Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

17-02-2016-1

ПА СЛЯДАХ МАЦІ

Алеся Дубіцкая – малады аператар машыннага даення, працуе  на МТФ «Целяхі» ТАА «СЖК «Налібакі». Жанчына працавітая, старанная. З году ў год дабіваецца высокіх вынікаў. Алеся Мікалаеўна добра даглядае жывёлу, якая аддзячвае ёй неблагімі надоямі. Летась надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 8274 кілаграмы малака, што на 316 кілаграмаў больш папярэдняга года. За сямнаццаць гадоў работы на ферме стала майстрам сваёй справы. А ў прафесію пайшла па слядах маці, якая таксама працавала аператарам машыннага даення.

Алеся Мікалаеўна ўвішная і кемлівая. Калі ўстанавілі ў кароўніку новае даільнае абсталяванне «манарэльс», то хутка яго асвоіла. Гаворыць, што калектыў фермы, якім кіруе брыгадзір Павел Міхно, дружны, згуртаваны, таму і працуецца лёгка.

За сумленную працу і высокія надоі пазалетась фотаздымак шчырай працаўніцы быў занесены на раённую Дошку гонару.

 

ПЛЁН СТАРАННЯ

Па выніках работы малочных цэхаў сельгаспрадпрыемстваў лідарства па-ранейшаму ўтрымліваюць работнікі фермаў ТАА «СЖК «Налібакі» з надоем звыш 23 кілаграмаў у суткі. Нарошчваюць вытворчасць малака жывёлаводы ААТ «Каганец». Сярэдні надой ад каровы штодзень складае больш за 21 кілаграм. Па гэтым паказчыку таварыства трывала замацавалася на другім месцы. Па таварнасці, якая дасягнула 95 працэнтаў, – на першым. Якасць прадукцыі, што рэалізуецца на малаказавод, самая высокая  – перапрацоўшчыкам адгружана ў студзені 573,6 тоны малака «экстрай». Па-ранейшаму залічваецца найвышэйшым гатункам больш за палову пастаўленага малака з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». А вось рочавіцкія і дзераўнянскія жывёлаводы ўсю прадукцыю паставілі невысокім (першым) гатункам.

 

ПОЛІВІТАМІННЫ КОРМ

Люцэрна – адна з багатых бялком шматгадовых траў, у склад якой уваходзяць незаменныя амінакіслоты. Па агульнай пажыўнасці і ўтрыманні пратэіну яна перасягае злакавыя культуры больш як у тры разы і з’яўляецца полівітамінным кормам для ўсіх відаў жывёлы. Вырошчванню люцэрны ў раёне надаецца вялікая ўвага. На сёння ў гаспадарках раёна яна расце на плошчы 3543 гектары, каля дзвюх тысяч з якіх засеяна летась. У гэтым годзе плануецца пасеяць яшчэ тры тысячы гектараў. Больш за іншых маюць люцэрны ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – 424 гектары, «Агранёманскі» – 375, «Шашкі» – 376, «Рубяжэвічы » – 374 ,»Жацерава» – 343, «Рочавічы» – 314. Усе шматгадовыя травы займаюць у гаспадарках плошчу 8551 гектар. Акрамя люцэрны, бабова-злакавыя, з перавагай бабовых кампанентаў, размясціліся на 3829 гектарах і злакавыя – на 1179 гектарах. Сёлета злакавыя, з-за іх невысокай пажыўнасці, падсявацца ў чыстым выглядзе не будуць, толькі на насенне. Запланавана падсеяць 4600 гектараў шматгадовых траў. 

 

ШМАТКАМПАНЕНТНЫЯ ПАШЫ

Пад шматкампанентнымі пашамі на сельгаспрадпрыемствах раёна занята звыш 2350 гектараў сельгасугоддзяў. Больш за іншых налічваецца ў ААТ «Агранёманскі», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», адпаведна 357, 270 і 265 гектараў. Плануецца ў гэтым годзе дадаткова стварыць такія пашы яшчэ на 300 гектарах. Шматкампанентныя пашы, пры правільным доглядзе, выкарыстоўваюцца больш за пяць гадоў і з’яўляюцца самай таннай высакаякаснай крыніцай зялёнага корму для буйной рагатай жывёлы ў вясенне-летні перыяд.

 

ЗНІЖАЕ ХАЛЕСТЭРЫН

У севазвароце сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна піваварны і кармавы ячмень займае плошчу каля сямі тысяч гектараў. Ячмень – багатая бялком харчовая і кармавая культура. Кармавы ячмень, які высяваецца на шасці тысячах гектараў,  – адна з каштоўных крыніц вітамінаў і мікраэлементаў, і адзін з лепшых кампанентаў у вытворчасці камбікармоў. Дзякуючы амінакіслотам лічыцца самым збалансаваным кормам. Пры гэтым з’яўляецца не толькі пажыўнай, але і здаровай ежай для грамадскай і дамашняй жывёлы: у ім утрымліваюцца рэчывы, якія садзейнічаюць зніжэнню ўзроўню халестэрыну ў крыві. На палетках гаспадарак высяваецца некалькі сартоў кармавога ячменю: «дзівосны», «бацька», «гонар». Для нарошчвання вытворчасці малака і мяса перад аграрыямі ставіцца задача павялічваць плошчы пад вырошчванне кармавога ячменю.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *