Як справы ў нашай ветэранскай?

Грамадства Соцыум

image_pdfimage_print

10-02-2016-24

Не вельмі прыемны ў жыцці момант, калі трапляеш у бальніцу. Але і без бальніцы іншым разам немагчыма абысціся, таму важна хварэць так, каб не пакідалі надзея і добры настрой. 

Пра гэтую ўзаемасувязь і каштоўнасць маральнай падтрымкі, роўную па сваёй сіле лякарству, добра ведаюць у раённай ветэранскай арганізацыі. Таму і не ўпускаюць магчымасці наведаць сваіх таварышаў, якія калі-нікалі трапляюць на бальнічны ложак. З-за шаноўнага ўзросту часцей за ўсё іх шпіталізуюць у тэрапеўтычнае аддзяленне. Тут для іх прадугледжана спецыяльная «ветэранская» палата – з тэлевізарам, халадзільнікам, шафай… Апошнім часам выканана і просьба ветэранскай арганізацыі аб так званай трывожнай кнопцы. Кнопка, сігнал якой выведзены на пост дзяжурнай медсястры, заўсёды ў ветэрана пад рукой, і гэта дае яму адчуванне псіхалагічнага камфорту, упэўненасці, што дапамога – побач. На пяты паверх, дзе месціцца аддзяленне, ветэранаў падвозяць на ліфце.

У добрым настроі сустракае нас у «ветэранскай» палаце інвалід Вялікай Айчыннай вайны з Трылеса Дзмітрый Байчук. Дзмітрыю Ігнацьевічу неўзабаве споўніцца 94, але ён сапраўды трымаецца малайцом. Нягледзячы на статус хворага, з ахвотай уступае ў размову. Расказвае пра сябе, цікавіцца справамі ветэранскай арганізацыі. Старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі звяртае ўвагу на такую дэталь: Дзмітрый Ігнацьевіч, калі адчуў недамаганне, папрасіўся менавіта ў стаўбцоўскую бальніцу, хаця раней пралечваўся ў шпіталі, быў у бальніцы ў Дзяржынску, калі жыў там у сям’і ўнучкі.

Сустрэча ў бальнічнай палаце пачынаецца з урачыстага моманту – уручэння Дзмітрыю Байчуку віншавальнай паштоўкі, невялікай прэміі. «Запозненае ўзнагароджанне, – тлумачыць Іосіф Язвінскі. – Яно было падрыхтавана да Дня інвалідаў 3 снежня. Іх, інвалідаў вайны, у нас у раёне засталося 11. Дзмітрыю Ігнацьевічу выслалі ўзнагароджанне ў Дзяржынск поштай – яно вярнулася. Затое цяпер ёсць нагода ўручыць усё асабіста, – заключае Іосіф Язвінскі. 

Разам з узнагароджаннем – і прадуктовае падмацаванне для прыхварэўшага Дзмітрыя Байчука. Ён ужо рвецца дадому, у Трылес: «Хутка Дзень абаронцаў Айчыны, а я заўсёды праводжу для школьнікаў урок мужнасці». І школьнікі аказваюць ветэрану шэфскую дапамогу – колюць дровы, складваюць іх. «Люблю, каб у мяне быў запас паліва не на адзін год», – усміхаецца гаспадарлівы ветэран. Балазе, з дапамогай органаў мясцовай улады быў адрамантаваны яго дом. Дзмітрый Ігнацьевіч радуецца: «Зрабілі столь. Печку падладзілі. Правялі ваду. Цяпер у мяне ўсё ў парадку».           

«Але жыць зімою ў доме з пячным ацяпленнем – не для пажылога чалавека», – пераконвае свайго суразмоўцу Іосіф Язвінскі і прапануе такі варыянт – пасля бальніцы паехаць у рэспубліканскі шпіталь для ветэранаў. – Паліклініка ўжо паставіла вас на чаргу на атрыманне пуцёўкі».

Доўгі час Дзмітрый Байчук праводзіў актыўную грамадскую работу – быў старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі Шашкоўскага сельсавета. На працягу многіх гадоў ён вёў патрыятычную работу сярод моладзі, вучыў падрастаючае пакаленне любові да Радзімы. Сёлета прайшоў справаздачна-выбарны сход, які прынёс перамены. Старшынёй пярвічкі абраны Франц Дзям’янка, яго намеснікам – Ніна Дубовік. Хто ведае гэтых людзей, той не ўсумніцца, што гэта сапраўды дастойная змена пакаленню франтавікоў, што будучае арганізацыі – у надзейных руках. А яны, франтавікі, – нашы маякі, на якіх трэба раўняцца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

І ЦЯПЕР ЗАПАТРАБАВАНЫ

Цэнтральная раённая бальніца, як ніводная з іншых арганізацый раёна, можа пахваліцца тым, што большасць медыкаў – ветэранаў працы – застаюцца і надалей запатрабаванымі, на сваім рабочым пасту.

Сёння ў калектыве працуюць 170 медыцынскіх работнікаў – ветэранаў працы, якія заслужылі адпачынак, але працягваюць быць карыснымі бальніцы (з іх дапамогай вырашаецца злабадзённая кадравая праблема) і, адпаведна, нам, жыхарам раёна. З нядаўняга часу іх, гэтых паважаных людзей, аб’ядноўвае свая ветэранская арганізацыя. Яна, як выказаўся на арганізацыйным сходзе старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі, будзе служыць прыкладам для моладзі не толькі ў працы, а і ў актыўнасці грамадскай.  

Сход праходзіў з удзелам кіраўніцтва і прафсаюзнага камітэта ЦРБ. Галоўны ўрач Святлана Глебка выказала з гэтай нагоды сваю пазіцыю:

– Хочацца пажадаць, каб праца медыкаў, нягледзячы на цяжкасці, заставалася цікавай і стваральнай. 

На чале пярвічнай ветэранскай арганізацыі медыкаў раёна выбрана Святлана Страшнова, сакратаром – Марыя Бруй, рэвізорам – Святлана Галкіна.

 Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПРАФЕСІЯ – ПРЫЁМНАЯ МАМА

Мама ад нараджэння ёсць у кожнага чалавека, які прыйшоў у гэты свет. І першае слова, якое прамаўляе ў сваім жыцці дзіця, найчасцей – «мама». Абавязкі бацькоў перад сваімі дзецьмі замацаваны сучасным заканадаўствам. Хоць у добрай, здаровай ва ўсіх адносінах сям’і, традыцыі выхавання і клопату пра нашчадкаў, роўна як і павага да старэйшых, пераходзяць з пакалення ў пакаленне і ў заканадаўчых актах не маюць патрэбы.

На жаль, не ўсе бацькі адказна ставяцца да выхавання дзяцей. Не сакрэт, што сацыяльнае сіроцтва на сучасны момант з’яўляецца адной з праблем грамадства. Многія даследчыкі і практыкуючыя псіхолагі кажуць аб тым, што выхаванне ў інтэрнатных установах прыводзіць да шматлікіх негатыўных наступстваў для дзяцей, бо дзецям у першую чаргу неабходны любячыя бацькі. Важнымі перавагамі сямейнага выхавання з’яўляюцца наяўнасць умоў для фарміравання здаровых адносін, здаровага развіцця асобы, атмасфера любові, пачуццё абароненасці і прыналежнасці, якое перажывае дзіця: «я – мамін і татаў, і мяне любяць проста таму, што я ёсць». У сям’і дзіця можа адчуць сябе любімым, навучыцца любіць і будаваць трывалыя адносіны.

У нашы дні нямала самаадданых жанчын, якія так жа як і сваіх выхоўваюць прыёмных дзяцей. На шчасце, людзей, якія хочуць даць чужым дзецям сямейнае выхаванне, сваю цеплыню і ласку, з’яўляецца ўсё больш.

Такія магчымасці ёсць у прыватнай сацыяльна-педагагічнай установе адукацыі «SOS-Дзіцячая вёска Бараўляны».

 У Дзіцячую вёску патрэбныя бацькі-выхавацелі для працы з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў.

Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі пра ўмовы працы можна звяртацца ў ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна» па тэлефоне 7-49-56, у аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыкакама па тэл. 7-83-18.

 Кацярына МІХНАВЕЦ, педагог-псіхолаг ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна»

 

БЯЗДУШНАЯ ІНСТРУКЦЫЯ

Наша жыццё і ўсе нашы дзеянні маюць сэнс толькі тады, калі мы не перастаём заставацца сабой. Заставацца ў першую чаргу чалавекам. У дамашняй абстаноўцы, сярод сваіх блізкіх, – гэта так неабходна, натуральна, бо нашы родныя, як ніхто іншы, чакаюць ад нас менавіта падтрымкі і разумення. На рабоце, сярод сваіх калегаў, заставацца самім сабой – гэта шчыра, хоць і не заўсёды бывае камфортна. Высвятляецца, што сваё «я», уласны пункт погляду – гэта адно, нешта так бы мовіць прыватнае, а нарматыўны дакумент, згодна з якім мы ажыццяўляем службовыя абавязкі, – зусім іншае, што нас асабіста не датычыць. Адным словам, у звычайным жыцці мы не будзем рабіць тое, што, не задумваючыся, робім пры выкананні службовых абавязкаў. Алібі пры гэтым жалезнае: «Што зробіш, такая інструкцыя, ёй неабходна кіравацца». А яна, як вядома, рэч бяздушная і літасці ні для кога не просіць…

Каля года таму ў адной з вёсак раёна прыйшлося адключыць дом ад электразабеспячэння. Факт сам па сабе шараговы. Да колькіх злосных неплацельшчыкаў энергазбыт прымяняе крайнюю меру? Ды іх у раёне можна налічыць не адзін дзясятак! За кожным такім выпадкам, як правіла, стаіць сацыяльная нядобранадзейнасць, асабістая безадказнасць, за якую дарослым людзям прыходзіцца самім і расплачвацца. Такіх «людзей падзямелля», шчыра кажучы, не шкада, бо, каб пагасіць доўг, ім, як і ўсім нам, неабходна ўладкоўвацца на працу і пачаць дбаць пра сям’ю, пра свой дом, а не пра чарговае пахмелле. Але здарылася такое, што ў цёмным доме, акрамя мужа і жонкі, аказалася і іх непаўналетняя дачка…

Выходзіць, што працяглы ўжо час дзяўчына-школьніца жыве ў доме без святла. Будзіць яе мама ў школу са свечкай або, магчыма, навобмацак, таму што зімою раніцай яшчэ цёмна. Ужо цёмна ў доме, калі яна вяртаецца з урокаў. І як яна ў такіх надзвычайных для свайго ўзросту ўмовах робіць школьныя дамашнія заданні?.. А як яна харчуецца?.. А як прычэсваецца, прыхарошваецца перад люстэркам?.. Розных падобных пытанняў узнікае вельмі шмат. Ёсць і іншая трывога. А калі, не дай Бог, узнікне ад свечкі пажар?.. Падобны выпадак, між іншым, здарыўся ў Слуцкім раёне. Ён атрымаў шырокі рэзананс, таму што адключанай ад электрычнасці аказалася ўвогуле шматдзетная сям’я. Адназначна, што дзеці не вінаваты, калі ім прыходзіцца жыць не зусім па-людску. Не могуць яны «разлічвацца» такімі вось умовамі пражывання  за бацькоў, якімі б тыя ні былі.    

Хто павінен за гэта адказваць?

– Дзіця пражывае ў доме без электрычнасці?.. У такім выпадку выйсце адно – яго неабходна забіраць з сям’і, – тлумачыць патрабаванні Дэкрэта № 18 намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько.

Аднак, напэўна, як важна не дапусціць адключэння электрычнасці ў доме, так і далейшага адабрання дзіцяці з сям’і па гэтай «камунальнай» прычыне. Адабранне з сям’і для яго – яшчэ большая траўма. Яно пазбавілася нармальных умоў пражывання, але побач з ім родныя людзі – бацькі. Таму трэба агульнымі намаганнямі вырашаць праблему доўгу.

Аднак пра гэты неардынарны факт – адключэнне ад электразабеспячэння дома, дзе пражывае непаўналетняе дзіця, – камісія, як і іншыя службы, якія працуюць з сям’ёю, абараняюць правы і інтарэсы дзяцей, – даведалася амаль ці не апошняй.   Ён быў выяўлены выпадкова, постфактум, пры тым, што да энергазбыту, газавай службы і аб’яднання камунальных службаў не раз звярталіся з просьбай прадастаўляць штомесячна інфармацыю аб злосных неплацельшчыках (бацьках непаўналетніх дзяцей) на адрас аддзела адукацыі, спорту і турызму, сельвыканкамаў і т. п. У адваротным выпадку, для каго і для чаго распрацаваны ў раёне Комплексны план па рэалізацыі палажэнняў Дэкрэта № 18?..

Па выяўленым факце прадстаўнік энергазбыту быў заслуханы на адным з апошніх пасяджэнняў Каардынацыйнай нарады, якая праходзіла з удзелам пракурора раёна. І, каб не дапусіць падобнага, была выпрацавана агульная пазіцыя. Лягчэй за ўсё – адключыць свет ці газ, выканаўшы пункт інструкцыі, і… забыць пра даўжніка. Яго доўг, часцей за ўсё, так і застаецца «вісець», ніводнага рубля не спісваецца. У злоснага даўжніка пра гэта галава не балела раней, не баліць і цяпер. Калі ўявіць, што бацькі дзяўчыны ўсё-такі знойдуць сродкі на пагашэнне доўгу перад энергазбытам, ім прыйдзецца аплаціць яшчэ дадатковыя паслугі – падключэнне. Верагодна, што лішніх сотняў тысяч рублёў у гэтай сям’і не будзе, таму справа ізноў зацягнецца на нявызначаны тэрмін… 

Разам з тым, свой доўг работнікі энергазбыту ўжо маглі б спагнаць, калі б да кожнага выпадку падыходзілі індывідуальна. Да прыкладу, бацька дзяўчынкі працуе (хаця і неафіцыйна) на прыватным прадпрыемстве, таму агульнымі намаганнямі можна дамовіцца з наймальнікам аб «авансе» ў кошт будучай заработнай платы. У любым выпадку неабходна знаходзіць сабе саюзнікаў і ўсімі спосабамі імкнуцца спагнаць гэтыя сродкі, а не заспакойвацца адключэннем. Нібыта ўсё зрабілі ў адпаведнасці з законам, па інструкцыі… Інструкцыя не можа быць бяздушнай, абязлічанай хаця б у адносінах да тых неплацельшчыкаў, з якімі пражываюць непаўналетнія дзеці.            

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *