З кветкамі – да матулі

Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

12-02-2016-12

Такі прыгожы момант сямейнай урачыстасці наш фотакарэспандэнт падгледзеў у Несцеравічах. Сваю 85-гадовую матулю прыехаў павіншаваць сын Вячаслаў Шэйна, вадзіцель Стаўбцоўскага доследнага лясгаса. Вячаслаў Нікадзімавіч разумее, што ўсё ў яго жыцці пачалося з малаком маці і працягваецца яе мацярынскімі малітвамі.
Клаўдзія Шэйна жыве ў вёсцы, якая на Стаўбцоўшчыне называецца вёскай вязняў, таму што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўсіх жыхароў вымусова вывезлі на Нямеччыну, а вёску датла спалілі.
Клаўдзія Сцяпанаўна родам з Брэстчыны. Яна засталася круглаю сіратою і пасля вайны завербавалася ехаць аднаўляць Кёнігсберг (цяперашні Калінінград). Там яна пазнаёмілася з беларускім юнаком, які таксама прыехаў туды на заработкі. Так стварылася сям’я.
Нікадзім быў прызваны ў армію, а Клаўдзія, якая нарадзіла першага сына Вячаслава, прыехала на радзіму мужа ў Несцеравічы. Прыветную сціплую маладзіцу вельмі палюбілі родныя мужа. Так і абсталявалася Клаўдзія ў Несцеравічах назаўсёды. Разам з мясцовымі жыхарамі аднаўлялі знішчаную фашысцкімі захопнікамі вёску. У вялікай нястачы будаваліся, часова жылі ў дашчаных буданах, зямлянках. Колькі ўсяго перажыта гэтым пакаленнем, колькі выпакутавана! Траіх сыноў паставілі на ногі Шэйны. Аднаго з іх ужо няма ў жывых, Клаўдзія Сцяпанаўна пахавала і мужа. Сын Генадзь, як і Вячаслаў, таксама вадзіцель, толькі працуе ў Мінску. Дзякуючы клопату дзяцей жыве яна ў дагледжаным, з усімі выгодамі цывілізацыі доме, сагрэтая любоўю дзяцей і ўнукаў. Гэта дапамагае ёй быць такой светлай, маладой, прыгожай на свае шаноўныя гады.
Дом Шэйнаў стаіць на водшыбе ў вёсцы, каля самага лесу. І хоць працоўнае жыццё Нікадзіма і Клаўдзіі Шэйнаў было звязана з мясцовым калгасам, аднак яны заўсёды дапамагалі лясной гаспадарцы – выходзілі на збор шышак, на пасадку маладняку, хадзілі збіраць сасновую жывіцу.
Паважанага ў калектыве Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Вячаслава Шэйну, як і яго брата Генадзя, упрыгожваюць у грамадстве не толькі іх адказныя адносіны да сваёй справы, але і іх сыноўні клопат пра маці.
Многая лета Клаўдзіі Шэйна!
Святлана ЖЫБУЛЬ
На здымку: Вячаслаў Шэйна са сваёй 85-гадовай матуляй Клаўдзіяй Сцяпанаўнай.
Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *