Дынастыі. Дабрачыннасць. Духоўнасць

Грамадства Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

16-02-2016-18

ПА БАЦЬКОЎСКІХ СЛЯДАХ

Унікальная для райаддзела міліцыі кадравая «перастаноўка»: Уладзімір Крэнь і Андрэй Паноцкі, у нядаўнім мінулым – інспектары дарожна-патрульнай службы, папоўнілі запас ветэранаў міліцыі, а ім на змену прыйшлі… іх сыны-афіцэры, Уладзімір Крэнь-малодшы і Вадзім Паноцкі.

Абодва, як і ў свой час іх бацькі, – выбралі аддзел ДАІ. Маладое папаўненне таксама служыць разам. Дружыць. Яно ўсведамляе, што працягвае бацькоўскую справу, і што сваім выбарам дало пачатак дзвюм новым міліцэйскім дынастыям. Маладым інспектарам ДАІ так да твару новая форма! Бацькі спадзяюцца, што іх дзецям будзе служыць лягчэй: «Мы былі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, у іх – вышэйшая». Вадзім Паноцкі закончыў следча-экспертны факультэт Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Уладзімір Крэнь-малодшы – БАТУ (тэхніку любіць з дзяцінства – не адзін сезон адпрацаваў разам з бацькам на камбайне ў ААТ «Агранёманскі»), прайшоў паўгадавую падрыхтоўку ў Вучэбным цэнтры МУС. Між іншым, і знешне маладыя людзі выглядаюць адпаведна – вышэй за бацькоў на цэлую галаву. Старт у прафесію – добры і, вельмі важна, з моцнай маральнай, псіхалагічнай падтрымкай, якая ідзе з сям’і.

Кіраўніцтва райаддзела гаворыць з вялікай павагай пра сваіх былых супрацоўнікаў – Уладзіміра Іванавіча Крэня і Андрэя Андрэевіча Паноцкага. Абодва даслужыліся да звання капітана. У першага – 28 гадоў выслугі, у другога – 21. Дзесяцігоддзі бесперапыннай службы ўжо аб многім гавораць… Значыць, яны не бегалі з месца на месца, хлеба лёгкага не шукалі, хаця перажылі перыяд «ліхіх» 90-х з іх няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні і заробкамі такімі, што прыходзілася думаць, як пракарміць сям’ю. Уладзімір Крэнь прыйшоў у міліцыю свядома – пасля армейскай службы ва ўнутраных войсках. У яго калегі Андрэя Паноцкага таксама была служба ў арміі, але да гэтага, яшчэ ў падлеткавым узросце, здарылася адна знакавая гісторыя… Гуляючы з сябрамі ў лесе, Андрэй заўважыў загнуты на машыне нумарны знак. Запомніў яго, і, у выніку, дапамог міліцыі раскрыць угон… » Прыйшло ў школу падзячнае пісьмо», – адказвае на маё пытанне пра заахвочванне Андрэй Андрэевіч і пераводзіць тэму – каб не засяроджваць увагу на сваёй асобе. Пасля арміі ён служыў у падраздзяленнях аховы ў г. Мінску, а потым, калі ў Стоўбцах ішоў набор у ДАІ, вырашыў паспрабаваць. У гэтага варыянта працаўладкавання была яшчэ адна перавага – магчымасць быць бліжэй да дома: Андрэй Андрэевіч – з суседняга Нясвіжскага раёна, з Гарадзеі, – жыве там і сёння. За гады службы ў ДАІ ён вывучыў Стаўбцоўшчыну так, што сыну-інспектару пры неабходнасці можа падказаць любую вуліцу ці закінутую вёсачку не горш за карэннага жыхара.

З выхадам у адстаўку сувязь з міліцыяй ва Уладзіміра Крэня і Андрэя Паноцкага працягваецца самым цесным чынам – праз удзел у жыцці ветэранскай арганізацыі, агульныя мерапрыемствы, традыцыі супрацоўніцтва. Абодва ветэраны міліцыі – людзі ініцыятыўныя, запатрабаваныя ў грамадстве. Уладзімір Крэнь – індывідуальны прадпрымальнік, дзейнасць якога звязана з грузаперавозкамі. Вадзіцель-прафесіянал, ён сам садзіцца за руль, рамантуе тэхніку разам з сынамі (абодва закончылі БАТУ, афіцэры, старэйшы Алег служыць у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях). На падворку ў Крэняў цэлы аўтапарк тэхнікі розных відаў. Калі трэба пасля ДТЗ хутчэй выцягнуць машыну з кювета, вызваліць праезджую частку, то інспектары ДАІ нярэдка, па старой дружбе, звяртаюцца да свайго былога калегі. З райаддзелам міліцыі па роду сваёй цяперашняй дзейнасці звязаны самым цесным чынам і Андрэй Паноцкі, начальнік аховы на адным з паспяховых прадпрыемстваў Стаўбцоўшчыны – ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат».

Відавочна, што яшчэ і праз дзяцей застаюцца ў страі Уладзімір Крэнь і Андрэй Паноцкі – у своеасаблівай ролі настаўнікаў. «Не бойцеся пытацца ў старэйшых, прыслухоўвайцеся да іх парад», – наказваюць яны сынам з вопыту сваёй  інспектарскай практыкі. «Не забывайце, што вы працуеце ў міліцыі», – лічаць патрэбным па-мужчынску прама і цвёрда нагадаць пра грамадзянскі доўг, адказнасць. «Вы – на віду, і перад вамі – людзі… Заўсёды ўлічвайце гэта, калі прымаеце рашэнне», – настройваюць дзяцей яны, любячыя бацькі.  

Наша сустрэча адбывалася акурат у дзень, аб’яўлены адзіным Днём бяспекі дарожнага руху. Пасля размовы маладыя інспектары ДАІ раз’ехаліся па школах раёна: Уладзімір Крэнь – у Любкаўшчыну, Вадзім Паноцкі – у Мікалаеўшчыну. Іх асноўная задача – растлумачыць школьнікам правілы дарожнага руху і тое,  што іх выкананне – гэта такая ж неабходнасць, як, напрыклад, вучоба ў школе, заняткі спортам, сяброўства… Інспектары не хаваюць пазітыўнага настрою: «Выступаем у вучнёўскіх калектывах ужо не першы раз. Дзеці слухаюць уважліва, задаюць пытанні».

Хто ведае, магчыма, і нехта з іх захоча, калі вырасце, служыць у міліцыі, пакласці пачатак міліцэйскай дынастыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) ветэраны міліцыі Андрэй Паноцкі і Уладзімір Крэнь; за бацькамі – іх сыны.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

АПАРАТУРА ДЛЯ СЕЛЬСКАЙ БАЛЬНІЦЫ

Рубяжэвіцкая ўчастковая бальніца папоўнілася новым медыцынскім абсталяваннем.

 

Дар быў прыняты ад прыватнай асобы з Мінска, якая ахвяравала для сацыяльных устаноў Рубяжэвіцкага сельсавета фінансавыя сродкі.

Дзякуючы такому акту дабрачыннасці Рубяжэвіцкая ўчастковая бальніца набыла апарат універсальны магнітатэрапеўтычны, два электракардыёграфы, апарат фізіярэфлексатэрапеўтычны. Зразумела, што такія набыткі палепшаць якасць абслугоўвання сельскіх жыхароў.

Пр

 

З САРДЭЧНАЙ МАЛІТВАЙ

Прыхаджане кафедральнага сабора святой праведнай Ганны, вернікі іншых прыходаў Стаўбцоўскага благачыння прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях у Дзяржынскім раёне, прыўрочаных да 10-годдзя праслаўлення святой блажэннай Валянціны Мінскай.

Малебен на месцы пахавання святой на вясковых могілках у вёсцы Коскі ўзначаліў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.

На працягу ўсяго дня 6 лютага да гэтага святога месца сцякаліся людскія патокі з сардэчнай малітвай да блажэннай матушкі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *