Абслугоўванне

Гандаль Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

17-02-2016-1

ПАДКАЗАЛІ ПАКУПНІКІ

Неяк пасля перапынку зайшла ў магазін «Кумпячок», адзін з самых «маладых» сярод дзевяці фірменных магазінаў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», і не магла не здзівіцца – столькі новых цікавых прапаноў на той жа гандлёвай плошчы!

Зразумела, у шырокім асартыменце прадстаўлена ўласная прадукцыя камбіната – каўбасныя вырабы, ахалоджаная свініна, мясныя паўфабрыкаты і кансервы. Навінкі сярод гэтага гастранамічнага багацця – ахалоджаныя тэфтэлі і катлеты. Хто іх паспрабаваў, найперш адзначае нязбіты дамашні смак прадукту.  У новым годзе фірменныя магазіны камбіната прыцягваюць пакупнікоў не толькі мясным, а і салодкім – здобай уласнай вытворчасці. Яе масавы выпуск наладжаны ў камбінатаўскай сталовай. Там працуюць вопытныя спецыялісты, у якіх атрымліваецца так, што асартымент сённяшні не паўтарае ўчарашні.

У цэлым, доля ўласнай прадукцыі  камбіната ў тавараабароце фірменных магазінаў дасягнула амаль 80 працэнтаў. Але і астатнюю, пятую, яго частку перапрацоўшчыкі стараюцца насыціць суправаджальным таварам як мага большага асартыменту, самых розных групаў і ад розных вытворцаў. Гэта надае іх магазінам, размешчаным у крокавай даступнасці, рысы ўніверсальнай гандлёвай кропкі, міні-супермаркета ў сваім мікрараёне.

Да прыкладу, ніжнія паліцы ў магазіне «Кумпячок» аддадзены дзіцячаму тавару – цацкам. Яно і зразумела, бо сярод пакупнікоў у новым шматпавярховым мікрараёне Стоўбцаў пераважаюць бацькі з малымі дзецьмі. Для дзяцей, а таксама і для дарослых, з’явіўся стэнд, дзе можна выбраць калготкі і шкарпэткі. У магазін кожны тыдзень паступае новая група прамысловых тавараў – мыйных сродкаў, шампуняў і т. п. Перапрацоўшчыкі імкнуцца набываць іх падчас акцый, таму рознічная цана – таксама са скідкай. На стадыі заключэння – дагавор аб супрацоўніцтве са шклозаводам «Нёман».

Пакупнікі такі крок вітаюць, а праведзенае сярод іх апытанне падказала яшчэ адну «нішу» –  маладзёжнаму мікрараёну не хапае дзіцячага харчавання. У выніку, ужо заключаны дагаворы з «Беллактам» і іншымі вядомымі айчыннымі вытворцамі дзіцячых малочных сумесяў і кашаў, пюрэ з гародніны і фруктаў.

– Нядрэнна было б, каб і Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» вырабляў дзіцячае харчаванне, – выказвае пажаданне спецыяліст па фірменным гандлі мясакансервавага камбіната Марына Крупец. – Сёння мы рэалізуем прадукцыю гэтага прадпрыемства – сокі, нектары, павідла, канфіцюры, агуркі салёныя, цукар прасаваны з напаўняльнікамі – вельмі якасную, карысную для здароўя.

Нядаўна, і пакуль толькі ў «Кумпячку», у асартыменце з’явіліся салаты, якія прадаюцца на развес, а таксама торты і пірожныя. Побач з імі ўстаноўлена кававарка. Уся прадукцыя выстаўлена ў асобных вітрынах, глядзіцца вельмі апетытна.

– Выбар шырокі і цана прымальная, – заўважае Марына Крупец. – Мы плануем арганізаваць адну з бліжэйшых дэгустацый нашых мясных далікатэсаў сумесна з вытворцай гэтых салатаў – СП «Леор Пластык». Пакуль узялі іх з дзясятак відаў – для вывучэння пакупніцкага попыту.  

Каб прыцягнуць пакупніка і павысіць тавараабарот фірменнай гандлёвай сеткі, на мясакансервавым камбінаце знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых партнёраў. «Леор Пластык» – толькі адзін з іх. А, напрыклад, з Навагрудскім камбінатам хлебапрадуктаў перапрацоўшчыкі супрацоўнічаюць даўно, але цяпер да паставак хлеба і хлебабулачных вырабаў дабавіліся і торты. На пастаўку тортаў заключаны дагавор і з мясцовым прадпрыемствам «Гном-сэрвіс». Карыстаюцца попытам торты ў невялікай расфасоўцы, у выглядзе пірожных. Прадстаўлены кандытарскія вырабы ў самым шырокім асартыменце ад фірмаў «Сладавіта» і «Вітрум».

Пры выбары ў пакупніка – разбягаюцца вочы і нават наступае такі момант, калі губляешся, чаму ўсё ж такі аддаць перавагу. І тут на дапамогу прыходзіць прадавец, здольны адказаць на ўсе пытанні.

– У нас падабраны калектывы ва ўсіх дзевяці магазінах – у іх працуе шмат моладзі, няма цякучкі, – падкрэслівае Марына Крупец і, задумаўшыся на хвіліну, дадае: – Сыходзяць хіба толькі ў дэкрэтны адпачынак.

У работнікаў фірменнай гандлёвай сеткі дастойная, як і ў цэлым на камбінаце, заработная плата, захоўваюцца ўсе прадугледжаныя калектыўным дагаворам выплаты і сацыяльныя гарантыі. Для іх створаны сучасныя бытавыя ўмовы, не кажучы пра тое, што асобныя магазіны  аснашчаны сродкамі аўтаматызацыі, сістэмамі самаабслугоўвання і відэаназірання. Зразумела, што магазіны, з якіх на камбінаце пачыналася развіццё фірменнай гандлёвай сеткі, не могуць раўняцца з тымі, што былі здадзены ў эксплуатацыю нядаўна, аднак і пра іх развіццё не забываюць. Пазіцыя дырэктара камбіната Рамуальды Бурдукевіч на гэты конт адрозніваецца прагрэсіўнасцю, імкненнем апярэдзіць час і канкурэнтаў: «Усё новае будзем укараняць у сябе, трэба не баяцца шукаць гэтае новае».   

НА ЗДЫМКУ: у магазіне «Кумпячок» разлічвае пакупнікоў Алена Грачова; прапануюць мясныя далікатэсы Ала Юнцэвіч  і Алена Федаровіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

УБІРАЦЬ ЗА САБОЮ

Сярод жыльцоў шматкватэрных жылых дамоў раёна праходзяць сходы, дзе абмяркоўваюцца пытанні аказання жыллёва-камунальных паслуг.

Як вядома, з 1-га студзеня 2016 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  № 535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг», які раздзяляе паслугу «Тэхабслугоўванне жылога дома» на тры самастойныя: тэхабслугоўванне, уборка дапаможных памяшканняў і асвятленне пад’ездаў.     

У сувязі з гэтым адносна паслугі па ўборцы дапаможных памяшканняў, да якіх у шматкватэрным доме адносяцца лесвічныя пляцоўкі і іншыя месцы агульнага карыстання, жыльцы маюць права выбару – яны могуць адмовіцца ад паслугі і ажыццяўляць яе самастойна.

– Сходы даюць нам магчымасць пачуць думку жыльцоў. Яны прайшлі ўжо сярод жыльцоў многіх дамоў, у тым ліку дзякуючы нашым добраахвотным памочнікам, – зазначае начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан. – На даны момант думка большасці схіляецца да самастойнай уборкі лесвічных пляцовак і іншых агульных месцаў у сваім шматкватэрным доме.

Напэўна, падобны  падыход жыльцоў – дастаткова лагічны. З савецкага часу ў многіх дамах існуе практыка, што ў пад’ездзе жыльцы ўбіраюць за сабою па графіку. Яны кожны тыдзень могуць і вымятаць, і мыць свой пад’езд. У камунальнікаў – расклад іншы. Згодна з нарматыўнымі дакументамі, сухая ўборка праводзіцца не радзей чым два разы на тыдзень, вільготная – не радзей двух разоў на месяц. Пры гэтым тарыф на гэтую паслугу складае 200 рублёў з 1 м2 агульнай плошчы кватэры.

Права выбару за жыльцамі, але каб не атрымалася так, што ад паслугі адмовіліся, але і самі не прыбіраем, ківаем на суседзяў.

 

АЎТОБУСЫ З ВІДЭАКАМЕРАМІ

Аўтапарк № 17 пачаў анашчэнне сваіх аўтобусаў, якія абслугоўваюць маршрутную сетку раёна, відэакамерамі. Раней усе маршрутныя аўтобусы былі абсталяваны сістэмай GPS-навігацыі.

З дапамогай названых тэхнічных навінак стала зручна кантраляваць работу вадзіцеля, яго адносіны з пасажырамі, паступленне выручкі і многае іншае. Яны, як сцвярджае дырэктар аўтапарка № 17 Іван Бычкевіч, дысцыплінуюць вадзіцеляў.  Апошнім часам усе вадзіцельскія вакансіі запоўнены. На маршрутах працуюць трое новых вадзіцеляў аўтобусаў, прычым адзін з іх прайшоў навучанне за кошт прадпрыемства. У цэлым вадзіцельскі калектыў аўтапарка ацэньваецца як дастаткова прафесійны. Шасцёра вадзіцеляў-асаў – пенсіённага ўзросту, аднак яны застаюцца запатрабаванымі.

–  Нельга не думаць аб будучым, – заўважае Іван Бычкевіч, маючы на ўвазе тое, што неабходна выхоўваць маладую змену, ствараць пэўны кадравы рэзерв, каб была магчымасць абслугоўваць на высокім узроўні не толькі грамадскі аўтобусны рух, а і выконваць заяўкі на турысцкіх маршрутах.       

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *