Прарэджваюць кроны

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

17-02-2016-1

У яблыневым садзе ААТ «Вішнявецкі-агра», у нядаўнім мінулым вядомым на ўсю краіну, вядзецца зімовае абразанне пладовых дрэў. Балазе, надвор’е дазваляе выконваць гэтую работу.

– Наш сад размяшчаецца на 73 гектарах, – расказвае аграном-садавод Ірына Мамонька. – Плануем правесці яго абразанне да красавіка –  пачатку руху соку. Займаецца гэтай работай мужчынская палова нашага нешматлікага калектыву. Гэта Аляксандр Войценка, Яўген Брылеўскі, Анатоль Міхайлоўскі і Мікалай Мамонька.

Ірына Станіславаўна расказвае, што зімовае абразанне мае шэраг пераваг. Па-першае, работы вядуцца без спешкі. Па-другое, крона зараз без лісця, таму бачны ўсе праблемныя і сухія галінкі. І дадае, што дзякуючы правільнаму абразанню не толькі фарміруецца крона, што забяспечвае стабільны ўраджай, а і дрэўцам гарантуецца даўгалецце.

Людзі працуюць, стараюцца. Аграном кантралюе работу, каб абрэзка галля вялася правільна. Дарэчы, у гэтай справе Ірына Мамонька не навічок, хоць і ўзначальвае вытворчы ўчастак толькі апошнія чатыры месяцы. Яна вопытны спецыяліст са спецыяльнай адукацыяй і набыла немалы вопыт менавіта ў вішнявецкім садзе. Затым змяніла профіль работы, перайшла ў жывёлагадоўлю. Аднак пасля даволі працяглага перапынку зноў вярнулася ў сад.

З аграномам-садаводам ішла размова пра перспектыву адрадзіць былую славу, як раней яго называлі, мічурынскага саду. Ірына Станіславаўна сказала, што такая магчымасць, безумоўна, ёсць, але на гэта спатрэбіцца не адзін год. Многае будзе залежаць і ад кіраўніцтва таварыства, бо ў гэтую галіну патрэбны немалыя ўкладанні.  

На здымку: аграном-садавод Ірына Мамонька дае парады рабочаму саду Аляксандру Войценку.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *