Ганчарства Мацвея Ганчаронка

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

15-02-2016-2

Заўсёды бывае на выставах народнай творчасці – вочы разбягаюцца ад мноства мастацкіх вырабаў. І здараецца, што нешта прабягае міма тваёй увагі. Работы ж самага юнага ўдзельніка мастацкай выставы «Сонцаварот» народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» трэцякласніка СШ № 2 г. Стоўбцы Мацвея Ганчаронка не засталіся незаўважанымі.

Удзельнікаў здзівіла не тольмі майстэрства хлопчыка, але і сам від творчасці – ганчарства. Мацвей ужо тры гады захапляецца ім, робіць рукамі выдатныя гліняныя скульптуры, вазачкі, іншыя мастацкія рэчы інтэр’ера. Мы з захапленнем даведваемся, што Мацвей Ганчаронак – унук кіраўніка народнага клуба майстроў народнай творчасці, прызнанага майстра ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кіраўніка народнай студыі «Чароўная саломка» Старасвержанскай сярэдняй школы Аліны Халявінскай. Аліна Антонаўна – майстар саломапляцення, беларускіх паясоў, роспісу велікодных яек і іншых відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Заслугі ў мастацкім выхаванні ўнука Аліна Антонаўна аддае свайму мужу Чаславу Антонавічу, таксама члену клуба майстроў народнай творчасці, майстру кашоў з сасновай драніцы. Заўважыўшы, якія неардынарныя здольнасці ёсць у Мацвея ў лепцы, хлопчыка адразу сталі вадзіць у гурток Дома творчасці дзяцей і моладзі. Творчасцю Мацвей займаецца з пяці гадоў. Заняткі ў гуртку лепкі паказалі, што інтарэс да гэтага мастацкага занятку ў Мацвея не слабеў, а яшчэ больш развіваўся. Ён стаў выконваць мастацкія вырабы з палімернай гліны. Дзед зрабіў тады ўнуку ганчарны круг. Мацвею пашанцавала: яго дом і дом дзядулі і бабулі – на адной вуліцы ў райцэнтры, на Першамайскай. Так што ўдзел прабацькоў у жыцці хлопчыка актыўны, багаты парадамі і самымі рознымі відамі дапамогі.

Аліна Антонаўна са свайго боку таксама рупіцца прыняць удзел у развіцці творчых задаткаў унука. На бацькоўскай сядзібе ў Віскачах працалюбівыя Часлаў і Аліна Халявінскія маюць пчальнік, часта там бываюць. Аліна Антонаўна ўжо не адзін раз хадзіла на рэчку, якая працякае ў Віскачах. Даўней там была такая адмысловая белая гліна, якую не ўсюды знойдзеш, – сапраўдны клад для ганчароў. Аднак цяпер бабры пагаспадарылі на рэчцы, усе праходы закрытыя, не падступіцца. І ўсё ж Аліна Антонаўна не губляе надзеі, што да гліны можна будзе «дакапацца».

Мацвей Ганчаронак паспяхова займаецца і на мастацкім аддзяленні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе педагогі развіваюць яго здольнасці. Акрамя таго, ён асвоіў майстэрства вырабаў з саломкі. Цяпер заняўся выпільваннем. Мацвей яшчэ і выдатны канструктар – яго пакой дома запоўнены сабранымі ім складанымі канструкцыямі «Лего». Гэтым не абмяжоўваюцца яго інтэлектуальныя запыты. Ён зжыўся са светам насякомых, шмат цікавіцца гэтай сферай жывой прыроды, пра павукоў ведае ўсё. Нават прафесіянала-пчаляра дзеда Мацвей не мала здзіўляе сваімі глыбокімі ведамі пра пчол. Так што і тут у дзеда і ўнука нямала агульных інтарэсаў.

Уперадзе ў Мацвея – шмат адккрыццяў, поспехаў, удач. Пажадаем яму для гэтага здароўя, натхнення, творчага настрою, працавітасці і старання.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: Мацвей Ганчаронак са сваімі аўтарскімі глінянымі мастацкімі вырабамі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *