Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

НЕ ЗДАЮЦЬ ПАЗІЦЫЙ

Калектыў комплексу па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ААТ «Вялікі Двор» не здае заваяваных пазіцый.  Выдатна спрацавалі яго работнікі летась і за студзень атрымалі неблагі паказчык – вырашчана 82 тоны мяса ялавічыны ў жывой вазе, сярэднясутачныя прывагі склалі 801 грам. Вытворчае падраздзяленне мае высокі рэйтынг не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы. Брыгадзірам  комплексу працуе Анатоль Тарабэш (на здымку справа).  Анатоль Барысавіч мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Доўгі час ён рупіўся тут трактарыстам, з дапамогаю кормараздатчыка карміў жывёлу. Дасканала вывучыў усе вытворчыя працэсы і год назад заняў кіруючую пасаду. Спачатку складана было з афармленнем дакументацыі, але дапамагла былы брыгадзір (Таццяна Харкова год назад выйшла на пенсію).

– Калектыў на комплексе згуртаваны, усе працуюць на канчатковы вынік, каб атрымаць неблагую заработную плату, – гаворыць Анатоль Барысавіч. – Людзі добрасумленныя, старанныя.

Сярод іншых брыгадзір вылучае аператараў Ірыну Смецюх і Наталі Маісееву (на здымку ў цэнтры). Жанчыны даглядаюць маленькіх цялят і маюць неблагія прывагі, гадаванцы ў іх групах прыбываюць штодзень больш за 770 грамаў. Уладзімір Гардзіенка (на здымку злева) малады жывёлавод, але добра сябе зарэкамендаваў. Працуе на групе адкорму разам з вопытным Валерыем Жылкам.

 

Выконваецца тэхналогія – адпаведныя і вынікі

Завяршыўся першы месяц бягучага года для работнікаў жывёлагадоўчай галіны. Па вытворчасці малака запланаваная шасціпрацэнтная прыбаўка не дасягнута, паказчык атрыманы практычна на ўзроўні мінулага года. Надоена 6957,6 тоны малака, у сярэднім ад кожнай каровы па 433 кілаграмы, плюс адзін кілаграм.

– Прычыны, якія не дазволілі падняцца надоям, –  непрытрымліванне тэхналогіі кармлення і ўтрымання жывёлы, і асабліва навацельных кароў, – канстатуе начальнік аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галіна Шуранкова. – Не ўсюды выдзяляюцца па перыядах сухастойныя каровы.

Калі гэтая работа вядзецца на ўзроўні, то ёсць і высокія вынікі, як у ААТ «Каганец» і ТАА «СЖК «Налібакі». Стараецца ў гэтым плане кіраўніцтва СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». За мінулы месяц самы  вялікі мінус у жывёлаводаў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Ад кожнай каровы гэтымі днямі тут атрымліваюць каля сямнаццаці кілаграмаў малака, летась у гэты перыяд было звыш дваццаці. Знізіўся надой у ААТ «Вялікі Двор».

У райсельгасхарчы падкрэсліваюць, што сітуацыю, якая склалася ў малочнай жывёлагадоўлі, трэба і можна паправіць, збалансаваўшы рацыёны па макра- і мікрадабаўках, пратэіне.

У мясной жывёлагадоўлі жывёлаводы спрацавалі з прыбаўкай. І менавіта дзякуючы належнаму кармленню. Пастаянна закупляецца стартарны камбікорм КР-1 для маленькіх цялят, а таксама КР-2  і КР-3. Рыхтуюцца кармасумесі, якія жывёла з’ядае з задавальненнем. Лепшымі сталі ўмовы ўтрымання, жывёлагадоўчыя памяшканні своечасова ачышчаюцца ад гною і падсцілаюцца саломай. І вынік атрыманы адпаведны, вырашчана за студзень 603,4 тоны мяса ў жывой вазе, што на 46,5 тоны больш леташняга.

 

ЧАТЫРЫ «КЛЮШАЧНІКІ»

У гаспадарках раёна павялічваецца колькасць буйной рагатай жывёлы. Па стане на 1 лютага бягучага года на жывёлагадоўчых фермах налічвалася 47 001 галава БРЖ, што на 607 больш адпаведнага перыяду летась, у т. л. 16 014 кароў – плюс 174. Гэта добрая тэндэнцыя, але яна выклікае неабходнасць будаўніцтва новых жывёлагадоўчых памяшканняў. Летась у раёне было распачата будаўніцтва дзевяці «клюшачнікаў» на ўтрыманне па 200 галоў жывёлы кожны. Чатыры з іх нядаўна здадзены ў эксплуатацыю – у ААТ «Каганец», «Вялікі Двор», «Рубяжэвічы» і «Радзіма Якуба Коласа». Тры памяшканні будуць уведзены ў строй дзеючых літаральна праз месяц – у ААТ «Жацерава», «Агранёманскі» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», у ААТ «Вішнявецкі-агра» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – на працягу года.

 

ШЧЫРУЮЦЬ ВОПЫТНЫЯ ЖЫВЁЛАВОДЫ

Летась калектыў МТФ «Дразды» ААТ «Агранёманскі» заняў другое месца ў таварыстве па надоях малака ад каровы з вынікам 5849 кілаграмаў. Брыгадзір фермы Валерый Дарашчук расказвае, што крыху змінусавалі да паказчыка папярэдняга года, бо павялічылася пагалоўе кароў. Зараз  у памяшканнях утрымліваюцца 405 рагуляў, на пятнаццаць больш. У студзені прыбавілі па вале, надаілі звыш 178 тон. У першым квартале адбудзецца нямала ацёлаў, і брыгадзір упэўнены, што малака прыбавіцца. Тым больш, што кармы нарыхтаваны якасныя. Асабліва сянаж, які ўвесь адпавядае першаму класу. Дойнаму статку даюць кармасумесі, якія рыхтуюць з саломы, сена, сенажу і канцэнтратаў.

 Калектыў на ферме налічвае 40 чалавек. Сярод іх восем асноўных аператараў машыннага даення і два падменныя. Работніцы вопытныя, пераважная большасць з іх адпрацавалі ў гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў. 

– У кароўніку ўстаноўлена даільнае абсталяванне «Манарэльс», што дазволіла павялічыць надоі, – працягвае гаворку Валерый Дзмітрыевіч. – Аднак разам са станоўчымі момантамі ёсць і адна праблема – яно даволі дарагое ў абслугоўванні. 

Малако з фермы залічваецца перапрацоўшчыкамі вышэйшым гатункам. Летась адгружалі пэўную колькасць і «экстрай», але па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах замацаваць дасягнуты паказчык не здолелі. У гэтым накірунку працуюць. Кожны чацвер праводзяцца санітарныя дні. Ды і самі людзі зацікаўлены атрымліваць прадукцыю найвышэйшай якасці, бо за яе прадугледжана даплата.

На ферме створаны не толькі належныя ўмовы для работы. Ёсць бытавыя пакоі, душавая і санвузел. Нядаўна праведзены іх касметычны рамонт, а таксама пафарбаваны калідор.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *