Падзеі і здарэнні

Навіны Стаўбцоўшчыны Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены сем адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Максім Андрыкавец, Мацвей Крупінскі, Аліна Зяленка, Яфім Ермаковіч, Маргарыта Гунько, Марк Лапко, Аліна Дземідовіч, Ірына Байдзель і Давід Сафараў.

Зямны шлях закончыўся для 12-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі тры вогненныя здарэнні. На дачным падворку ў Кулі загарэлася лазня. Пажар адбыўся ў гаражы стаўбчаніна – пацярпела сама пабудова і аўтамабіль «Волга», які там захоўваўся. Абодва здарэнні выкліканы парушэннем правіл пажарнай бяспекі. У Кучкунах агнём знішчаны жылы дом, яго гаспадар атрымаў апёкі кісцяў рук, шыі і твару І-ІІ ступеняў. Прычына ўстанаўліваецца.

Міліцыяй зарэгістравана 97 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 13 крымінальных спраў, у дзесяці з іх устаноўлены падазраваемыя. Паблізу парку Дружбы народаў нецвярозы хуліган збіў двух грамадзян, прычым адзін з іх пабіты за спробу спыніць хуліганства. На вуліцы ў Старым Свержані грабежнік адкрыта выхапіў з рук састарэлай сумку. У Новым Свержані невядомы абрабаваў прыватны магазін, размешчаны ў будынку комплекснага прыёмнага пункта, адкуль вынес тавар і выручку на суму 16,6 мільёна рублёў.

Пракуратурай раёна праведзены прафілактычныя гутаркі і аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне пяці асобам, якія дапусцілі наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў, фізічных і псіхічных пакут членам сваёй сям’і і іншым грамадзянам, аб прыцягненні да адказнасці, у выпадку паўторнага замаху на жыццё і здароўе.

Суд абмежаваў у волі на 1,5 года 60-гадовага жыхара Старога Свержаня, вінаватага ў незаконным набыцці, захоўванні, нашэнні і перавозцы боепрыпасаў, у тым ліку паўторна. Аштрафаваны на 840 тысяч рублёў 24-гадовы стаўбчанін, які, будучы нецвярозым, скандаліў з маці.

ДАІ выявіла 198 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое нецвярозых вадзіцеляў і 11 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 36 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана шэсць дарожных аварый.  

Санітарнай службай знята з рэалізацыі чатыры кілаграмы прадукцыі, якая захоўвалася з парушэннем тэмпературных рэжымаў у гандлёвым аб’екце ІП Месхішвілі А. М. (рынак «Кірмаш»). У ПВУП «Сахар Т. В.» (Дзераўная) забаронена рэалізацыя 3,56 кг прадуктаў з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці.           

«Хуткая» выязджала да хворых 210 разоў. 

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *