Прафілактычныя размовы з дзецьмі

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

11-02-2016-7

ВУЧЫЦЬ ДЗЯЦЕЙ НЕ ІСЦІ З НЕЗНАЁМЫМІ

За мінулы год падраздзяленнямі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі на тэрыторыі Мінскай вобласці выяўлена 90 фактаў распаўсюджання панаграфічных матэрыялаў у сетцы інтэрнэт, з якіх пяць злачынстваў звязана з парнаграфічнымі матэрыяламі з адлюстраваннем непаўналетніх. З улікам узрастаючай год ад году папулярнасці сацыяльных сетак, павелічэннем колькасці іх карыстальнікаў многія даволі легкадумна адносяцца да кантэнту, які размяшчаюць на сваіх персанальных старонках. Разам з тым, правілы для карыстальнікаў большасці папулярных сацыяльных сетак забараняюць размяшчэнне на даных рэсурсах матэрыялаў парнаграфічнага характару, а таксама тых, што ўтрымліваюць сцэны насілля і жорсткасці. Пры гэтым важна ведаць, што размяшчэнне на персанальнай старонцы парнаграфічных матэрыялаў ці спасылак на іх у свабодным доступе для іншых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі кваліфікуецца як рэкламаванне парнаграфіі і ўтварае састаў злачынства, прадугледжаны ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Адказнасць за падобнае злачынства – пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

У 2015 годзе абласнымі падраздзяленнямі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі ўстаноўлена 45 злачынстваў, звязаных з сексуальным насіллем у адносінах да непаўналетніх. Аналіз такіх фактаў паказвае, што ў многіх выпадках небяспечных наступстваў можна было б пазбегнуць пры належнай увазе з боку бацькоў, усведамлення самімі дзецьмі магчымых пагроз, што ідуць ад зносін з невядомымі дарослымі.

У сувязі з гэтым хочам даць некалькі парад бацькам, што дазволіць мінімізаваць рызыку для дзіцяці стаць ахвярай педафіла.

Неабходна навучыць дзіця не ўступаць у размову з незнаёмымі людзьмі. Для таго каб прыцягнуць увагу дзіцяці, педафілы амаль ніколі не цягнуць яго сілай, а выкарыстоўваюць якія-небудзь хітрасці. Дзеці даверлівыя, і часцей за ўсё іх адводзяць з сабой з дапамогай звычайнай размовы.

Неабходна праводзіць прафілактычныя размовы з дзіцем наконт таго, што нельга ісці з незнаёмымі. Да прыкладу, калі дзіцяці пяць гадоў, то дастаткова сказаць, што трэба трымацца разам з добра знаёмымі людзьмі. Для гэтага ўзросту такой інфармацыі дастаткова, дзеці ўжо разумеюць фармальны бок: тое, што чужы дзядзька – гэта дрэнна, аднак да канца сутнасці пагрозы не ўсведамляюць. Дзецям старэйшым за дзесяць гадоў ужо можна расказаць аб наступствах і канкрэтнай пагрозе ад педафілаў. Зразумела, такую інфармацыю патрэбна падаваць зыходзячы з інтэлектуальнага развіцця, вельмі асцярожна, каб не траўміраваць псіхіку дзіцяці.

Па магчымасці не трэба пакідаць дзіця без увагі на дзіцячай пляцоўцы. У крайнім выпадку прасіць добра знаёмых людзей назіраць за дзіцем. Старацца апранаць малое ў яркае адзенне. Калі дзіця апранута так, што не надта выдзяляецца, іншыя людзі могуць не заўважыць, напрыклад,  яго адсутнасці на дзіцячай пляцоўцы. Да таго ж, яркае адзенне дапамагае ў пошуках дзіцяці. Яркія рэчы кідаюцца ў вочы і застаюцца ў памяці.

Важна ведаць, што педафіл – гэта неабавязкова мужчына. Завабіць дзіця можа і жанчына, і нават іншае дзіця. Тут у свядомасці малога неабходна стварыць паняцце «незнаёмы чалавек».

Растлумачыць дзіцяці, што вельмі важна заставацца ў людных месцах. Калі хто-небудзь кліча дзіця паказаць дарогу, паласавацца марожаным ці шакаладкай, малому трэба неадкладна адвярнуцца і адысці ад гэтага чалавека, быць там, дзе людзі.

Па магчымасці кантраляваць актыўнасць дзіцяці ў сетцы інтэрнэт, кола яго зносін у сацыяльных сетках. Інтэрнэт – найбольш зручная для педафілаў пляцоўка для пошуку сваіх патэнцыяльных ахвяр. Апошнія могуць уступаць у перапіску з дзецьмі пад выглядам равеснікаў, аднадумцаў (па камп’ютарных гульнях, хобі і т. п.), славутасцяў і т. п. Як правіла, мэтай такой перапіскі з’яўляецца ўстанаўленне ступені ўразлівасці дзіцяці і спроба выклікаць яго на асабістую сустрэчу.

Калі вам вядома аб фактах распаўсюджання парнаграфічных матэрыялаў у сетцы інтэрнэт, а таксама аб фактах сексуальнага насілля ў адносінах да непаўналетніх, просім паведаміць у раённы аддзел унутраных спраў па тэл. 5-11-71, 5-11-98 ці 5-19-15. Ананімнасць гарантуем.

Яўген КУРЫЛА,  старшы оперупаўнаважаны ГН і СГЛ РАУС, капітан міліцыі

 

АСЦЯРОЖНА: ЛЁД НЕТРЫВАЛЫ!

Сёлетняя зіма падносіць тэмпературныя сюрпрызы, таму важна помніць пра асцярожнасць на лёдзе і падчас паводкі.

Статыстыка сведчыць, што большасць няшчасных выпадкаў з людзьмі на лёдзе і падчас паводкі адбываецца па прычыне іх няўважлівасці і нядбайнасці. Найперш гэта датычыць аматараў рыбалкі, якія выходзяць на нетрывалы лёд вясною або ў  іншую пару года, а таксама дзяцей, забавы якіх адбываюцца без нагляду дарослых.

Галоўная ўмова бяспекі на вадзе і лёдзе – захаванне мер перасцярогі. Чым больш дзеянні абдуманыя, тым менш здараецца няшчасных выпадкаў.

Лёд падчас адлігі, шэрані, дажджу становіцца белым або матавым, іншы разам набывае жаўтаваты колер. Такі лёд ненадзейны! Нярэдка рыбакі выбурваюць у лядовай тоўшчы лункі і не агароджваюць іх. За ноч адтуліна зацягваецца тонкім лёдам, можа запарушыцца снегам і стаць непрыкметнай. Такія месцы асабліва небяспечныя! Таксама небяспечна на тонкім лёдзе збірацца ў адным месцы групе рыбакоў або тых, хто катаецца на каньках.

Неабходна ўлічваць, што таўшчыня і трываласць лёду ў кожным вадаёме або рацэ – розныя і залежаць ад тэмпературы паветра, салёнасці вады, глыбіні і хуткасці цячэння, снежнага покрыва і т. п. Лёд на праточнай вадзе менш трывалы, чым на стаячай. Адліга змяншае ў большай ступені трываласць лёду, чым яго таўшчыню. Снежны покрыў на лёдзе таксама змяншае яго трываласць. Як правіла, таўшчыня лёду заўсёды большая на плёсе, ля берагоў на больш глыбокіх месцах і ў месцах, вызваленых ад снегу. Трывалы лёд – з сіняватым або зеленаватым адценнем, без паветраных бурбалак.

Кожны грамадзянін абавязаны строга выконваць парадак і асцярожнасць пры пераходах і пераездах па лёдзе, падчас мерапрыемстваў, якія праводзяцца на лёдзе. Асабліва ўважліва трэба сачыць за дзецьмі. Нельга дапускаць катання па лёдзе на санках, лыжах або каньках, калі невядома, ці бяспечна гэтае месца. Пры няшчасных выпадках на лёдзе неабходна ўмець дзейнічаць самастойна.  

Іван ШЧАРБАНЮК, старшыня раённай арганізацыі АСВОД 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *