Працаваць па адзіных правілах

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб у гэтым годзе былі прыняты меры для работы ў роўных умовах усіх гандлёвых структур: дзяржаўных і прыватных, замежных і айчынных. Такую задачу ён паставіў 9 лютага, прымаючы з дакладам міністра гандлю Уладзіміра Калтовіча.

«Рабіце так, каб і дзяржаўны гандаль, і прыватны, іншаземцы і свае былі ў роўных умовах», – запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

«І не глядзіце на забастоўкі нейкіх іпэшнікаў або яшчэ каго-небудзь. Мы дакладна ў мінулым годзе дамовіліся! Мы не хлапчукі, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне. Мы дамовіліся – у гэтым ключы трэба дзейнічаць», – сказаў Прэзідэнт.

«Трэба разумець, што тыя, хто завозяць сюды рознае адзенне, і нават добрай якасці, калі б гэта было з Турцыі, Кітая, Расіі, і іншае – трэба разумець: усё, што мы завезлі да сябе адтуль, мы настолькі ж угробілі сваю эканоміку, лёгкую прамысловасць. Не будзе яна развівацца. Тым больш без дакументаў, без сертыфікатаў. Слухайце! Гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм, злачынцаў! Адных ловім, саджаем, а іншым дазваляем», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«І потым, яны павінны разумець, што сертыфікацыя тавараў – гэта толькі першы крок. Мы ў гэтым годзе зробім усе крокі. Тавар, таваратранспартная накладная, усе суправаджальныя дакументы, сертыфікацыя – прыязджай, гандлюй. Няма гэтага – гандляваць не будзеш», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў далейшым гэты бізнес будзе падкантрольны. «Тады лёгкая прамысловасць, гандаль будзе ў нас у Беларусі для ўсіх: і для іпэшнікаў, іншых прыватнікаў, і для дзяржпрадпрыемстваў – у роўных умовах. Яны гэтага заўсёды патрабуюць – дайце нам роўныя ўмовы. Вось роўныя ўмовы», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт параіў міністру адысці ад усіх канонаў і стварыць «нармальную сістэму, якая давала б магчымасць арганізаваць прыватны і дзяржаўны гандаль». «Нічога не забараняецца. Але трэба арганізаваць так і прапісаць нармальныя правілы, за якія ніхто не мае права выйсці», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў таксама звярнуць увагу на работу пасрэднікаў. Паводле яго слоў, у гэтай сферы апошнім часам адзначаюцца буйныя правапарушэнні: «недзе за бясцэнак за мяжой купілі, тут да 200-300 працэнтаў даражэй прадалі, грошы вывелі ў афшор». Прэзідэнт дадаў, што не трэба забываць і пра гандаль па экспарце, на знешніх рынках.

«Гэта значыць трэба гэтую галіну зрабіць нармальнай, карыснай для дзяржавы і для людзей і прапісаць нармальныя правілы, каб і гандляры на нас не крыўдзіліся, яны патрэбны, і каб народ перш за ўсё быў задаволены той сістэмай, якая ў нас павінна існаваць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *