У дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася творчая сустрэча, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Міхася Міцкевіча і 125-м угодкам Марыі Міцкевіч (Каменскай).
Пра Міхася Канстанцінавіча напярэдадні яго знамянальнай юбілейнай даты была згадка ў «Прамені». Вучоны, доктар тэхнічных навук, спецыяліст па апрацоўцы металаў і сплаваў. І ў той жа час аўтар літаратурных твораў – вершаў, эсэ. Фізік і лірык, чалавек глыбока дасведчаны ў многіх галінах. Выдатны спартсмен, майстар спорту па стэндавай стральбе. Аднаго гэтага хапіла б, каб лічыць яго асобай неардынарнай, чалавекам, які спалучае ў сабе многія якасці. А яму яшчэ лёсам наканавана было стаць захавальнікам спадчыны Якуба Коласа, народнага песняра, яго бацькі.
Марыя Дзмітрыеўна – верная спадарожніца Якуба Коласа ў яго жыцці. Прыгадаем старонкі біяграфіі вялікага творцы. У верасні 1911 года ён адбыў тэрмін зняволяння за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе з характарыстыкай «недабранадзейны». Сябры не пакінулі ў бядзе, знайшлі Коласу настаўніцкае месца на Піншчыне. Прыватныя ўрокі для спешчаных дзяцей чыноўнікаў вымотвалі. І тут прамень святла і надзеі – узаемнае каханне з настаўніцай Пінскай гімназіі Марыяй Каменскай. Маладыя, багата духоўна адораныя людзі, сталі мужам і жонкай.
У Коласа творчы ўздым. У 1914 годзе выходзіць зборнік апавяданняў «Родныя з’явы», плённа працуе ён над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Але грымнула Першая сусветная вайна, Коласа забралі ў войска. Цяжар трывожнага, неўладкаванага жыцця выпаў і на крохкія плечы Марыі Дзмітрыеўны. З малым сынам Данілам яна перабіраецца ў Падмаскоўе, потым – у Перм, на месца ваеннай службы мужа. А ў сям’і прыбаўленне – нарадзіўся Юрка. Жылі потым на Куршчыне, дзе знайшлі педагагічную працу.
У маі 1921 года Якуб Колас з сям’ёй вяртаюцца на Беларусь. Для пісьменніка пачынаецца перыяд актыўнай і грамадскай, і творчай дзейнасці. Ён заканчвае працу над «Новай зямлёй», канчатковай рэдакцыяй «Сымона-музыкі», кладуцца на паперу радкі трылогіі «На ростанях».
Марыя Дзмітрыеўна была яго першым чытачом і дарадчыкам, даволі прынцыповым крытыкам. Колас заўсёды ёй першай чытаў толькі што напісаны верш ці ўрывак з паэмы, празаічнага твора. Ён вельмі цаніў заўвагі жонкі, лічыўся з яе думкай.
Руская па нацыянальнасці, як сведчаць сыны Даніла і Міхась, Марыя Дзмітрыеўна дасканала ведала і любіла меладычную беларускую мову. У доме гаварылі па-беларуску. Ведала маці многа беларускіх песень і хораша спявала. «Яна была чалавекам, поўным любові да людзей, – з цеплынёй адзначаў Даніла Канстанцінавіч, – вельмі сціплай, нават самаахвярнай. Мама з вялікай любоўю і пяшчотай ставілася да нас, сваіх дзяцей, вучыла быць добрымі, сумленнымі, працавітымі».
Грымнула вайна. Сям’і давялося пакінуць Мінск, знайшлі прытулак у Ташкенце. На фронце загінуў сын Юрка. І неўзабаве пасля Перамогі не стала Марыі Дзмітрыеўны. Так і не ажыццявілася яе мара пабыць на радзіме мужа – Стаўбцоўшчыне.
Колас вельмі балюча перажываў страту любай жонкі. Кранаюць яго журботныя радкі:
І дзе знайсці мне тыя словы,
Каб выказаць жальбу маю?
Мне не стае душы паловы,
Свой боль я ў сэрцы затаю…
Пранікнёнымі на згаданай сустрэчы былі словы, сказаныя Міхасём Міцкевічам пра маці, бацьку, старэйшых братоў. Наталля Міцкевіч прэзентавала новую кнігу пра родных і блізкіх Якуба Коласа. І, вядома, гучалі вершы, песні ў выкананні беларускіх паэтаў і артыстаў. Яўген Хвалей і Казімір Камейша, якія былі сярод выступоўцаў, не маглі не сказаць пра паэтычныя пуцявіны, што вядуць ад Стаўбцоўшчыны, радзімы Якуба Коласа. І гучалі пажаданні моцнага здароўя нашчадку песняра Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу.
Ф. БАНДАРОВІЧ