У палоне муз

Захапленні Нумары

image_pdfimage_print

Маё знаёмства з Яўгенам Вікенцьевічам Карпуцем адбылося, калі я была вучаніцай гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Ён тады працаваў настаўнікам музыкі і выяўленчага мастацтва. Пры першай сустрэчы Яўген Вікенцьевіч выклікаў у мяне ўражанне чалавека інтэлігентнага і неардынарнага. Далейшае знаёмства з ім толькі ўзмацніла гэтае ўражанне. Я заўважыла яго прыродную тактоўнасць, эрудыцыю. Мой настаўнік – паэт, музыка, мастак.

Нядаўна я сустрэлася з Яўгенам Вікенцьевічам і ўпэўнілася, што ён яркі талент і прыклад працавітасці. Паміж намі адбылася цікавая гутарка.

– Калі вы адчулі схільнасць да творчасці?

– Гэта пачалося ў мяне яшчэ са школьнай парты. Свой першы верш «Школьныя гады» я напісаў у 10 класе. Пасля ўдзельнічаў у літаратурным аб’яднанні пры Барысаўскай газеце. У гады маёй вучобы ў Гродзенскім культпрасветвучылішчы, Маладзечанскім музычным вучылішчы і на музфакультэце МГЗПІ ў горадзе Маскве мне пашчасціла пазнаёміцца з творчымі людзьмі. Гэта стварыла цудоўную магчымасць для працы.

– Яўген Вікенцьевіч, што для вас паэзія?

– Паэзія – гэта колер часу, які можа мяняцца ў адпаведнасці з самым жыццём. Яна заўсёды напоўнена творчымі знаходкамі, нейкім душэўным рухам, споведдзю перад самім сабой і цікавай інфармацыяй. Яна засцерагае нас ад паўсядзённага шуму. Гавораць, што творы заўсёды нейкім чынам падобны да самога аўтара.

– А пра што пішаце вы ў сваіх творах?

 – Я сааўтар больш як 20 калектыўных выданняў. Але ў мяне ёсць і свае ўласныя зборнікі: «Васільковыя прасторы» (2004), «Феерверк» (2005), «Камертон» (2011), «Вырай» (2012), «Гэты кут расціў паэта» (2013). Зараз працую над наступным зборнікам. Напрыклад, у зборніку «Феерверк» аб’яднаны творы рознай тэматыкі: шмат вершаў пра Стаўбцоўшчыну, пра прыгажосць прыроды, пра каханне, пра настаўнікаў, пра тыя мясціны, дзе нарадзіўся (хутар на Іўеўшчыне). Некаторыя вершы прысвечаны паэтам: Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Адаму Міцкевічу, Міколу Маляўку, Казіміру Камейшу. Зборнік твораў «Камертон» складаецца з вершаў ваенна-патрыятычнай тэматыкі, адраснай паэзіі. Цікавымі для чытача будуць іранічныя карацелькі, у зборніку шмат песень. Вершы-прысвячэнні Якубу Коласу надрукаваны ў зборніку «Гэты кут расціў паэта». Няхай словы нашага песняра сеюць у душы кожнага дабрыню, любоў, пашану да нашай Беларусі.

– Чым вы любіце займацца ў свабодны час?

– Я з’яўляюся актыўным удзельнікам раённага літаратурна-музычнага аб’яднання «Аўтограф», клуба «Жывіца» пры цэнтры народнай творчасці ў Мінску. Пішу музыку да сваіх твораў, малюю.

Час праляцеў хутка. Я дзівілася: адкуль такая працавітасць ў Яўгена Вікенцьевіча? А калі пачула, як ён іграе на баяне, – заслухалася. Развітваючыся, падзякавала Яўгену Вікенцьевічу за тое, што ён услаўляе Стаўбцоўшчыну, родныя Нёманскія куткі, і пажадала поспехаў у яго натхнёнай працы.

Ксенія РУБІН

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *