Не так часта наведвае нас сонейка зімовым часам, таму выхаванцы аб’яднання па інтарэсах «Гаваруны», разам са сваім кіраўніком Лідзіяй Уладзіміраўнай Кірыленка, вырашылі самі стварыць сонечную, цёплую атмасферу. У памяшканні Шашкоўскай сельскай бібліятэкі дзеці падрыхтавалі цікавае мерапрыемства пад назвай «Дабрыня заўсёды побач».
Свята пачалося са шчырай песні і цёплых слоў Лідзіі Уладзіміраўны пра дабрыню, пра яе невычэрпную энергію і гаючыя якасці для чалавечай душы. А затым паміж членамі гуртка прайшоў конкурс чытальнікаў. Дзеці падабралі прыгожыя і кранальныя вершы пра дабрыню і прадставілі іх на суд журы. Журы складалася з дырэктара Шашкоўскага СДК А. І. Явід, бібліятэкара Л. А. Мазуркевіч і кіраўніка народнага ансамбля «Гарэзы » В. М. Калкоўскай.
Кожны, хто дэкламаваў верш, замацоўваў на стэндзе слова, якое характарызуе дабрыню. І калі апошні праменьчык быў замацаваны вакол жоўтага круга, на ім з’явілася ласкавая ўсмешка.
Выбраць пераможцу было вельмі цяжка, бо кожнае дзіця па-свойму шчыра і пранікнёна чытала выбраны верш. Ніхто не застаўся без увагі. Усе атрымалі салодкія падарункі і сімвалічныя прызы. А самае галоўнае, што дзеці змаглі пераканацца, што дабрыня стварае цудоўны настрой, дорыць цеплыню і шчырасць.
Надзея БІЗГЕНЬ, член гуртка «Каласкі» Шашкоўскай СШ
НАМАЛЮЙЦЕ ПАШТОВУЮ КРАІНУ
Мінскі філіял РУП «Белпошта» для дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў аб’явіў конкурс малюнка «Паштовая краіна», прысвечаны 20-годдзю філіяла.
Конкурс накіраваны на павышэнне іміджу прадпрыемства, папулярызацыю паштовых прафесій, развіццё творчага патэнцыялу дзяцей і моладзі. Работы павінны быць выкананы на белай паперы фармату А 4 гуашшу, акварэллю, каляровымі алоўкамі або фламастарамі. Пры іх ацэнцы будуць улічвацца адпаведнасць тэматыцы, арыгінальнасць і крэатыўнасць яе раскрыцця, кампазіцыя і складанасць выканання. Работы з пазнакай «Конкурс дзіцячага малюнка» накіроўваюцца поштай да 11 сакавіка ўключна па адрасе: Мінскі філіял РУП «Белпошта», вуліца Варанянскага, д. 5, корп. 3, 220039, г. Мінск.
Журы будзе вызначаць пераможцаў і прызёраў у трох узроставых групах. Узнагароджанне пераможцаў конкурсу пройдзе ў рамках святкавання 20-годдзя Мінскага філіяла РУП «Белпошта».
Дадатковую інфармацыю аб конкурсе можна атрымаць у работнікаў паштовай сувязі, а таксама на сайце www.belpost.by ці на старонцы Мінскага філіяла www. belpost.by/branch/minsk/news/.
Пр