Хто будаваў нашы лёсы

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

У дзень сустрэчы з дзяцінствам, роднай школай і настаўнікамі сярэдняя школа № 3 сабрала сваіх выпускнікоў, каб нагадаць ім пра тыя выдатныя гады, якія яны правялі тут.

Зала, у якой праходзіла мерапрыемства, была ўпрыгожана шарамі, фотаздымкамі, на якіх многія маглі пазнаць сябе. Пасля адкрыцця вечара на сцэну была запрошана  дырэктар ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы» Ж. М. Лысая.  Яна павіншавала ўсіх выпускнікоў. Жанна Мікалаеўна не забылася сказаць пра чалавека, з якога пачалася гісторыя нашай школы, які ўсё сваё жыццё аддаў таму, каб наша школа была лепшай. Гэта першы дырэктар М. І. Лянцэвіч. Яна расказала пра дасягненні нашай школы. Сказала, што мы маем статус адной з лепшых устаноў адукацыі ў Мінскай вобласці і Рэспубліцы Беларусь. За апошнія гады наша ўстанова неаднаразова станавілася пераможцам у намінацыі «Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Мінскай вобласці» сярод устаноў адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці. Нашай школе ўжо 33 гады. За гэты час яна выпусціла 2505 навучэнцаў. Выпускнікам школы ёсць чым ганарыцца.

У гэты вечар гучалі музычныя нумары ў выкананні выпускніцы 2015 года Надзеі Кузёмка і гурта «Мроя». Танцавальны падарунак арганізаваў узорны ансамбль «Лявоначкі».

Выпускнікі юбілейных гадоў былі ганаровымі гасцямі на мерапрыемстве. Яны выказалі словы падзякі ўсім настаўнікам, якія былі з імі на працягу 11 гадоў, дапамагалі ім стаць лепшымі, падтрымлівалі іх. Словы ўдзячнасці былі адрасаваны цяперашняму дырэктару Жанне Мікалаеўне Лысай за тое, што праз многа гадоў для выпускнікоў школа застаецца такой роднай, такой утульнай, сюды хочацца вяртацца зноў і зноў.

Выпускнікі юбілейнага 2001 года так жа, як і іншыя, выказалі добрыя словы свайму класнаму кіраўніку Л. І. Блінкоўскай. Сёння, калі прайшло пятнаццаць гадоў з дня заканчэння школы, прыходзіць усведамленне таго, што цудоўныя гады, праведзеныя ў сценах сярэдняй школы № 3, захоўваюць самыя прыемныя ўспаміны мінулага дзяцінства. І цяпер мы ўжо не гарэзлівыя вучні, а сур’ёзныя дарослыя людзі, хочам выказаць словы ўдзячнасці нашаму любімаму класнаму кіраўніку Ларысе Іванаўне, якую мы былі рады бачыць на гэтай сустрэчы. Удзячны вам за вашу мудрасць, дзякуючы якой захаваліся добрыя адносіны паміж аднакласнікамі, за вашу дабрыню і ўдзел ва ўсіх нашых справах. Вы столькі сваіх сіл уклалі ў нас, вы столькі перажывалі за нас. Тады, пятнаццаць гадоў таму, мы, напэўна, не маглі зразумець і ацаніць вашу працу цалкам. Часам, можа, крыўдзілі вас. Цяпер мы ведаем і разумеем, што вы былі з тых людзей, хто будаваў нашы лёсы, любілі шчыра ўсіх нас, дбалі, давалі неацэнныя парады. Усе поспехі і няўдачы, маленькія радасці і засмучэнні вы, Ларыса Іванаўна, перажывалі разам з намі. Вы чырванелі за нас, калі мы паступалі няправільна. Вы ганарыліся намі, калі нас хвалілі іншыя настаўнікі. Вы дапамагалі нам у цяжкую хвіліну. Вы проста любілі нас. Цяпер мы, стаўшы дарослымі, спаўна ацэньваем, якую ролю адыгралі вы ў нашым жыцці.

А колькі выдатных успамінаў падарылі нашы пазакласныя зборы, калі мы ладзілі душэўныя размовы! А святы, дзе мы разам смяяліся, разам разбіраліся ў праблемах, а нашы экскурсіі і паездкі! Мы помнім іх да гэтага часу.

Мы жадаем вам, дарагая Ларыса Іванаўна, каб ніякія праблемы і непрыемнасці не маглі азмрочыць усмешку на вашым твары. Каб здароўе не падводзіла, і вы заўсёды былі поўная сіл і энергіі, якая зараджае ўсіх, хто вас акружае, велізарнай доляй пазітыву. Зямны вам паклон за вашу прысутнасць у нашым жыцці!

Алена БУДНІК,настаўніца СШ № 3 г. Стоўбцы

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *