Жыве ў памяці Афганістан…

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

12-02-2016-14

Ужо другі год у Аталезі збіраюцца воіны-інтэрнацыяналісты, немаладыя мужчыны з розных гарадоў і краін, каб ушанаваць памяць свайго загінуўшага таварыша Мікалая Крывулькі. Мікалай Крывулька – адзін з васьмі нашых землякоў, якія не вярнуліся з Афганістана і чыё імя ўвекавечана на стэле-помніку ў цэнтры Стоўбцаў. 

З кнігі «Памяць. Стаўбцоўскі раён»:

«Крывулька Мікалай Уладзіміравіч нарадзіўся 22.02.1950 у в. Аталезь. У 1965 г. скончыў Аталезскую СШ. Пасля заканчэння ПТВ працаваў у будаўнічым трэсце № 1 г. Мінска. У 1970 г. прызваны ў рады Узброеных Сіл, скончыў школу прапаршчыкаў. Служыў у Польшчы, старшына рамонтна-танкавай роты, потым у Беларускай ваеннай акрузе, з чэрвеня 1982 г. у Афганістане – камандзір кулямётнага ўзвода па ахове дарогі Кабул-Джалалабад. Старшы прапаршчык. Загінуў 22.09.1983. Пахаваны ў в. Аталезь. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа» (пасмяротна)…

…У той дзень байцы кулямётнага ўзвода, якім камандаваў Мікалай Крывулька, выявілі ў гарах склад са зброяй для душманаў. Падчас рэйду па вывазе гэтай зброі ўзвод трапіў у засаду. Бой цягнуўся амаль цэлы дзень, камандзір узвода быў кантужаны і паранены ў жывот. Дапамога прыйшла толькі пад вечар. У палявым шпіталі была зроблена аперацыя, але Мікалай Уладзіміравіч памёр ад атрыманых ран…»  

Пра сустрэчы афганцаў-аднапалчан Мікалая Крывулькі ў Аталезі нам паведаміў Уладзімір Паўлавіч Пічкін, лётчык, палкоўнік у адстаўцы, які, дарэчы, таксама бываў у небе над Афганістанам. Але ў даным выпадку ён напісаў на электронны адрас раённай газеты не пра сябе. Сястра загінуўшага Мікалая Крывулькі Тамара – яго жонка. Апошнія 30 гадоў Тамара Уладзіміраўна, як і яе сёстры, жадала больш даведацца пра брата.

– На той час, пачатак 80-х, гэта тэма была закрытай, – тлумачыць Тамара Крывулька-Пічкіна. – Нам забаранілі напісаць на помніку брата, што ён загінуў у Афганістане. І вось, праз 30 гадоў, выпадкова адшукаўся ў Луганскай вобласці Генадзь Сытнік, санінструктар, які выносіў Мікалая з поля бою… Сяброўка жонкі брата-нябожчыка адпачывала ў Віцебску і сустрэла там гэтага чалавека. Дала наш адрас. За тры гадзіны Генадзь прымчаўся да нас у Мінск. Гэта былі восеньскія Дзяды 2014 года… Яго мы адвезлі на могілкі ў Аталезь. Фатаграфію з гэтай сустрэчы ён размясціў у інтэрнэце. Пасля гэтага нарадзілася сустрэча баявых таварышаў у Аталезі…

Першая адбылася пазалетась 12 ліпеня. З’ехаліся саслужыўцы з 66-й асобнай мотастралковай брыгады, у якой служыў Мікалай Крывулька, з Харкава, Чарнаўцоў, Луганска, Масквы… А ў мінулым годзе яны сабраліся 3 ліпеня, акурат  у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сярод гасцей у бацькоўскім доме Крывулькаў былі і старыя, і новыя знаёмыя. Усе разам пяшком пайшлі на могілкі. Не забылі наведаць і магілу яшчэ аднаго аталезскага «афганца» – Паўла Шыдлоўскага, радавога, жыццё якога абарвалася ў чэрвені 1986-га… А потым за накрытымі сталамі пад вішнямі быў незабыўны вечар успамінаў, непарушнага баявога брацтва…

Немаладыя мужчыны прыгадалі такі эпізод. Ішоў другі год службы ў Афганістане. Яны стаялі ў ачапленні за 40 км ад аула. Спёка дасягала 40 градусаў, галодныя. Мікалай Крывулька, як камандзір узвода, кінуў адчайны кліч: «Хто са мною на «бэтээры» па прадукты?»  «Як мы, таварыш старшына, паедзем? Духі ж навокал!» – «Дык хто са мною, а не – я адзін?!» Смелыя знайшліся: «Я з вамі, таварыш прапаршчык».  Яны не ехалі на «бэтээры», а проста ляцелі, не пакідаючы душманам нават імгнення для роздуму. А назад праскочылі іншай дарогай… Так камандзір зрабіў усё, каб накарміць салдатаў. Ён быў ім як бацька.

Мікалаю Крывульку было толькі 33… Узрост Хрыста – гэта зусім нямнога… Дома яго чакалі жонка і двое сыноў, дзевяці і чатырох гадоў. Двойчы ён прыязджаў да іх у водпуск. У снежні 1983-га павінен быў вярнуцца канчаткова, аднак у верасні загінуў у цяжкім баі… Увогуле ў яго была вельмі мірная прафесія – муляра, аднак падчас службы ў Польшчы ў яго заўважылі здольнасці да ваеннай службы. Прапанавалі стаць кадравым ваенным.

– Брат пісаў вершы. Ён – кандыдат у майстры спорту па штанзе. Майстар на ўсе рукі. Таварышы любілі яго. Жыццёвая энергія проста біла з яго, – прыгадвае Тамара Пічкіна. Яны выраслі ў вялікай сялянскай сям’і – пяць сясцёр і трое братоў. На жаль, у жывых сёння засталіся толькі сёстры. А іх матуля перажыла сына-«афганца» толькі на тры тыдні – не вытрымала мацярынскае сэрца…   

Жонка Мікалая Крывулькі, з якім была ў шлюбе ўсяго 11 гадоў,  перажыла свайго мужа-героя на 31 год. Яна так і не выйшла замуж… Увесь час на працягу жыцця (памерла яна пазалетась пасля цяжкай хваробы) падтрымлівала цёплыя адносіны з раднёй свайго мужа. Засталіся ўнукі, і адзін з іх названы Мікалаем – у гонар свайго дзеда, які па-геройску загінуў у Афганістане.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *