Стаўбцоўшчына на плыні часу

Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

19-02-2016-1

На мінулым тыдні адбыўся прэс-тур журналістаў рэспубліканскіх друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і Беларускага тэлебачання па Стаўбцоўскім раёне. Увага прадстаўнікоў прэсы да нашага раёна ў першую чаргу была выклікана тым, што па выніках работы за мінулы год раён выйшаў на лідзіруючыя пазіцыі па многіх паказчыках. Па тэмпе росту валавой сельскагаспадарчай прадукцыі заняў другое месца ў вобласці, першае – па таварнасці малака, гэты паказчык склаў 91,3 працэнта. Мінулы год увойдзе ў гісторыю раёна і тым, што дасягнута вышэйшая ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур – 41,9 працэнта, і адзначаны рэкорд па валавым надоі малака – больш за 83 тысячы тон. Стаўбцоўскі раён наогул добра спрацаваў па выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Тэмп вытворчасці прамысловай прадукцыі выкананы на 148,3 працэнта. Паказальныя і вынікі работы  па прыцягненні замежных інвестыцый, экспарце тавараў, энергазберажэнні і іншыя. Журналісты рэспубліканскіх выданняў мелі інтарэс да асобы старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыя Горлава, перспектыўнага кіраўніка, які за паўтара года работы на даверанай пасадзе сумеў вывесці раён на высокія пазіцыі.

Інтэрв’ю з Юрыем Горлавым адбылося ў новым мікрараёне Стоўбцаў на вуліцы Міру. У поле зроку тэлекамер трапілі прыгожыя шматпавярховыя дамы, новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Юрый Горлаў адказаў на ўсе пытанні журналістаў па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, аб перспектывах, планах, у тым ліку і па будаўніцтве сацыяльных аб’ектаў, як новы дзіцячы сад у новым мікрараёне. Узвядзенне яго плануецца пачаць ужо ў гэтым годзе.

У ходзе прэс-тура ўдзельнікі яго наведалі Дзераўнянскую сярэднюю школу – пераможцу абласнога спаборніцтва па выніках 2015 года ў намінацыі  «Лепшая ўстанова адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці». Журналістам былі паказаны многія цікавыя накірункі работы гэтай самай вялікай сярод сельскіх устаноў агульнаадукацыйнай школы, аб іх у інтэрв’ю журналістам расказалі дырэктар навучальнай установы Марыя Шумчык, настаўнікі і вучні.

На ведамасным мясакамбінаце СЗАТ «Агракамбінат «Колас» у вёсцы Зарэчча прадстаўнікам прэсы была прадэманстравана дзейнасць усіх вытворчых цэхаў. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Скрыпко пазнаёміў журналістаў з новымі накірункамі работы, з асартыментам прадукцыі, зрабіўшы акцэнты на тым, што мясакамбінат – адметнае ў Рэспубліцы Беларусь перапрацоўчае прадпрыемства, якое вытрымала ўсе стандарты для таго, каб спецыялізавацца на выпуску дзіцячага харчавання для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Новыя праекты ажыццяўляюцца пры ўдзеле Рэспубліканскага інстытута мяса-малочнай прамысловасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» прадэманстравала прадстаўнікам прэсы работу рабатызаванай малочнатаварнай фермы «Ячнае», надой на адну карову на якой склаў за мінулы год амаль восем тысяч кілаграмаў малака. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць забяспечыць высокую якасць малака – 98 працэнтаў яго адпраўляецца спажыўцам класам «экстра». Ферма забяспечвае высокія паказчыкі па надоях малака – на сучасны момант яны складаюць у сярэднім 23 кілаграмы на адну карову. Дырэктар прыватнага прадпрыемства Сяргей Савіцкі зрабіў акцэнты на тым, што новае рабатызаванае даільнае абсталяванне ўстаноўлена на старой ферме, якую адрамантавалі. Гэта сэканоміла вялікія фінансавыя сродкі: за два гады пакрыты затраты на мадэрнізацыю, і прадпрыемства працуе ўжо на сябе. Удзельнікам прэс-тура быў паказаны працэс прыгатавання кармасумесі для кармлення буйной рагатай жывёлы на МТФ «Заямнае» ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», дзе таксама прыменены інавацыйныя падыходы.

Вялікі інтарэс уяўляла наведванне адкрытага акцыянернага таварыства «Сула плюс». Яно мае дачыненне да вядомай фермерскай гаспадаркі  «Сула». Як расказаў кіраўнік Уладзімір Радзевіч, фермерская гаспадарка пайшла далей у сваім развіцці – цяпер гэта не толькі вырошчванне бульбы элітных сартоў па новых тэхналогіях. З укладаннем беларускіх і замежных інвестыцый працуе свайго роду лагістычны цэнтр з перапрацоўкай прадукцыі для адпраўкі спажыўцам за мяжу. Запланавана будаўніцтва  сховішча на 20 тысяч тон бульбы з сучаснымі тэхналогіямі, якія дазволяць праводзіць глыбокую перапрацоўку бульбы.

На Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінаце галоўны эканаміст Алена Бузоўская пазнаёміла ўдзельнікаў прэс-тура з новымі відамі прадукцыі – усяго ў асартыменце больш за 200 найменняў каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў, кансерваў і паштэтаў, многія з якіх былі прадстаўлены на выставе. Адметнасцю мінулага  года для раёна стала тое, што Стаўбцоўскі мясакамбінат, які быў філіялам Мінскага мясакамбіната, пры намаганнях раённай улады з падтрымкай аблвыканкама стаў самастойнай юрыдычнай структурай і атрымаў статус мясакансервавага камбіната. Такая рэарганізацыя не замарудзіла даць важкі плён – па выніках работы за мінулы год у аб’ёме ўсёй прадукцыі прамысловасці раёна ўклад мясакансервавага камбіната склаў больш за 50 працэнтаў. Плануецца будаўніцтва новага цэха для выпуску сыравяленых і сыравэнджаных вырабаў, з уводам якога звязваюцца новыя поспехі і перспектывы.

На Навасвежанскім лесазаводзе дырэктар Васіль Дзейчык меў задачу данесці журналістам вынікі вытворчай дзейнасці прадпрыемства пасля мадэрнізацыі завода – рэканструкцыі лесапільна-дрэваапрацоўчага цэха з выкарыстаннем круглапільнага і фрэзерна-брусуючага абсталявання з перапрацоўкай 80 тысяч кубаметраў піловачніку ў год. Аб’ёмы таварнай прадукцыі завода пасля мадэрнізацыі значна павялічыліся – за 2015 год у дзеючых цэнах яны склалі 45,5 мільярда рублёў, гэта 121 працэнт да ўзроўню мінулага года. Прадукцыя, пастаўленая на экспарт, склала 55 працэнтаў ад выпушчанага аб’ёму. На гэтым прадрыемстве таксама ёсць планы – будаўніцтва цэха па вытворчасці пелетаў.

Заключным адрасам прэс-тура стала наведванне аграсядзібы «Мельница» ў Новым Свержані, дзе журналісты маглі даведацца аб развіцці агратурызму на Стаўбцоўшчыне. Свае сілы, творчасць, старанні, ініцыятывы ўклалі ў рэканструкцыю навасвержанскага старадаўняга  млына Леанід і Ала Гальперыны.

Як зрабіў акцэнт Юрый Горлаў, з падтрымкай раённай выканаўчай улады ў раёне паспяхова развіваюцца прадпрыемствы рознай формы ўласнасці, як дзяржаўныя, так і прыватныя, наведаўшы якія, журналісты маглі самі ў гэтым пераканацца.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: дырэктар Навасвержанскага лесазавода Васіль Дзейчык, начальнік цэха дрэваапрацоўкі Віктар Жукоўскі і старшыня райвыканкама Юрый Горлаў; дырэктар ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Сяргей Савіцкі знаёміць удзельнікаў прэс-тура з вытворчасцю;  на Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінаце аб новых відах прадукцыі расказвае Алена Бузоўская; вытворчы працэс на мясакамбінаце СЗАТ «Агракамбінат «Колас»; вытворчая лінія адкрытага акцыянернага таварыства «Сула плюс»; вучаніцы Дзераўнянскай СШ праводзяць экскурсію ў музеі «Літаратурная Стаўбцоўшчына»; аграсядзіба «Мельница».

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *