Працуем, адпачываем, удзельнічаем

Навіны Стаўбцоўшчыны Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

12-02-2016-15

Вячаслаў Мінцель больш за два дзясяткі гадоў працуе ў Кляцішчанскім лясніцтве. Быў лесніком, а потым асвоіў і прафесію вальшчыка. Выконвае гэтую работу спраўна, таму неаднаразова браў удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства сярод вальшчыкаў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса.

У працавітых руках Вячаслава Іванавіча не ведае стомы яго піла-чараўніца. Умомант дамчыць яго да самых аддаленых дзялянкі ці абхода і памочнік-матацыкл.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

МОЛАДА – НЕ ЗЕЛЕНА

Навучэнцы школ раёна маюць магчымасць узяць удзел у рэспубліканскім творчым праекце «Молада – не зелена!».

У аснове праекта – дыстанцыйная акцыя-гульня «Молада – не зелена!», завочная школа юнкораў газеты «Пераходны ўзрост» (яе заснавальнікам з’яўляецца ГА «БРСМ»), рэспубліканскія творчыя конкурсы, акцыя «Пераходны ўзрост» запальвае зоркі» і злёт юнкораў падчас тэматычнай змены ў Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня».

У творчых конкурсах праекта прымаюць удзел члены БРСМ, заметкі якіх адбіраюцца для публікацыі ў газеце «Пераходны ўзрост» і на сайце www.pvz.by. Пераможцы вызначаюцца па выніках абмеркавання чытачоў газеты «Пераходны ўзрост» і наведвальнікаў сайта. Як правіла, юнакі і дзяўчаты пішуць пра справы ў сваіх пярвічках, дасылаюць фотаздымкі, у якіх галоўныя героі – актывісты маладзёжнай арганізацыі.

– З дапамогай гэтага праекта мы імкнемся падтрымаць таленавітую моладзь свайго раёна, даць ёй магчымасць развіць свае здольнасці і вызначыцца з выбарам прафесіі, – зазначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

 

ПАСЯБРУЙ З ЗАКОНАМ

На Стаўбцоўшчыне пачалася абласная міжведамасная прафілактычная акцыя «Дружым з Законам!».

– Міжведамасны характар акцыі прызваны мабілізаваць адміністрацыйныя і сацыяльна-грамадскія рэсурсы для вырашэння праблем, звязаных з прафілактыкай правапарушэнняў сярод непаўналетніх, становішчам дзяцей у сям’і, – адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько. Правядзенне акцыі «Дружым з Законам!» прадугледжвае Комплексны план мерапрыемстваў па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абароне іх правоў і законных інтарэсаў у Мінскай вобласці на 2016-2018 гады.

Акцыя разлічана на два этапы, план яе правядзення зацверджаны старшынёй раённага выканаўчага камітэта. Асноўны этап  – з 10 па 25 лютага – прадугледжвае ажыццяўленне комплексных прафілактычных, дабрачынных і іншых мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў дзяцей і моладзі асэнсаваных законапаслухмяных паводзін, прывіццё ім духоўных і маральных каштоўнасцяў, імкнення да здаровага ладу жыцця.

 

РЫБНЫЯ ДНІ

Гэтай парой хатаўскія рыбаводы ўважлівей прыслухоўваюцца да  прагнозаў надвор’я, каб сустрэць вясну, нават калі яна выдасца ранняй, у поўнай гатоўнасці. 

З вясны яны плануюць зарыбленне яшчэ адной, трэцяй, сажалкі, прызначанай для аказання паслуг аматарам рыбнай лоўлі. Гэта сажалка – адна з самых вялікіх, плошчай 10 гектараў. Доўгі час яна была нядзеючай, зарасла, але мінулым летам яе ачыстка была праведзена з дапамогай спецтэхнікі дзераўнянскай ПМК.

– Сажалку зарыбім карпам, фарэллю – гэтыя віды рыб карыстаюцца ў аматараў самавылаву вялікай папулярнасцю, – адзначае начальнік участка па вытворчасці рыбы і базы адпачынку «Хатава» племптушкарэпрадуктара «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Юрый Мінько.    

У мінулым годзе базай адпачынку «Хатава» было аказана паслуг на 180 мільёнаў рублёў, вырашчана 55 тон рыбы. У выхадныя дні хатаўскія рыбаводы рэалізуюць на кірмашах-продажах, якія праходзяць у розных рэгіёнах краіны, 100-150 кг жывой рыбы.

Традыцыйнымі для рыбаводаў Беларусі сталі рыбныя кірмашы-продажы «Рыба Беларусі». Бліжэйшы з іх пройдзе 13-14 лютага 2016 года ў Мінску (вуліца Прытыцкага, 27, Лядовы палац), і гэта ў новым годзе ўжо другі такі кірмаш-продаж.

 

ВІКТАРЫНА ДЛЯ ПАЖЫЛЫХ

На сустрэчу з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра прыйшла прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях – інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей.

З 1-га лютага на Стаўбцоўшчыне праходзіць акцыя – «Бяспека – у кожны дом», таму інспектар у першую чаргу звярнула ўвагу на правілы пажарнай бяспекі ў быце, нагадала пра меры бяспекі пры карыстанні пячным ацяпленнем, электрапрыборамі. Карысным для ўсіх было адказаць на пытанні тэматычнай віктарыны і, такім чынам, абагуліць чарговасць сваіх дзеянняў у выпадку пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі.

Вынік сустрэчы падвёў загадчык аддзялення Сяргей Есіс, які лічыць, што ўручаныя пажылым людзям буклеты змогуць стаць крыніцай інфармацыі і для іх дзяцей, унукаў.

Пр

 

АБСЛЕДАВАЦЬ НЕАБХОДНА ЎСЕ КВАТЭРЫ

З 29-га студзеня работнікі філіяла ВУ «Стоўбцыгаз» займаюцца пакватэрным абходам шматкватэрнага жылога фонду раёна, дзе ўстаноўлены газавыя вадагрэйныя калонкі, у ходзе якога правяраюць спраўнасць аўтаматыкі бяспекі і наяўнасць цягі, праводзяць інструктаж з жыльцамі, за выкананне якога жыльцы ставяць свой подпіс. Працэдура абследавання – бясплатная. 

Масавы абход пасярод ацяпляльнага сезона выкліканы трагічным выпадкам 27 студзеня, які адбыўся ў горадзе Барысаве. Там устанаўліваюцца прычыны гібелі дзвюх сем’яў. Аднак інцыдэнт быў зафіксаваны і ў нашым раёне.

1-га лютага ў двухпавярховым двухкватэрным доме ў Новым Свержані атрымалі атручэнне прадуктамі гарэння прыроднага газу маладая жанчына і яе паўтарагадовы сын. Пацярпелых  даставілі ў бальніцу. На шчасце, атручэнне было лёгкай ступені. Спецыялістамі ўстаноўлена прычына здарэння – уладальнікам жылога памяшкання была самавольна перанесена труба для адводу прадуктаў гарэння праточнага воданагравальніка з дымахода ў вентыляцыйны канал, у выніку чаго прадукты гарэння прыроднага газу траплялі ў памяшканне ваннага пакоя, дзе і знаходзіліся пацярпелыя.

– Абышлі ўсіх, але не ўсіх абследавалі, – зазначае дырэктар упраўлення «Стоўбцыгаз» Іван Шпілеўскі. – Не ва ўсіх кватэрах жыльцы былі дома. Цяпер па гэтых адрасах ходзім паўторна. Працуем ужо другія выхадныя запар. Таксама паўторна наведваемся туды, дзе неабходна праверыць выкананне выдадзенага прадпісання.

Прычынай для выдачы прадпісання служыла, як правіла, няправільная эксплуатацыя газавага абсталявання, у прыватнасці, злучэнне ад газавай калонкі да дымавых каналаў было выканана гібкім матэрыялам – гофрай, пры тым, што дымаадводны патрубак павінен быць з цэльнага матэрыялу. У кожнай кватэры адлегласць ад калонкі да дымавых каналаў розная, але ў любым выпадку набыццё цэльнага матэрыялу не з’яўляецца праблемай. І цана пытання таксама не з тых, пра якую трэба гаварыць.

Там, дзе ўладальнік праігнараваў патрабаванне прадпісання, прымянялі меры ўздзеяння, у тым ліку і крайняю – адключэнне кватэры ад газазабеспячэння. Падобныя прэцэдэнты назіраліся ў Наваколасаве, дзе, дарэчы, зарэгістравана ў карыстанні самая вялікая колькасць газавых калонак. Цікава, як дзейнічала крайняя мера? Вельмі эфектыўна. Калі раніцай, напрыклад, газавікі вымушаны былі адключыць газ, то ўжо, умоўна кажучы, у абед уладальнік дэманстраваў поўную гатоўнасць да падключэння.  

– Працуем з людзьмі і хочам быць пачутымі, – падкрэслівае Іван Шпілеўскі, маючы на ўвазе асобныя выпадкі, калі ў кватэру ўвогуле адмаўляюцца пускаць работнікаў газавай службы. Прыходзіцца прыбягаць да ўчастковага інспектара міліцыі, заклікаць на дапамогу суседзяў, для якіх не абследаваная ў доме кватэра з’яўляецца крыніцай небяспекі, рэальнай пагрозы іх жыццю і здароўю.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *