Прафсаюзныя туры – сучасны брэнд

Нумары Паездкі, экскурсіі

Сёння можна паехаць на экскурсію ў сталіцу, можна ўстроіць сабе на выхадныя дні вандроўку на Браслаўскія азёры, Нарач або Лосвіду. І можна літаральна ў Стоўбцах ажыццявіць заказ білетаў на любы з канцэртаў будучага «Славянскага базару ў Віцебску-2016″…

Існуе безліч магчымасцяў, маршрутаў і – немалаважна – цэннікаў са скідкамі ў 15-20 працэнтаў на вандроўкі па сваёй Беларусі, а таксама за яе межамі для членаў прафсаюза. Патэнцыял унутранага турызму прадэманстравала першая прафсаюзная экскурсійна-турысцкая выстаўка «Прафтур-2016», якая нядаўна прайшла ў Мінску. На базе гасцініцы «Турыст» прадставілі свае прадукты ўсе рэгіёны Беларусі, а таксама прадстаўнікі шасці прафсаюзных тураператараў з Малдовы, Расіі, Казахстана, Грузіі, Літвы і Узбекістана.

Непасрэднай удзельніцай гэтага форуму была і дырэктар філіяла «Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій» Леаніда Высоцкая. Яна працуе шмат гадоў у сферы турысцкіх паслуг і нічога падобнага ў плане аб’яднання прафесійнай супольнасці не назірала за ўвесь постсавецкі перыяд. Адраджаюцца добрыя традыцыі, а іх ініцыятарамі выступілі кампаніі «Беларустурыст» і «Белпрафсаюзкурорт», Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Сваімі назіраннямі, напрацоўкамі і планамі пасля выстаўкі «Прафтур-2016» дзеліцца Леаніда Высоцкая:

– Галоўнае ўражанне ад выстаўкі – гэта прэзентацыя новых турысцкіх маршрутаў па Беларусі. Апошнім часам яны развіваюцца так імкліва, што дабіраюцца да самых дальніх куточкаў нашай краіны. А яшчэ ёсць накірунак – вандроўкі за межы Беларусі, у чым выстаўка дапамагла пашырыць магчымасці для работнікаў нашых прадпрыемстваў, членаў прафсаюза. Сапраўды ёсць выбар, куды паехаць і дзе адпачыць, – было б толькі жаданне. Я згодна з генеральным дырэктарам «Беларустурыста» Людмілай Сянькоўскай, якая па выніках праведзенай выстаўкі выказала думку, што скідкі, якія, дзякуючы супрацоўніцтву з’явяцца на нашых агульных маршрутах, будуць цікавыя для ўсіх і стануць дасягненнем прафсаюзнага руху.

Асабіста мне выстаўка падарыла мноства цікавых знаёмстваў з калегамі, паколькі былі прадстаўлены бюро падарожжаў і экскурсій, турбазы з усіх шасці абласцей краіны, большасць здраўніц Белпрафсаюзкурорта. Асобна дэманстравалі свае прадукты прафсаюзныя арганізацыі – і таксама іх «геаграфія» ахоплівала ўсе рэгіёны Беларусі. Выстаўка ўдалася, таму, лічу, будзе цікавым і карысным паўдзельнічаць наступны раз усім старшыням прафсаюзных камітэтаў, членам прафсаюзных арганізацый з нашага раёна.      

 – Леаніда Генадзьеўна, вы кантактавалі з наведвальнікамі выстаўкі. Напэўна, у першую чаргу знаёмілі іх з турысцкімі адметнасцямі Стаўбцоўшчыны, такімі як, напрыклад, турбаза «Высокі бераг»…

 – Так, сярод наведвальнікаў былі людзі розных узростаў і, трэба сказаць, знайшлося нямала такіх, хто ўлюбёны ў нашу турбазу. Але ў цэлым сучасная моладзь амаль нічога пра яе не ведае. Адсюль выснова – трэба больш раскручваць сябе, больш нагадваць і пра Коласавы мясціны. Не забываць, што турыста неабходна нечым зацікавіць. Для гэтага наша бюро падарожжаў і экскурсій распрацоўвае новыя маршруты. Адзін з іх, да прыкладу, пралягае праз Засулле, Рубяжэвічы, «Панскі маёнтак «Сула». 

– Якія, на вашу думку, напрамкі турызму найбольш запатрабаваны сёння?

– Думаю, будзе толькі ўзрастаць папулярнасць так званых вытворчых экскурсій, асабліва важных для моладзі, якая думае над выбарам будучай прафесіі. Раней яны ў нас былі, але чамусьці аказаліся забытымі. Сёння мы маем магчымасць шляхам экскурсій пазнаёміць школьнікаў з  самымі рознымі прафесіямі і прадпрыемствамі, у тым ліку з такімі брэндамі нашай краіны, як «Камунарка», «Слодыч», БелАЗ і т. п. Не адна экскурсія ўжо прайшла ў Парк высокіх тэхналогій. Старшакласнікі ўспрымаюць іх на «ўра». Можам прапанаваць трыкатажную фабрыку, завод пластмасавых вырабаў, фабрыку валёнак і фабрыку марожанага. У нашым раёне таксама ёсць цікавыя вытворчыя аб’екты, куды патрэбны маладыя кадры. Узяць той жа філіял маторнага завода з яго інавацыйнай ліцейнай вытворчасцю. Ды і ў сталіцу нашу паехаць цікава. За апошнія гады там з’явілася столькі новых нестандартных аб’ектаў. Час такі, што шмат розных магчымасцяў з’яўляецца, але хацелася б, каб і прафсаюзныя арганізацыі падказвалі ідэі, пажаданні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *