Не забыты даўнейшыя рамёствы

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

НЕ ПЕРАВЯЛІСЯ ЎМЕЛЫЯ КАВАЛІ

Кавальская справа ў нас асацыіруецца з даўнімі майстрамі. І зразумела – рамяство гэтае ў сучасны момант даволі рэдкае. Нас жа здзівіла не толькі тое, што ў Стоўбцах дзейнічае прыватная кузня, а больш тое, што распачаў гэтую старадаўнюю справу малады чалавек, вельмі сучасны па сваім успрыняцці свету і інтарэсах. Падчас адкрыцця выставы народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» раённага Цэнтра культуры ля экспазіцыі, прадстаўленай Сяргеем Блезе, мы таксама надоўга спыняемся, як і іншыя ўдзельнікі імпрэзы. Ручной работы паляўнічыя і грыбныя нажы, мастацкай коўкі падсвечнікі зачароўваюць сваёй аўтарскай задумай і творчым яе ўвасабленнем.

Нам захацелася пабыць у кузні. Майстар ахвотна запрашае журналістаў і распавядае пра сваё хобі, якое стала цяпер справай яго жыцця, асноўным заняткам.

Маладыя людзі Сяргей Блезе і Вера Крамко адправіліся ў падарожжа ў Чэхію. Большую частку часу Сяргей правёў не на курортных пляжах, не ля адметных архітэктурных помнікаў, а ў майстэрнях кавалёў. Яго так захапіла гэтая справа, што па прыездзе дамоў стаў майстраваць кузню. Для гэтага склаліся спрыяльныя абставіны: у Стоўбцах, на радзіме жонкі, у іх прыватным доме на завулку Шпітальным, знайшлося месца для ажыццяўлення творчай задумы. За некалькі гадоў Сяргей Блезе стаў прызнаным майстрам кавальскай справы.

Ён расказвае нам, што ў яго ёсць шмат творчых напрацовак  адносна мастацкіх прадметаў інтэр’ера, аднак пакуль ён паспявае выконваць толькі заказы на нажы рознага спецыфічнага прызначэння – рыбалоўныя, паляўнічыя, скураздымныя, для грыбнікоў. Яны мастацкай коўкі адначасова з практычным прымяненнем, таму многія лічаць такую аўтарскую работу найлепшым падарункам. І ідуць заказы майстру з розных куткоў Беларусі.

Рэзчыкі па дрэве таксама ведаюць дарогу ў прыватную кузню. Каваль можа вырабіць любы інструмент, разец для іх мастацкай творчасці.

Назіраючы за работай майстра, мы ўпэўніваемся, што кавальства – цяжкая ручная праца. Паспрабуй памахай молатам ля накавальні з гарачай печчу! Сяргей жа выконвае работу з задавальненнем, ахвотай. Мы любуемся гэтым абаяльным маладым чалавекам, у якога нават і знешні выгляд «мастацкі».

У Чэхію ён працягвае ездзіць на адпачынак. Там у яго цяпер сябры – майстры кавальскай справы. З імі Сяргей Блезе зараз на роўных – лёгка можа даць майстар-клас. І ён ім цікавы не менш, чым яны яму.

Вось так электрамантажнік па дыпломе з Маладзечна стаў мастаком і адмысловым майстрам-кавалём.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

БЫЎ ТАКІ ЗАВОД У НАЙДЗЁНАВІЧАХ

Усё ж сказаць «завод» будзе занадта гучна. А лепш проста – майстэрня. Такая, на сённяшні час не зусім звычайная, і працавала ў другой палове саракавых-пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў Найдзёнавічах.

Адгрымела вайна. Патрэбна было на папялішчах аднаўляць жыццё. А якія з рэчаў неабходны былі вясковым людзям? Чыгуны, каб варыць ежу і сабе, і дамашняй жывёле. Зімы стаялі не раўня цяперашнім – снежныя, марозныя. Зразумела, што і валёнкі былі запатрабаваны. Таму абдумана паступілі мясцовыя ўлады, калі вырашылі заснаваць невялікае прадпрыемства па ліцці чыгуноў і валянні валёнак. Агледзелі памяшканні для размяшчэння майстэрні ў хаце, дзе раней жылі яўрэі. Гаспадароў падчас ваеннай віхуры напаткаў лёс многіх людзей гэтай нацыянальнасці: яны былі знішчаны фашыстамі.

Набралі работнікаў і распачалі справу. Назавём сёння ўсіх, хто шчыраваў над вырабам такіх надзённых рэчаў. Брыгадзірам быў Уладзімір Вяршына, працавалі зімой таксама і ў яго дома. Меў пэўны вопыт і ўменне майстар Уладзімір Некраш. Стараннасць у працы праяўлялі Марыя Пальчэўская, Галіна Акалот, Софія Вяршына, Міхаіл Якусік, Уладзімір Мардзіловіч.

Ліццё чыгуноў было звычайна летняй справай. Расплаўлены ў печах метал залівалі ў ліцейную форму. Калі ён астываў і станавіўся цвёрдым, даставалі вырабы і апрацоўвалі – шліфавалі. Тэхнічных прылад асабліва не было, таму шмат што рабілі ўручную. Работа няпростая, патрабавала не толькі механічнага выканання працэсаў, а і знаходлівасці, кемлівасці. Затое для набыцця чыгуноў утваралася нават чарга. Прадавалі прадукцыю мясцовым жыхарам, грошы арцель здавала ў дзяржаўную касу. Выконвалі і афіцыйны заказ на выраб адпаведнай колькасці такога вясковага рыштунку. Вось так і вырашалася сацыяльная праблема таго часу. Бо нездарма ж казалі: «Не гаспадыня яна, калі не мае ні збана, ні чыгуна…»

Чыгуны, чыгункі – яны і сёння не лішнія ў вясковым побыце. Чыгунныя, адкуль і назва, алюмініевыя ж можна было набыць у крамах. І хто не згодны з тым, што страва, прыгатаваная ў іх, у рускай ці беларускай печы, мае асаблівы смак.

А як было ў той час без валёнак? «Вецер злосны, ледзяны. Ёсць валёначкі! Яны абагрэюць у мароз люты, ты шчаслівы, як абуты. Кружаўныя, распісныя – у модзе валёначкі любыя». Дарэчы, зімовы абутак з валенай воўны бытаваў з дзевятнаццатага стагоддзя, спачатку ў заможных сялян. А потым атрымаў і шырокае распаўсюджанне.

Працэс вырабу валёнак уключае некалькі этапаў. Коратка іх можна назваць так: закладка вырабу, валянне, фармаванне, аддзелка. У такім парадку вялі работу майстры ў Найдзёнавічах.

Воўну насцілалі на стале, на змочаным вадой кавалку палатна. Потым яго скручвалі разам з воўнай у трубку і камячылі рукамі да ўтварэння тонкага пласта, які называлі пляйстрай. На яго праз палатняную пракладку клалі новы пласт воўны, накрывалі плацікам і зноў камячылі. Далей даставалі пракладку, надавалі пляйстрам форму вырабу, злучалі абодва пласты, аблівалі кіпенем для ўшчыльнення, шмат разоў раскатвалі і церлі спецыяльнымі качалкамі (валёк, пруток, рубцы). Загатоўку насаджвалі на драўляныя калодкі (правідлы, балванкі) для надання патрэбнай формы. Пасля сушкі ў печы выраб на калодцы расчэсвалі жалезнай шчоткай, церлі пемзай, абпальвалі ворс.

Асобным працэсам было мастацкае аздабленне, якое выконвалася па жаданні заказчыка. Нанесці фарбу, прыгожы малюнак – усё гэта было справай мастацкага густу і майстэрства.

Няхай цяпер зручны зімовы абутак – гэта боты, боцікі, чаравікі, але і валёнкам шмат хто не дае адстаўкі. Хіба лішнімі былі яны ў сёлетнім завейным, марозным студзені. А знаёмы, заўзяты рыбак, так і казаў: «Прапаў бы на сваёй «марознай вахце», каб не дзедаў кажух ды збітыя валёнкі».

Дарэчы, валянне валёнак, асабліва дзіцячых, бытуе і ў наш час у вёсках. Майстры-валюшнікі вырабляюць абутак з захаваннем традыцыйных тэхналогіі і прылад працы.

Вось такім прыкладна было шчыраванне рамеснікаў у вёсцы Найдзёнавічы. Майстэрню закрылі ў пяцідзясятыя гады, а памяць засталася. Можа ў каго з вяскоўцаў і захаваліся тыя адмысловыя вырабы.

Святлана АДАМОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *