Ведаць і выконваць нормы заканадаўства

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна праведзена праверка захавання супрацоўнікамі РАУС, у тым ліку аддзялення па  грамадзянстве і міграцыі, патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, выкананні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату».

Устаноўлена, што ў Стаўбцоўскі РАУС за 11 месяцаў 2015 года паступіла 246 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. З агульнай колькасці зваротаў 175 вырашана ў рамках Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», 23 накіраваны на вырашэнне ў адпаведнасці з кампетэнцыяй у іншыя арганізацыі.

Пры вывучэнні зваротаў выяўлены парушэнні патрабаванняў дзеючага заканадаўства. Так, 26.08.2015 у РАУС з пракуратуры раёна паступіла заява А. С. Дзядзейкі аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў райаддзела міліцыі ў частцы адмовы ад прыняцця заявы, зневажанняў і паклёпаў з боку супрацоўнікаў РАУС у яго адрас, а таксама супрацьпраўных дзеянняў з боку жыхароў г. Стоўбцы. 02.09.2015 у Стаўбцоўскі РАУС з УУС Мінаблвыканкама паступіла аналагічная заява А. С. Дзядзейкі аб супрацьпраўных дзеяннях А. С. Новіка і А. В. Лявочына. Гэтыя заявы далучаны да матэрыялу праверкі па заяве, што паступіла 26.08.2015.

У адпаведнасці з рэзалюцыяй начальніка Стаўбцоўскага РАУС разгляд даных зваротаў даручаны намесніку начальніка  райаддзела, начальніку міліцыі грамадскай бяспекі Р. В. Харуту. Згодна з ч. 3 арт. 17 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаны не пазней 15-ці дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, – не пазней аднаго месяца, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены заканадаўчымі актамі. Аднак на працягу 15 дзён з моманту паступлення звароту дзейсныя меры з боку намесніка начальніка РАУС Р. В. Харуты па разглядзе звароту не прымаліся. На падставе рапарта Р. В. Харуты рэзалюцыяй начальніка РАУС тэрмін разгляду заявы працягнуты да аднаго месяца. А потым і да двух месяцаў, паколькі, згодна з рапартамі Р. В. Харуты, заяўнік не прыходзіў у міліцыю, каб даць паказанні па сутнасці. У матэрыялах справы адсутнічаюць звесткі аб накіраваных па месцы жыхарства А. С. Дзядзейкі павестак аб неабходнасці яўкі ў РАУС, інфармацыі суседзяў аб фактычным пражыванні заяўніка па месцы рэгістрацыі і магчымым месцы яго знаходжання. Аднак у сваёй заяве ад 09.09.2015 А. С. Дзядзейка ўказваў даныя ўдзельнікаў канфлікту, што не патрабавала правядзення дадатковых мерапрыемстваў па іх устанаўленні з мэтай атрымання адпаведных тлумачэнняў. Указаныя абставіны сведчаць аб дапушчанай з боку намесніка начальніка Стаўбцоўскага РАУС Р. В. Харуты валакіце, непрыняцці дзейсных мер па своечасовым разглядзе зваротаў.

Адказ быў накіраваны 22.10.2015, пры гэтым указана, што выкладзеныя ў звароце А. С. Дзядзейкі факты непрыняцця Стаўбцоўскім РАУС заявы, зневажанняў, паклёпаў з боку супрацоўнікаў райаддзела міліцыі, а таксама супрацьпраўных дзеянняў з боку А. С. Новіка і А. В. Лявочына не знайшлі пацвярджэння. Абставіны, выкладзеныя ў заяве аб супрацьпраўных паводзінах жыхароў г. Стоўбцы ў адносінах да заяўніка, у частцы вырашэння маёмасных спрэчак, да кампетэнцыі міліцыі не адносяцца. Разам з тым, у адказе заяўніку не растлумачана, у якую арганізацыю і ў якім парадку належыць звярнуцца для вырашэння гэтага пытання.

Акрамя таго, у адказе заяўніку няправільна растлумачаны парадак абскарджвання рашэння, прынятага РАУС па яго звароце. У адпаведнасці з п.1 арт. 20 Закона адказ арганізацыі на зварот ці рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячую арганізацыю. Аднак у адказе А. С. Дзядзейку ўказана, што прынятае рашэнне можа быць абскарджана ў вышэйстаячую арганізацыю ці ў суд. Пры гэтым суд не з’яўляецца вышэйстаячай арганізацыяй у адносінах да Стаўбцоўскага РАУС. Адказ на зварот можа быць абскарджаны ў судовым парадку пры адсутнасці ў арганізацыі, што разглядзела зварот па сутнасці, вышэйстаячай арганізацыі (п.6 арт. 20 Закона).

Няправільна растлумачаны парадак абскарджвання прынятага Стаўбцоўскім РАУС рашэння па звароце І. І. Максімовіч, П. В. Лажбянёва, А. В. Карнеева, А. В.  Язвінскай, М. К. Акалот.

У ходзе праверкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, вырашаных  супрацоўнікамі РАУС, таксама выяўлены факты неналежнага захавання патрабаванняў Закона аб поўным, усебаковым і аб’ектыўным разглядзе зваротаў. Такія парушэнні дапушчаны начальнікам ізалятара часовага ўтрымання Ю. З. Акулічам пры вырашэнні звароту А. С. Квакухі па факце супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў РАУС у перыяд утрымання заяўніка ў ІЧУ.

У ходзе праверкі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС выяўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства адносна вядзення кнігі заўваг і прапаноў. Устаноўлена, што за 11 месяцаў 2015 года ў кнігу заўваг і прапаноў АГіМ унесены адна скарга і дзве падзякі. З мэтай разгляду скаргі, унесенай 19.08.2015, праведзена службовая праверка, аб чым праінфармаваны заяўнік. Аднак, інфармацыя аб выніках праверкі і даце накіравання адказу ў кнізе заяў і прапаноў не ўтрымліваецца, копія адпаведнага адказу да кнігі не далучана, разам з ёй не захоўваецца, што  з’яўляецца парушэннем заканадаўства.

Прычынай дапушчаных парушэнняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб з’яўляеццаа недастатковае веданне супрацоўнікамі Стаўбцоўскага РАУС нормаў заканадаўства ў данай сферы праваадносін, фармальны падыход адказных асоб да разгляду зваротаў грамадзян, умовамі – адсутнасць належнага кантролю з боку кіраўніцтва аддзела ў даным напрамку.

Па выніках праверкі пракуратурай раёна начальніку Стаўбцоўскага РАУС унесена прадстаўленне па ўхіленні парушэнняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць.

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *