Сацыяльны ракурс

Грамадства Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

10-02-2016-20

ПРАГРАМА ДОБРАЎПАРАДКАВАННЯ І АСВАЕННЕ СРОДКАЎ РАЁННАГА СУБОТНІКА

На Стаўбцоўшчыне штогод рэалізуецца комплексная праграма добраўпарадкавання, у выніку чаго змяняецца выгляд райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў, паляпшаецца якасць жыцця людзей. Пра тое, што ўдалося зрабіць у мінулым годзе і што давядзецца рабіць у годзе бягучым, мы гутарым з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам ЦЫВАКАМ.    

– Аляксандр Мікалаевіч, давайце пачнём з прынцыповага моманту. На пачатку 2015 года ў нашай раённай газеце быў надрукаваны спіс вуліц і дамоў, уключаных у пералік аб’ектаў, на якіх будуць праводзіцца капітальныя рамонты, добраўпарадкаванне і т. п. Ёсць сярод іх і завулак Сацыялістычны, дзе планавалася правесці асфальтаванне. Яго жыхары даўно чакалі гэтых перамен. Ды і для нашага горада, які няўхільна расце, пашыраецца, яны, несумненна, маюць значэнне – завулак, які злучае новую і старую часткі Стоўбцаў, мог бы адцягнуць на сябе долю транспартнай нагрузкі з вуліцы Дзяржынскага. Аднак работы па асфальтаванні завулка не праводзіліся…

– На маю думку, не зусім правільна рабіць акцэнт менавіта на завулку Сацыялістычным. Штогод праз газету мы інфармуем насельніцтва аб графіку чарговасці правядзення работ па капітальным рамонце дамоў, добраўпарадкаванні вуліц і дваровых тэрыторый, пад якія плануецца фінансаванне. Графік – гэта не план работ на бягучы год, а накірунак развіцця, перспектыва, у адпаведнасці з якой работы выконваюцца. Аднак аб’ём іх залежыць ад  выдзеленых бюджэтных сродкаў. У мінулым годзе аказалася не даведзеным да канца добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі (стварэнне дзіцячай пляцоўкі) на вуліцы Энгельса, 3, што было прадугледжана планам. У бягучым годзе пачнём акурат з гэтага адраса. На даны момант разглядаецца графік чарговасці работ па добраўпарадкаванні г. Стоўбцы і Стаўбцоўскага раёна, які будзе апублікаваны ў раённай газеце «Прамень» і на сайце райвыканкама, у адпаведнасці з ім будуць выконвацца работы. На завулку Сацыялістычным праведзены падрыхтоўчыя работы, зроблены разлік кошту матэрыялаў. Асфальтаванне ўскладняецца тым, што па завулку праходзяць інжынерныя сеткі з новага мікрараёна, неабходна рабіць калодзежы для адводу ліўневых вод.        

– Хацелася б падрабязней спыніцца на праграме добраўпарадкавання 2015 года. Што зроблена?

– Была заасфальтавана вуліца Дружная ў Стоўбцах. З’явіліся новыя тратуары на вуліцах Гагарына, К. Цэткін, Танкістаў. Да адкрыцця другой чаргі фізкультурна-аздараўленчага комплексу была пракладзена тратуарная дарожка да ФАКа ад прыпыначнага павільёна на вуліцы Ленінскай. Тратуарам, двума прыпыначнымі пунктамі і стаянкай для аўтатранспарту аздоблена вуліца 17 Верасня (уздоўж гарадскога возера). На ўездзе ў Новы Свержань добраўпарадкавана пляцоўка пад памятны знак – дывізіённую гармату. Шмат чаго зроблена ў плане падсыпкі вуліц. Так, у Стоўбцах падсыпаны завулкі Палявы і Стадыённы, вуліца Чарняхоўскага, у Заямным – вуліца Сонечная. Ёсць і дадатковыя аб’екты: тры вуліцы ў Новым Свержані – Зялёная, Маладзёжная і Свабоды. За мінулы год выкананы ямачны рамонт на вуліцах райцэнтра і аграгарадкоў на плошчы 1168 м2, нанесена дарожная разметка на плошчы 1464 м2.

Абсталяваны 83 кантэйнерныя пляцоўкі для збору цвёрдых бытавых адходаў. Паколькі кантэйнеры цяпер устанаўліваюцца і ў сельскай мясцовасці, іх закуплена 649 штук (пры плане – 600). Каб чыста было паўсюдна, 62 кантэйнеры ўстаноўлены ля прыпыначных павільёнаў на аўтадарогах. Не засталіся без увагі пляжы на рацэ Нёман у рысе горада і на гарадскім возеры, якія ў мінулым годзе асабліва пераўтварыліся. Са значных набыткаў – два аўтамабілі-«смеццявозы», перасоўны пункт збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. Рэалізуецца праграма «Чыстая вада» – за кошт яе сродкаў вядуцца работы па будаўніцтве станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Заямнае, падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі водазабора «Альхоўка», адрамантавана свідравіна ў Цеснавой, заменены ўчастак водаправодных сетак на вуліцы Савецкай у Стоўбцах.   

– Нельга не згадаць пра суботнікі. Відавочны ўклад у добраўпарадкаванне і жыхароў раёна.

– Безумоўна. Толькі бюджэтных сродкаў было б недастаткова. На 503 мільёны рублёў, заробленых на суботніку, былі закуплены матэрыялы для ўкладкі тратуарных дарожак. З бюджэту фінансавалася выкананне работ, якія праводзіла аб’яднанне камунальных службаў. Акрамя таго, за сродкі ад суботніка з’явіліся ў горадзе два новыя аўтобусныя павільёны (каля дома № 77 па вуліцы Ленінскай і магазіна № 34 па вуліцы Гагарына), дзесьці сотня лавачак і ўрнаў. Як і ў мінулыя гады, займаліся выразкай аварыйных дрэў і кустоўя. Асабліва шмат зроблена ўздоўж дарогі Стоўбцы – Сінява, дзе працэс добраўпарадкавання лагічна завяршыўся пасадкай падчас суботнікаў памятнай алеі. Асаблівая ўдзячнасць – ДБУ № 29, ДЭУ № 62, ДРБУ № 135, ПМК-233, РБУ, аўтапарку № 17, электрасеткам, аб’яднанню камунальных службаў, за кошт якіх выконваліся работы па падсыпцы вуліц.

– А які ўдзел іншых прадпрыемстваў, арганізацый у добраўпарадкаванні горада?

– Ёсць вельмі добры прыклад сацыяльнай адказнасці з боку прадпрыемстваў, якія ідуць насустрач патрэбам горада. Сумеснымі намаганнямі трох прадпрыемстваў – «Аграмашзапчастка», «Фрэор Рэфрыгерайшн» і «Сула плюс» – было прафінансавана набыццё матэрыялаў для рамонту асфальтавага пакрыцця на ўчастку вуліцы Задвор’енскай, а ДБУ № 29 ажыццявіла за свой кошт усе неабходныя работы. 

– Добраўпарадкаванне трэба разумець шырэй, чым прывядзенне ў парадак толькі вуліц і так званай вулічнай інфраструктуры. Яно закранае і вырашэнне пытанняў мадэрнізацыі жыллёвага фонду і інжынерных камунікацый, энергазберажэння і т. п.

– Стаўбчане заўважылі, як абнавіліся пасля капітальнага рамонту тры дамы па вуліцы Ленінскай (№№ 77, 79, 81). У Наваколасаве зроблены такі ж рамонт доме № 27 па вуліцы Школьнай. Але ёсць работы малапрыкметныя, як, напрыклад, абнаўленне цепласетак, без якіх нельга ўявіць развіццё сучаснага горада. Да прыкладу, за мінулы год на пі-трубу заменена 5,5 тысячы метраў пагонных зношаных цеплатрас.

Планаў шмат – будзем рэалізоўваць іх у бягучым годзе.     

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

НА ЎЛІКУ Ў ЦЭНТРАХ САЦАБСЛУГОЎВАННЯ

У Беларусі на 1 студзеня бягучага года на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) знаходзілася больш як 1,8 млн чалавек, з іх 150 тыс. адзінокіх непрацаздольных і 604,1 тыс. адзінока пражываючых пажылых людзей і інвалідаў. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Паводле слоў спецыялістаў, 88,4 тыс. чалавек атрымлівалі сацыяльныя паслугі дома, большасць (83 працэнты) – на ўмовах поўнай аплаты.

Для забеспячэння на працягу дня бяспечнага знаходжання пажылых людзей і пастаяннага нагляду за імі ў ТЦСАН працуюць 108 аддзяленняў дзённага знаходжання, з іх 38 – адкрыты ў бягучым годзе. Гэтыя аддзяленні наведваюць 5,3 тыс. пенсіянераў. А аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў наведваюць на пастаяннай аснове 4,4 тыс. чалавек, для развіцця працоўных навыкаў у такіх аддзяленнях працуюць 263 рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні, больш як 1,2 тыс. гурткоў і секцый па інтарэсах.

У Мінпрацы і сацабароны адзначылі, што ў мінулым годзе павялічылася колькасць стацыянарных падраздзяленняў ТЦСАН. Так, у Мінскай вобласці адкрыліся два аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Усяго ў рэспубліцы працуюць 63 такія аддзяленні на 2,2 тыс. месцаў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца даступнасці сацабслугоўвання ў вёсцы. На 1 студзеня 2016 года ў рэспубліцы працавалі 1 тыс. 136 сацыяльных пунктаў і 30 філіялаў. Разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі непрацаздольным грамадзянам аказвалі 90 гаспадарчых брыгад, комплекс паслуг прадастаўлялі 152 брыгады сацыяльнага абслугоўвання на мабільнай аснове.

 

АТРЫМЛІВАЮЦЬ ДАПАМОГУ ДОМА

У Беларусі сацыяльныя работнікі абслугоўваюць дома 88,4 тыс. непрацаздольных пажылых людзей і інвалідаў, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Сярод тых, каго абслугоўваюць дома, – 25,6 тыс. адзінокіх інвалідаў і пажылых людзей, 22,9 тыс. інвалідаў першай і другой групы. Што датычыцца ўзросту атрымальнікаў надомных сацпаслуг, то 36,8 тыс. чалавек перасягнулі ўжо 80-гадовы рубеж, 25,7 тыс. – ва ўзросце ад 75 да 80 гадоў. Большасць з тых, каго абслугоўваюць дома, – вяскоўцы (58,7 тыс. чалавек), у тым ліку жыхары аддаленых маланаселеных вёсак.

Дапамога дома застаецца найбольш запатрабаванай формай работы тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сярод рэгіёнаў рэспублікі традыцыйна лідзіруе па колькасці абслугоўваемых дома Мінская вобласць (21,7 тыс. чалавек). Менш за ўсё іх у Мінску (3,1 тыс. чалавек) – гэта абумоўлена развітой інфраструктурай у сталіцы. Сярод сацыяльна-бытавых паслуг, якія аказваюцца дома, – набыццё і дастаўка прадуктаў харчавання, медыкаментаў і тавараў першай неабходнасці, афармленне дакументаў для аказання матэрыяльнай дапамогі, аплата жыллёва-камунальных паслуг і інш. А ў сельскай мясцовасці сацработнікі яшчэ прыносяць сваім падапечным ваду, прапальваюць печы, расчышчаюць дарожкі ад снегу і г. д.

 Бясплатна паслугі аказваююцца толькі адзінокім малазабяспечаным грамадзянам.

БелТА

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *