На фермах

Нумары Сельская гаспадарка

10-02-2016-25

У ДОБРАЙ ГАСПАДЫНІ І ПАРАДАК АДМЫСЛОВЫ

На малочнатаварнай ферме «Жыгалкі» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» жывёлаводы ў лютым атрымліваюць у сярэднім ад кожнай каровы за суткі па 19 кілаграмаў малака. Гэта на тры кілаграмы больш, чым за адпаведны перыяд летась.

– За мінулы год мы надаілі ад каровы па 6375 кілаграмаў малака, – расказвае брыгадзір Тамара Зіновіч. – Паказчык высокі, аднак змінусавалі 215 кілаграмаў да выніку папярэдняга года з-за спякотнага лета. Пашы ў нас знаходзяцца на ўзгорках, дажджоў практычна не было, таму трава высахла. Зелянела яна толькі ў нізінах. Непадалёку ад рэчкі і пасвілі кароў. У ліпені – верасні жывёле дадаткова давалі сянаж. Толькі сітуацыю да канца выправіць не ўдалося. Затое сёлетні год пачалі з добрым плюсам.

Тамара Леанідаўна гаворыць, што кармоў нарыхтавана дастаткова, яны якасныя. Справы ладзяцца, калектыў малады і ёсць усе ўмовы для таго, каб пакарыць новую вяршыню – надаіць звыш 6600 кілаграмаў малака ад каровы. Расцёлы ідуць планава, большасць іх прыпадае на зімовы перыяд. Брыгадзір сама асемяняе кароў, па сумяшчальніцтве працуе тэхнікам-асемянатарам. Выхад цялят на 100 кароў ад кароў склаў летась 82 галавы.

Брыгадзір задаволены работай ветурача Генадзя Ажгірэвіча, які добра ведае сваю справу.

– Нашы жывёлаводы зацікаўлены прадаваць якаснае малако, стараюцца, прытрымліваюцца тэхналогіі даення, і хоць мы пакуль што не адгружаем прадукцыю гатункам «экстра», але імкнёмся да гэтага, – працягвае гаворку брыгадзір. – Малако  з нашай фермы залічваецца вышэйшым гатункам, і ў перапрацоўшчыкаў няма да нас заўваг па ўсіх паказчыках, акрамя павышанага ўтрымання ў малацэ саматычных клетак. Аднак меры прымаюцца. Ёсць групы кароў, ад якіх можна атрымліваць малако найвышэйшым гатункам, таму, думаю, у бліжэйшы час гэта ажыццявіцца. У адным з памяшканняў, дзе бульдозернае выдаленне гною, падсцілаем рагуляў саломай, як гэта робіць сапраўдны гаспадар у прыватным хляве. Каровам камфортна, усе яны чыстыя. А значыць і якасць малака будзе лепшая.

На ферме працуюць 20 чалавек. Падтрымліваюцца дысцыпліна ў калектыве і парадак ў жывёлагадоўчых памяшканнях. Сярод аператараў машыннага даення вылучаецца Кацярына Навуменка, якая летась надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 6966 кілаграмаў малака, прыбаўка склала 317 кілаграмаў. З плюсам працуюць Ала Бірыла і Наталля Гурыновіч. У мінулым годзе ўладкавалася на ферму Любоў Лён. Жанчына прыехала з Расіі. Любоў Валянцінаўна на пенсіі, але не саступае маладым, таму сёлета ў лідарах па надоях.

Неблагі паказчык і ў мясных справах: сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе цялят на дарошчванні склалі 635 грамаў. А ў Кацярыны Краўчанок – амаль 700 грамаў.

 – Неўзабаве вясна, а там і пашавы перыяд, – разважае Тамара Леанідаўна. – Пашаў для нашага дойнага статка, у якім налічваецца 170 кароў, дастаткова. Травастой шматкампанентны. Пасеяна дадаткова 30 гектараў азімых. Спадзяёмся, што травы адрастуць своечасова і пераходны перыяд пройдзе плаўна, надоі не знізяцца. Будзем старацца прыбавіць прадукцыі. Людзі працуюць старанна, бо ад гэтага залежыць іх заработная плата.

Варта дадаць, што і на тэрыторыі, якая агароджана бетонным плотам, наведзены парадак. Уздоўж дарожкі ля галоўнага ўвахода ў жывёлагадоўчыя памяшканні разбіты клумбы, на якіх вясной высаджваюцца кветкі. З абодвух бакоў яна адмыслова афармляецца. Аб гэтым клапоціцца гаспадыня Тамара Зіновіч і яе каманда.

На здымку: (злева направа) аператары машыннага даення Вікторыя Мамонька, Кацярына Навуменка, Ала Бірыла, брыгадзір Тамара Зіновіч, Валянціна Бець, Любоў Лён, слесар Аляксандр Бяляеў.

 

РАЎНЯЦЦА НА «ЭКСТРУ»

На малочныя заводы гаспадаркамі раёна адгружана за мінулы год 76675,6 тоны малака ў заліковай вазе – гэта на 7747,8 тоны больш, чым пазалетась. Вышэйшым гатункам прададзена перапрацоўшчыкам 72 працэнты, або 55221,2 тоны. З агульнай колькасці гатункам «экстра» залічана 16,8 працэнта.

Найбольш паставілі высокагатунковага малака жывёлаводы ААТ «Каганец» – 5789 тон, або 82,3 працэнта. Больш за палову адгружанай прадукцыі «экстрай» рэалізавалі працаўнікі ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», 32,5 працэнта – ААТ «Жацерава». Пяць гаспадарак наогул не прадалі высакаякасным гатункам ніводнай тоны. Гэта ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Дзераўное», «Радзіма Дзяржынскага», «Рочавічы», «Шашкі». Апошнія два таварыствы больш як па 40 працэнтаў  малака кожнае  прадалі першым гатункам. 

Самая высокая тлустасць малака ў ААТ «Каганец» – 3,74 працэнта, самая нізкая – у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – 3,45 працэнта.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *