваёй краіны.

Маладымі і энергічнымі засталіся ў памяці вучняў і настаўнікаў капітаны нашага школьнага карабля Зіновій Ільіч Кантаровіч і Аляксей Паўлавіч Гесь. Працоўная біяграфія Зіновія Ільіча налічвала больш за 40 гадоў педагагічнай працы. Больш за 30 гадоў ён прысвяціў стварэнню школьнага дома, нашай школьнай сям’і. Падчас яго кіраўніцтва школа была радыёфікавана, набыта шмат мэблі, мелася кінаапаратура, грузавая машына, аўтобус. Працавалі клас аўтасправы, швейная, сталярная майстэрні. Пры школе пад кіраўніцтвам  Ірыны Іванаўны Ананьевай, жонкі Зіновія Ільіча,  працавала станцыя юнатаў, дзе праводзілася доследная праца. Вучні са сваёй настаўніцай былі ўдзельнікамі выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

У 1977 годзе за плённую работу, актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі школе і піянерскай дружыне прысвоена імя Ф. Э. Дзяржынскага. У 1994 годзе адкрыты краязнаўчы музей.

Калі нашы выпускнікі збіраюцца на вечары сустрэчы, яны не скрываюць слёз удзячнасці і светлай памяці аб Зіновіі Ільічы і Ірыне Іванаўне.

Амаль 10 гадоў узначальваў калектыў Аляксей Паўлавіч Гесь. Колькі пройдзена дарог, колькі запалена кастроў, колькі турыстычных сцяжынак пратоптана ім і яго вучнямі! Выдатны кіраўнік і педагог, чалавек высокай эрудыцыі і інтэлекту пайшоў з жыцця ў 2012 годзе.

У 2003 годзе абавязкі капітана прымае Іван Вацлававіч Буржымскі. Змястоўна і цікава праводзіцца выхаваўчая работа. Працуюць 13 гурткоў, створаны дзіцячы ансамбль «Пацешкі». Школа падтрымлівае цесныя сувязі з ААТ «Радзіма Дзяржынскага» (на той час – СВК), бібліятэкамі, клубамі, Кульскім домам-інтэрнатам. У гэты час намаганнямі дырэктара было наладжана супрацоўніцтва з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, якое працягваецца і цяпер.

Мы ўдзячныя Камітэту дзяржаўнай бяспекі, яго супрацоўнікам, ветэранам, афіцэрскаму саставу, прафсаюзнаму камітэту за патрыятычнае выхаванне школьнікаў. Вучні мелі магчымасць наведаць гісторыка-дэманстрацыйны цэнтр КДБ, Інстытут нацыянальнай бяспекі, паспаборнічалі ў меткасці ў стралковым ціры, сустрэліся з байцамі групы «Альфа».  Дзякуючы шэфам у нашай школе пабывалі чатырохразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайландскім боксе Яўген Ангалевіч, знакамітая біятланістка Алена Зубрылава, чэмпіён свету па веласпорце Наталля Цылінская. Супрацоўнікі КДБ кожны год устанаўліваюць гадавую стыпендыю «Лепшаму ў вучобе, спорце, грамадскім жыцці». Цудоўным падарункам для навучальнай установы стала кніга «Шчыт і меч», выдадзеная КДБ сумесна з Міністэрствам інфармацыі, дзе расказваецца пра Цясноўскую СШ.

Са сцен Цясноўскай сярэдняй школы выйшла больш за 1500 вучняў. 40 выпускнікоў  – першы выпуск 1976 года. 47 юнакоў і дзяўчат закончылі школу з залатым і сярэбраным медалямі. Больш за 40 сталі настаўнікамі. Многія выбралі прафесію ўрача, юрыста, заатэхніка, агранома, інжынера, механізатара, сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна. Ірына Пашкевіч – намеснік старшыні райвыканкама, Юрый Каласоўскі – дырэктар Стаўбцоўскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых, Алена Буржымская – галоўны ўрач Дзераўнянскай участковай бальніцы, Марына Кандраціна – дырэктар Залужскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа, Міхаіл Мігура – намеснік начальніка РАУС, Марыя Чуйко – намеснік дырэктара Заямнаўскай СШ, Ірына Глоба – урач-стаматолаг раённай бальніцы. Гэты спіс можна працягваць.

Вось і закончылася мая вандроўка па школьнай краіне. Я шлю прывітанне ўсім, хто працаваў, вучыўся, хто аддаў школе сілу, энергію, любоў, хто аддаў ёй часцінку свайго жыцця. А цудоўны школьны вальс зноў запросіць вас на жаданую сустрэчу ў роднай школе.

Леакадзія ШЧЭЦЬКА, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Цясноўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага

 

«КВАНТ» – ГЭТА СУР’ЁЗНА

На базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбыўся VІІ абласны турнір юных фізікаў. Спаборнічалі паміж сабою 14 камандаў Мінскай вобласці.

Выдатна выступіла зборная каманда Стаўбцоўскага раёна «Квант» у складзе вучняў гімназіі № 1 г. Стоўбцы Генадзя Блашко, Арсенія Арэшкі, Аляксея Курылы і вучняў Дзераўнянскай СШ Марыі Шумчык і Таццяны Касцюкевіч.

Вучні прэзентавалі відэазапісы праведзеных эксперыментаў, паказалі агульную эрудыцыю і глыбокія веды па фізіцы, прадэманстравалі майстэрства вядзення дыскусіі, граматна задаваць пытанні і ўпэўнена на іх адказваць. Наша каманда дабілася высокіх вынікаў і ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені.

Кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму выказвае ўдзячнасць настаўнікам фізікі гімназіі № 1 і Дзераўнянскай СШ Алене Шыдлоўскай і Людміле Навіцкай за якасную падрыхтоўку вучняў.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *