Божая адзнака

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

17-02-2016-1

Сёлета Ражджаство Хрыстова выпала на вялікія выхадныя дні. Я са сваёй сям’ёй паехала ў родную вёску Жыгалкі павіншаваць сваю матулю Антаніну Юльянаўну Доўнар і бабулю – Алімпіяду Мартынаўну Мамонька.

Ва ўтульным цёплым пакоі мы сядзім за багатым святочным сталом і віншуем сваіх блізкіх людзей са святам. Ішла прыемная гаворка. І само сабою бабуля пачала ўспамінаць сваё нялёгкае жыццё.

…Нарадзілася яна 9 кастрычніка 1917 года, у год вялікага перавароту. Голад, разруха выпалі на яе дзяцінства. Сям’я была вялікай  – дзевяць дзяцей, жылі ўпрогаладзь. Дзеці рана прыступілі да працы. Трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы. А калі выйшла замуж і нарадзіла сына і дачку – пачалася вайна. Мужа Юльяна Васільевіча забралі на фронт. Дзед мой прайшоў усю вайну, атрымаў раненне, быў інвалідам ІІ групы Вялікай Айчыннай вайны, меў шмат узнагарод, памёр у 1987 годзе. Бабуля ўжо хутка 30 гадоў як удава.

–       Калі ў нашу вёску прыйшлі акупанты, – успамінае бабуля, – наш невялікі дом настолькі прыйшоўся ім даспадобы, што яны зрабілі ў ім камендатуру. А мяне з маленькімі дзеткамі выгналі ў хлеў. Вось у якіх умовах я гадавала сваіх дзяцей.

Закончылася вайна, муж вярнуўся з фронту, пачалі аднаўляць гаспадарку. Многа бяды перанеслі ў гэтыя цяжкія гады.

–       Сама жала, ткала, прала, шыла, каб адзець сям’ю, – па шчацэ ў бабулі коціцца няпрошаная сляза.

Рукі яе скрыўленыя ад цяжкай працы, а вочы такія добрыя, свецяцца цяплом. Мая бабулечка – незвычайны чалавек, ад яе ідзе столькі прастаты, радасці, любові. Яна вельмі прыгожа спявае. У маёй мамы ад яе таксама цудоўны голас. У свае 98 гадоў бабуля памятае многа прыпевак, песень. Працавітасць, крыштальная памяць, прага да жыцця, жыццёвая мудрасць – вось асаблівасці яе характару.

Хочацца прыгадаць адзін выпадак. Сталічны ўнівермаг «Кірмаш», у якім я працую, праводзіў конкурс «Гісторыя адной рэчы». Я вырашыла прыняць у ім удзел і папрасіла бабулю, каб яна распавядала мне пра калаўрот, які ў яе жыцці займаў найпершае месца. Дзякуючы яе багатаму досведу, яе ўменням я хутка асвоіла гэтае даўняе майстэрства і заняла ў конкурсе першае месца. Па праву я падзяліла яго са сваёй любімай бабулечкай.

Яе вельмі любяць суседзі, усе родныя. Мне хочацца выказаць ёй словы вялікай удзячнасці за дапамогу ў выхаванні майго ўнука, а яе прапраўнука – Паўла. У тым, што хлопчык расце добрым і спагадлівым, і яе заслуга. У сакавіку яму споўніцца толькі тры гады, аднак ён ужо спявае з бабуляй песні, прыпеўкі, размаўляць пачаў з васьмі месяцаў, малюе.

Падоранае бабулі даўгалецце – нібы ўзнагарода ўсім нам, Божая адзнака за ўсе яе намаганні і старанні ў жыцці.

Закончыліся выхадныя, я прыступіла да працы, а сэрцам, думкамі – у сваёй роднай хаце ў вёсцы. Гэта мяне прымусіла ўзяць ручку і напісаць у рэдакцыю вашай газеты. І ўспомнілася выказванне бабулі: «Доля там, дзе воля».

Мая мама Антаніна Юльянаўна Доўнар выпісвае «Прамень» і заўсёды яго чытае. Няхай для маіх родных гэта будзе прыемнай вестачкай. І вам усім, добрыя людзі, дабра і міру!

Людміла ПЯВЕЦ, г. Мінск



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *