Зенітчык з Балтыйскага флоту

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

19-02-2016-1

Халодная студзеньска-лютаўская пара, з якой пачынаецца кожны новы год, – асабліва хвалюючая для жыхара Казеек Барыса Усачова. Душу апякаюць успаміны маладосці, сэрца шчыміць незагойнай ваеннай ранай… У лютым адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны – вялікае свята для яго, франтавога марака, які стаў на абарону Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а студзень закранае яго не менш памятным днём, пераломным у гісторыі Вялікай Айчыннай, звязаным са зняццем блакады Ленінграда…

Барыс Усачоў быў прызваны ў армію ў жніўні 1942-га. Трапіў на Балтыйскі флот. Быў зенітчыкам, ахоўваў крэйсер. Самы цяжкі перыяд – вызваленне блакаднага Ленінграда… Гэтыя карціны на мяжы жыцця і смерці стаяць перад вачамі і праз многія дзясяткі гадоў…

За мужнасць і адвагу Барыс Міхайлавіч быў узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда». На яго грудзях красуюцца і іншыя баявыя ўзнагароды –  ордэн Айчыннай вайны, медаль «За перамогу над Германіяй». Пасля зняцця блакады іх, маракоў, адазвалі ў Фінляндыю. Паўсюдна Бог яго ахоўваў – была толькі лёгкая кантузія.

Пасля вайны Барыс Міхайлавіч плаваў на грамадзянскім флоце, працаваў на электрастанцыі, за што і заслужыў званне заслужанага энергетыка.

Лёс яго багаты на крутыя павароты і перамены. Вось і ў свае 90 ён, прыроджаны туляк, не пабаяўся змяніць месца жыхарства  – пераехаў з Расіі ў Беларусь. У яго да Беларусі – асабліва цёплыя пачуцці. Тут 9 Мая 2014 года збылася яго даўняя мара – ён пабываў на святочным парадзе ў Мінску. Раённая ветэранская арганізацыя ўручыла яму юбілейны медаль у гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Бацька разам з сынам Уладзімірам, былым кадравым ваенным, набылі ў вёсцы Казейкі дом. Жывуць дружна, сын глядзіць  бацьку і наладжвае ў доме побыт, які нічым не адрозніваецца ад гарадскога.

У вачах Барыса Міхайлавіча свецяцца спакой і радасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, які будзе  мірным і шчаслівым. Ветэраны заплацілі за гэта дарагую цану.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *