Будзе жыць памяць у імя міру

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

16-02-2016-17

Па традыцыі 15 лютага ў Стоўбцах адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Урачыстае шэсце воінаў-інтэрнацыяналістаў раёна пачалося ад райваенкамата, акурат з таго месца, з якога фактычна пачалася дарога ў бессмяротнасць для васьмі нашых землякоў. Партрэты іх, вечна маладых, глядзяць на нас з суровага граніта помніка ў цэнтры горада… Аляксандр Бохан, Леанід Яўсейчык, Віктар Канавал, Віктар Клімахін, Валерый Князеў, Павел Шыдлоўскі, Аляксандр Янушкевіч…  У ганаровай варце застылі ля помніка піянеры школы № 2 г. Стоўбцы, наша падрастаючае пакаленне. Пад гукі духавога аркестра калона скіроўвае да помніка загінуўшым у Афганістане землякам, дзе сабраліся воіны 25-га арсенала, ветэраны вайны і вучні школ горада, грамадскасць. У руках удзельнікаў ярка пунсавеюць жывыя гваздзікі памяці…

Мітынг-рэквіем у гонар 27-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана пачынаецца з Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Ад імя раённага выканаўчага камітэта слова прадастаўляецца намесніку старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргею Шэсцелю.

– Вайна – гэта страшнае слова, – зазначае Сяргей Яўгеньевіч. – 27 гадоў прайшло, як апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю Афганістана. Дзякуючы абмежаванаму кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане была папярэджана спроба сфарміраваць у гэтай краіне цэнтр міжнароднага тэрарызму і наркагандлю. Гэта пацвярджаюць падзеі, якія адбываюцца сёння. Воінам-інтэрнацыяналістам прыйшлося перажыць пакуты і горыч страт таварышаў, але яны праявілі гераізм, адвагу і захавалі вернасць воінскай прысязе. На жаль, нярэдка цаною жыцця… Мы захоўваем памяць аб тых, хто загінуў, у нашых сэрцах…

«Памяць аб загінуўшых і аб тых, хто з гонарам выканаў свой інтэрнацыянальны доўг, хто працягнуў баявыя традыцыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, будзе жыць вечна», – не раз разносілася над свяшчэнным  месцам Стоўбцаў.

Да воінаў-інтэрнацыяналістаў звяртаюцца раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Іосіф Язвінскі. У выступленні кожнага з іх гучыць упэўненасць у тым, што воіны-інтэрнацыяналісты сваім подзвігам даказалі здольнасць Узброеных Сіл выконваць гістарычныя місіі, служыць прыкладам для маладога пакалення.

Прысвячэнне сваім сабратам па зброі адрасаваў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгор Мамайка. Ён падкрэсліў, што воіны-інтэрнацыяналісты Стаўбцоўшчыны – гэта своеасаблівае ядро патрыятычнай работы, гэта людзі са сваёй пазіцыяй, якім сапраўды ёсць чым ганарыцца. Да прыкладу, пры раённай арганізацыі дзейнічае клуб баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны», у якім выхоўваюцца будучыя абаронцы.

Цёплым і, як заўсёды, хвалюючым было выступленне сакратара раённай арганізацыі КПБ Ніны Дубовік. Незагойная рана – 771 прозвішча на Востраве Слёз у Мінску (столькі беларусаў загінула ў той неаб’яўленай вайне).  Рабятам, якія загінулі ў Афганістане, і якія вярнуліся жывымі, якія з’яднаны гэтым баявым брацтвам, Ніна Уладзіміраўна прысвяціла вершы. Па-жаночы актуальным, па-мацярынску пранізлівым гучыць яе наказ берагчы мір на зямлі.

Памяць тых, хто не вярнуўся з Афганістана, была ўшанавана мінутай маўчання. Да помніка ўскладзены жывыя кветкі.

У раённым Цэнтры культуры прайшоў канцэрт з удзелам воінаў-інтэрнацыяналістаў і рабят, якія займаюцца ў клубе баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». У кафедральным саборы святой праведнай Ганны адслужана паніхіда па загінуўшых воінах.

Таццяна  ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *