Канкурэнтаздольная прадукцыя – сінонім высокай культуры

Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

2016 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам культуры. Гэта напрамую датычыць і суб’ектаў гаспадарання, якім прапанавана звярнуць увагу на пытанні культуры на вытворчасці, непасрэдна ў цэхах і майстэрнях, ля станкоў і канвеераў, у офісах і на аб’ектах, паставіцца да павышэння ўзроўню вытворчай культуры як да адной з першачарговых і актуальных задач у сучасным грамадстве.

У нашай новай рубрыцы «Год культуры на выворчасці» мы даём слова тым, хто працуе над вырашэннем гэтай задачы.

Аляксандр ШАРАПА, намеснік дырэктара Стаўбцоўскага доследнага лясгаса па ідэалагічнай рабоце:

– Скажу, што лясгас займаецца культурай вытворчасці далёка не першы год. Без яе нельга развіваць прадпрыемства, ісці ў нагу з часам. Наш дрэваапрацоўчы цэх заўсёды быў у ліку перадавых у рэспубліцы, туды ехалі для вывучэння вопыту.  Сёння ён мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Кіраўніцтва лясгаса шукае магчымасці, каб набываць новыя вытворчыя лініі. Можна назваць і іншыя перспектыўныя напрамкі. У мінулым годзе на 65-ці гектарах былі высаджаны лясныя культуры з дапамогай селекцыйнага пасяўнога і пасадачнага матэрыялу. Гэтыя сеянцы высокай якасці, больш устойлівыя да кліматычных умоў, мы закупляем. У лясгасе ёсць і свой гадавальнік. У Апечкаўскім лясніцтве высаджана плантацыя эксперыментальных, так званых энергетычных культур, што з’яўляецца плёнам нашага супрацоўніцтва з кафедрй лясных культур і глебазнаўства Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Інстытута лесу Акадэміі навук.

У нас большая палова лесанарыхтовак ажыццяўляецца механізаваным спосабам, з дапамогай энерганасычанай тэхнікі – «Харвестараў», работу якіх кантралюе камп’ютар. А яшчэ не так даўно нарыхтоўкі былі звязаны з цяжкай фізічнай працай леснікоў. Увогуле, культура вытворчасці ёсць там, дзе думкі работніка накіраваны не на хлеб надзённы, а на выпуск высакаякаснай, канкурэнтаздольнай прадукцыі.   

Нельга не сказаць пра адну з важнейшых складаемых культуры вытворчасці – выканальніцкую і тэхналагічную дысцыпліну, прафесійны і адукацыйны ўзровень персаналу. Наш калектыў – з высокім узроўнем кваліфікацыі, знаходзіцца, так бы мовіць, у росквіце сіл і, пры гэтым, яго састаў пастаянна амалоджваецца. За кожным маладым спецыялістам, як у савецкі час, у нас замацаваны настаўнік. Вучыцца ёсць у каго. З дзевяці ляснічых трое маюць першы кваліфікацыйны клас, двое – другі кваліфікацыйны клас. З першым і другім класамі – чацвёра памочнікаў ляснічых, 10 майстроў лесу. 54 работнікі ўзнагароджаны нагрудным знакам за шматгадовую бездакорную службу ў дзяржаўнай лясной ахове, а ляснічыя Уладзімір Чэмка і Анатоль  Бычкевіч – знакам «Ганаровы лесавод». Амаль палова ўсіх кадраў лясгаса працуе ў лясной гаспадарцы 10 і больш гадоў. Такі ў нас грунтоўны касцяк! Павышаем сваю кваліфікацыю ў рэспубліканскім цэнтры павышэння кваліфікацыі работнікаў лясной гаспадаркі. Сталі традыцыйнымі конкурсы прафесійнага майстэрства сярод вальшчыкаў лесу. Штогод такі конкурс называе лепшых, тых, на каго раўняюцца іншыя.

Валерый БОХАН, начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў:

– Працаваць над культурай вытворчасці можна бясконца. І ў гэтым напрамку ў нас нямала ўжо зроблена. Аб’яднаннем камунальных службаў сумесна з раённым выканаўчым камітэтам ажыццёўлена закупка 680-ці металічных кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў. Такім чынам мы бяром удзел у рэспубліканскіх праграмах «Другасныя рэсуры» і «Чысціня населеных пунктаў». Кантэйнеры ўстанаўліваем на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў раёна, на прыпынках грамадскага транспарту. Відавочна, што ў гэтым ёсць неабходнасць. Абсталёўваем у адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі кантэйнерныя пляцоўкі. На жаль, пакуль не ўсюды арганізаваны раздзельны збор смецця, але мы над гэтым працуем. Заклікаем і ўсіх жыхароў раёна не заставацца ўбаку, аддзяляць другасныя адходы.

Думаю, гараджане паспелі заўважыць новыя кантэйнеры для пяску – падручнага супрацьгалалёднага матэрыялу. Устанавілі іх побач са святлафорамі і пешаходнымі пераходамі, прыпынкамі грамадскага транспарту. Раней, як вы памятаеце, мы абыходзіліся звычайнымі кучкамі пяску, на якія ўказвала адпаведная таблічка… А калі змяняецца наш побыт –  адбываюцца перамены і ў свядомасці, у культуры жыцця ў цэлым. Культура ідзе побач з бяспекай, яны непарыўна звязаны. Падчас снегападаў мы шмат працавалі на вуліцах – зрасходавана амаль 900 тон пясчана-саляной сумесі, вывезена за межы горада каля  9 000 м3 снегу.

Задача камунальнікаў – сачыць за чысцінёй у горадзе, дбаць пра яго імідж. Для гэтага ў нас падабраны адказныя работнікі. Узяць хаця б участкі добраўпарадкавання (узначальвае Валерый Красоўскі) і прысядзібнай тэрыторыі (Святлана Бохан). На палігоне ў Новым Свержані шчыруе рабочы Анатоль Рабкевіч, які арганізаваў работу так, што з палігона мы атрымліваем дадатковыя другасныя рэсурсы – пластык, шкло, макулатуру. За мінулы год выкананы на 100 працэнтаў планавыя заданні па іх зборы. Заўважце, горад ачышчаецца з карысцю, сучаснымі падыходамі, а падтрымку камунальнікам у вырашэнні самых розных пытанняў аказваюць раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з сельвыканкамамі – Заямнаўскім, Старасвержанскім, Рубяжэвіцкім і іншымі.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *