Алё… Перазваніце, калі ласка!

Калонка Рэдактара Нумары

image_pdfimage_print

Апошнім часам мы вельмі рэдка пішам пісьмы, аддаючы перавагу тэлефонным размовам,  SMS. Але жыццё застаўляе весці дзелавую перапіску з партнёрамі, рознымі ўстановамі, арганізацыямі. Ці заўсёды мы прытрымліваемся правілаў перапіскі – асабістай, дзелавой, захоўваем этыкет, ведучы размову па тэлефоне? Бывае так, што мы падоўгу не адказваем на пісьмы, не тэлефануем сябрам, знаёмым, блізкім, і наадварот, робім гэта вельмі часта, надакучваем чалавеку. Вось тут і патрэбны правілы этыкету.

Лічыцца, што пісьмы мы пісаць развучыліся. У мінулым нават навуковыя адкрыцці даказваліся ў выглядзе пісьма. (Ламаносаў «Пісьмо к Шувалаву аб карысці шкла»).

Асабістыя пасланні патрэбна пісаць ад рукі. Асабліва тыя, дзе выказваецца ўдзячнасць, віншаванне ці спачуванне. Гэта падкрэслівае вашу шчырасць і адносіны да адрасата. Папера павінна быць чыстай, акуратнай. Складваць пісьмо трэба не больш за два разы, адрас на канверце павінен быць разборлівым і дакладным. Калі атрымаеце пісьмо, пастарайцеся адказаць на яго як мага хутчэй.

У дзелавой перапісцы стыль больш просты, але ўмоўнасцяў больш, чым у асабістай. Службовыя пісьмы пішуцца на камп’ютары па устаноўленай форме. Дзелавое пісьмо дзеліцца на часткі: дата, назва і адрас атрымальніка, загаловак ці ўступны зварот, асноўны тэкст, заключная «формула ветлівасці», указанні на дадатак. Подпіс ставіцца на правым баку ліста. Адразу рукапісны, а побач – друкаваны. Пасада ўказваецца з левага боку.

Службовыя пісьмы пішуцца на тытульным лісце, а калі тэкст не памяшчаецца на адным, пераносяць на другі і трэці лісты. Друкуюць акуратна, без паправак. Асабліва важныя  не згінаюць, а пасылаюць у вялікім канверце. Сёння амаль усе пісьмы рассылаюцца па электроннай пошце, але найбольш важныя патрэбна прадубліраваць і на паперы. Памятайце аб тым, што грубае пісьмо, рэзкая тэлефонная размова здольны нанесці глыбокую душэўную рану. Нездарма ёсць выказванне: «Словам можна параніць чалавека». Таму, перш чым штосьці сказаць чалавеку, падумайце, не спяшайцеся. І непрыемныя навіны можна выказаць у тактоўнай форме.

Карыстанне тэлефонам таксама падпарадкоўваецца правілам ветлівасці. На тэлефонны званок пажадана адказваць адразу пасля першага гудка. На рабоце чалавек звычайна знаходзіцца побач з тэлефонам, а калі пасля трох гудкоў ён не адказвае – значыць заняты і не можа адказаць ці недзе выйшаў. Калі вы звоніце камусьці дадому, то тут, наадварот, патрэбна дачакацца пятага-шостага гудка, бо чалавек можа быць дзесьці ў іншым пакоі. Калі вы памыліліся, то не пытайцеся, які ў чалавека нумар, а лепш скажыце: «Прабачце, ваш нумар такі …?» Ніколі не пачынайце размову з фразы: «Гэта хто?» ці «З кім я размаўляю?» На працы, зняўшы тэлефонную трубку, не пытайцеся: «Хто тэлефануе?» Праявіце ветлівасць і адкажыце па правілах: «Іваноў слухае.. Уладзіміра Сяргеевіча зараз няма. Ці магу я быць вам чымсьці карысны?» Службовыя размовы павінны быць кароткімі.

Дома на тэлефонны званок лепш адказваць: «Алё..» Калі просяць кагосьці з блізкіх, а той не можа падысці, скажыце, што ён перазвоніць сам. Калі хтосьці памыліўся нумарам, скажыце аб гэтым ветліва. Памятайце, што і вы можаце памыліцца, набіраючы нумар тэлефона.

Давайце будзем паважаць адзін аднаго. Да наступнай сустрэчы на «ўроках этыкету».

Нэлі АСТРЭЙКА

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *