Футбол? Футбол!

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

11-02-2016-8

ПАЯДЫНКІ Ў ЗАЛЕ ФАКА

Адмысловая зала фізкультурна-аздараўленчага комплексу дазваляе круглы год праводзіць спаборніцтвы па гульнявых відах спорту. І ў студзені на базе стаўбцоўскага ФАКа адбыўся рад важных турніраў.

Для міні-футбола гэта самая зручная пляцоўка. Удзельнікі папярэдніх гульняў першынства вобласці сярод ветэранаў ацанілі створаныя ўмовы па вартасці. Задаволены былі і гледачы, якія актыўна падтрымлівалі нашу каманду. Зборная Стаўбцоўскага раёна літаральна разграміла гасцей з Дзяржынска – 5:0. Упартай была сустрэча з футбольнай міні-камандай Нясвіжскага раёна. З перавагай у адзін мяч – 3:2 – верх узялі стаўбчане.

У выніку наш калектыў стаў пераможцам спаборніцтваў. Чэмпіёнаў вобласці назаве фінальны турнір, які таксама запланавана правесці ў Стоўбцах. На спартыўнай арэне ФАКа ў канцы лютага сустрэнуцца зборныя Стаўбцоўскага, Барысаўскага, Маладзечанскага, Слуцкага і Смалявіцкага раёнаў.

На базе стаўбцоўскага фізкультурна-аздараўленчага комплексу вялося саперніцтва на занальным этапе розыгрышу кубка Мінскай вобласці па футболе. Гэта быў турнір з разраду такіх, дзе ніхто не хацеў уступаць. Асабліва моцны састаў падабраўся ў камандзе Салігорскага раёна. Салігорцы пераканаўча перамаглі зборныя Клецкага і Любанскага раёнаў – адпаведна 5:1 і 3:0. А вось са стаўбчанамі ім прыйшлося нялёгка. Усё ж з лікам 5:4 перамогу святкавалі госці. У заключным туры яны адолелі калектыў Дзяржынскага раёна – 3:2, у выніку набралі 12 ачкоў і занялі першае месца.

На другім месцы нашы футбалісты, якія адолелі каманды з Клецкага раёна – 7:4 і Любанскага – 4:3. У матчы калектываў Стаўбцоўшчыны і Дзяржыншчыны адзначана нічыя – 4:4.

А самым азартным стала спаборніцтва юных. Пяць калектываў сустрэліся ў зале ФАКа на турніры першынства СДЮШАР, ДЮСШ і ФК Мінскай вобласці па міні-футболе сярод юнакоў 2004 года нараджэння і маладзейшых. Удзельнікі і іх прыхільнікі бурна радаваліся забітым галам, якіх было шмат. Найбольш мячоў правялі ў вароты сапернікаў юныя стаўбчане. Нашы  рабяты перамаглі каманду Валожынскага раёна з лікам 12:2 і Мінскага – 7:0. А вось сапернікам з Дзяржынскага і Маладзечанскага раёнаў уступілі – 0:2 і 3:5.

Такім чынам, перамагла ў турніры зборная Маладзечанскага раёна. Другая прыступка ў нашага калектыву. І ўсім на карысць пайшлі практыка спаборніцтваў, асваенне тэхнічных і тактычных элементаў самай папулярнай спартыўнай гульні.

 

А ЯК НАШ «НЁМАН-АГРА»?

Пытанне, якое цікавіць многіх. Футбольная каманда – візітная картка любога горада. І не толькі горада, прыкладам тут ФК «Гарадзея», які з сёлятняга сезона з’яўляеца паўнапраўным удзельнікам чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе.

А ці падыме аўтарытэт Стоўбцаў наша футбольная каманда «Нёман-агра»? Прыхільнікі  спадзяюцца, што так яно і будзе. Праўда, пакуль яшчэ невядома, у якіх спаборніцтвах сёлета будзе задзейнічаны калектыў. Больш прэстыжным і цікавым у спартыўным сэнсе з’яўляецца ўдзел у першынстве рэспублікі. Нагадаем, што і ўздзенцы, таксама нашы суседзі, пачыналі з другой лігі, а цяпер заваявалі права выступаць у першай. Стаўбчане ж пакрысе губляюць пазіцыі нават у абласным першынстве. Павышэнне ў класе дало б стымул і самім ігракам, мацнейшыя з якіх спяшаюцца на гульні за каманды іншых гарадоў.

Аднак, у адрозненне ад аматарскага, прафесійны і паўпрафесійны футбол – справа нятанная, асабліва ў цяперашняй няпростай фінансавай сітуацыі. Для падтрымкі каманды, найперш, каб зрабіць узнос для ўдзелу ў чэмпіянаце, патрэбны грашовыя сродкі. Як стала вядома, спартыўнае кіраўніцтва раёна шукае спонсараў. У футбольным свеце яскравыя прыклады, калі каманды з эмблемай таго ці іншага прадпрыемства, фірмы, нават пры згодзе на змену назвы ў інтарэсах спонсара, ствараюць яму рэкламу. Як кажуць, каб жыць, трэба дружыць.

І вядома ж, каб мець дастойныя вынікі ў спаборніцтвах, патрэбна належная падрыхтоўка футбалістаў. Умовы для гэтага ў горадзе цяпер ёсць. І ўдзел у турнірах па міні-футболе членаў футбольнай каманды Стаўбцоўшчыны спрыяе павышэнню іх гатоўнасці да галоўных стартаў сезона.

Ф. ФЯДОТАЎ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *