Смак беларускай вёскі

Нумары Паездкі, экскурсіі Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

17-02-2016-1

На турысцка-экскурсійным комплексе «Высокі бераг» прайшоў прэс-тур, у ходзе якога была паднята тэма адраджэння нацыянальнай беларускай кухні. Смак беларускай вёскі ўдзельнікі гастранамічнага тура маглі адчуць пад беларускую песню і скокі з удзелам артыстаў сталічнага Палаца дзяцей і моладзі «Золак», паспрабаваўшы бліноў з прыпёкамі, прыгатаваных на мангале, пачаставаўшыся беларускімі стравамі.

– На працягу ўсяго мінулага года, – расказвае генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага ўнітарнага прадпрыемства «Беларустурыст» Людміла Сянькоўская, – пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі быў аб’яўлены конкурс «Беларусь у новым вобліку». Усе старшыні аб’яднанняў прафсаюзаў Беларусі рыхтавалі новыя турыстычныя маршруты. Мэта гэтай ідэі была ў тым, каб падняць на паверхню нашу малую Радзіму, нашы вёскі, раённыя цэнтры, каб паказаць іх адметнасць, каб мы самі больш даведаліся пра нашу Бацькаўшчыну. І, зразумела, каб прыцягнуць гасцей у нашу краіну, ажывіць турызм. 30 студзеня завяршыла работу выстава новых турыстычных праектаў. На падставе прадстаўленых старшынямі раённых аб’яднанняў прафсаюзаў праектаў, створаны новыя турыстычныя прадукты, адзін з іх – наш гастранамічны тур «Смак беларускай вёскі». Чаму мы выбралі Стаўбцоўшчыну? Таму што вельмі багатая гісторыя гэтай цэнтральнай часткі Беларусі, адметныя рэцэпты нацыянальных страў, багатыя традыцыі сялянскай кухні. Сёння мы прэзентуем наш новы турыстычны прадукт, які праходзіць на Стаўбцоўшчыне і завяршаецца на туркомплексе «Высокі бераг»,  філіяле «Беларустурыста». У час работы першай прафсаюзнай экскурсійна-турыстычнай выставы «Прафтур-2016» мы таксама прапагандавалі турыстычную Стаўбцоўшчыну, прывозілі сюды нашых гасцей. Падчас выставы ў нас адбылася першая сустрэча тураператараў на постсавецкай прасторы. Мае калегі, прадстаўнікі Грузіі, Расіі, Малдовы, Казахстана, Узбекістана, палюбілі Стаўбцоўшчыну за яе гасціннасць і нацыянальныя традыцыі. Развітваючыся, яны гаварылі, што абавязкова вернуцца сюды з турысцкімі групамі.

Нацыянальную беларускую кухню ўдзельнікам прэс-тура каларытна і смачна прадставілі майстры-павары турысцка-экскурсійнага комплексу «Высокі бераг» Людміла Кухарчык і Наталля Камёнка, якія доўгі час працуюць  тут. Як расказвае адміністратар туркомплексу Таццяна Дубіцкая, цяпер пачынаюцца масленічныя тыдні. Павары паказваюць майстар-клас, як выпякаць грэцкія, гарохавыя, пшанічныя, аржаныя бліны з прыпёкамі. І наогул, як гаворыць Таццяна Пятроўна, туркомплекс узяў накірунак на адраджэнне нацыянальных страў. Яны вельмі запатрабаваны расіянамі і іншымі турыстамі з замежжа. Улетку паварам даводзіцца гатаваць больш чым на 200 чалавек. А цяпер, зімою, туркомплекс прымае асобныя турысцкія групы, абслугоўвае карпаратыўныя вечарынкі.

У сталовай павары падалі беларускі квас  – першую страву, дранку, праснак і кісель з журавін. Галоўны спецыялісты турысцка-экскурсійнага ўнітарнага прадпрыемства «Беларустурыст», магістр гістарычных навук, аспірантка гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Алена Антановіч расказала пра культуру харчавання беларусаў, пра адметнасці нацыянальнай кухні, пазнаёміла з рэцэптамі распаўсюджаных старадаўніх страў простай беларускай сям’і.

Вельмі дарэчы было пачаставацца нацыянальнымі стравамі з глінянага посуду – прыгожыя рэчы дамашняга ўжытку туркомплекс закупіў у прыватнай ганчарнай майстэрні пад Навагрудкам.

Як паведамляе старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька, наступным вялікім мерапрыемствам рэспубліканскага маштабу з удзелам прафсаюзаў стане Масленіца на туркомплексе «Высокі бераг».

На здымках: беларускую кухню прадстаўляюць майстры-павары Наталля Камёнка і Людміла Кухарчык; генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага ўнітарнага прадпрыемства «Беларустурыст» Людміла Сянькоўская з артыстамі Палаца дзяцей і моладзі «Золак».

Святлана ЖЫБУЛЬ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *